Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі 40 былых палітычных зняволеных
Беларуская асацыяцыя журналістаў далучылася да сумеснай заявы праваабарончых арганізацый Беларусі з патрабаваннем поўнай рэабілітацыі 40 чалавек, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў.

Фотa: Sergei Bobylev/TASS/dpa/picture alliance
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю аб крымінальным пераследзе ўладамі Беларусі іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных па так званых «экстрэмісцкіх» артыкулах Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:
- гарантаваная свабода мірных сходаў і асацыяцый; таксама кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання: гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк ці мастацкія формы выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар;
- у сферу ўжывання гэтага пункта ўключана нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць толькі пад абмежаванні, устаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.
Тым не менш, калі дзяржава-ўдзельніца Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах вызначае абмежаванні на ажыццяўленне правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права.
Аднак улады Беларусі адвольна бралі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследваць у крымінальным і адміністрацыйным парадку за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса: за абразу А. Лукашэнкі, суддзяў, службовых асоб, паклёп на А. Лукашэнку; за здзек з дзяржаўных сімвалаў, хуліганства і вандалізм, за ўдзел у гэтак званых “групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, а фактычна – за мірны вулічны пратэст, за падтрымку пратэстных ініцыятыў, распаўсюд інфармацыі, антываенны мірны пратэст ды інш. Пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні фігурантаў такіх справаў палітычнымі зняволенымі.
Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дагаворамі, працягваюць адвольна пераследаваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, пазбаўляючы іх правоў унясеннем у спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў.
Праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі многія з тых, хто пратэставаў, і іншадумцаў у той час, калі тыя былі пазбаўлены волі, і сабраны звесткі аб асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту або хатняга арышту.
У адпаведнасці з прынятай праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленне волі было прыменена выключна з‑за яго палітычных, рэлігійных ці іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было прыменена выключна з‑за негвалтоўнай дзейнасці, скіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было прыменена выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча або іншым прыкметам або зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб’яднанымі.
Асуджаныя і ўзятыя пад варту выключна за выказванне меркавання без прыкметаў прамых заклікаў да гвалту або несімвалічнага знішчэння маёмасці, не звязанае з несімвалічным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў мэтах выказвання меркавання, за распаўсюд інфармацыі, а таксама за ўдзел у мірных сходах у поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх свабоды. Іх вызваленне з‑пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прыгавораў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.
Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказванні меркаванняў і свабоды сходаў былі пазбаўлены волі: узяты пад варту, хатні арышт, асуджаныя да працяглага адміністрацыйнага арышту, да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызвалены без рэабілітацыі і пакрыцця прычыненай шкоды: Агеевец Уладзімір, Аляшкевіч Руслан, Аўчынка Дзмітрый, Баразна Павел, Бардухай Карына, Бачкоўскі Вадзім, Быстроў Віталь, Васільева Ангеліна, Галімская Яна, Ганчароў Максім, Губанаў Раман, Давідовіч Максім, Дзянісаў Дзмітрый, Дрозд Дзмітрый, Жук Ігар, Кавальчук Павел, Канаплёў Юрый, Кашапава Сяргей, Крыцкі Ягор, Курко Яраслаў, Лагуновіч Максім, Леанавіч Аляксандр, Маджуга Антон, Максімук Дзмітрый, Мальцаў Ігар, Мандрык Яўген, Пакаташкін Яўген, Пашкевіч Аляксей, Пракопчык Яўген, Саўранчук Максім, Селязнёў Андрэй, Сіротка Сяргей, Смалюга Ілля, Смярчынская Аліна, Стралкоўскі Яўген, Сцепанюк Яўген, Фёдарава Лідзія, Чарнагрэбель Руслан, Чыжэўскі Мікіта, Чэбанік Дзмітрый.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, агрэсіі РФ у адносінах да Украіны і іншых грамадска значных падзей.
У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага перагляду законнасці іх утрымання пад вартай і ў зняволенні, іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з пакрыццём усіх відаў шкоды, прычыненай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі Хельсінкскі камітэт.
@bajmedia