«Беларусь цябе любіць». Рэпартаж з развітання з Мікітам Мелказёравым
30 снежня ў Варшаве развіталіся з самым вядомым беларускім інтэрв’юерам, аўтарам ютуб-канала «Жыццё-маліна» Мікітай Мелказёравым. Развітанне сабрала некалькі соцень людзей.

Развітанне з Мікітам Мелказёравым. 30 снежня 2021 года. Фота: LookByMedia
Яшчэ за паўгадзіны да пачатку каля развітальнага дому пачынаюць патроху збірацца людзі розных узростаў. Хтосьці прыходзіць пешшу, хтосьці пад’язджае на машыне ці таксі.



У залу спачатку пускаюць толькі самых блізкіх Мікіты, астатнія чакаюць на вуліцы. У марозны дзень каля ўваходу зладзілі кропку з гарачай гарбатай. Тут жа, між сабой, адна з групак ціха заўважае: «Добра, што сабраліся такой кампаніяй… але ж такая нагода».

Каля натоўпу павольна праязджаюць чорныя аўто рытуальнай службы. Хтосьці з чаргі кажа ціха: «З’ехалі ўжо некалькі гадоў таму, але дагэтуль робіцца не па сабе ад чорных танаваных бусаў».
Бліжэй да 12‑й — вызначанага часу развітання — людзей становіцца значна больш. Падыходзяць палітыкі, блогеры, акцёры, спевакі, журналісты і звычайныя беларусы, якія прыйшлі развітацца з Мікітам. У чарзе можна заўважыць палітыка Паўла Латушку, Дзяніса Тарасенку з гурта «Разбітае сэрца пацана», лідара «J:Морс» Улазіміра Пугача, блогера Івана Пруса, журналістку Насту Рагатко, дарадцу Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, журналіста Аляксея Дзікавіцкага, нядаўна вызваленага адваката Максіма Знака, пісьменніка Сашу Філіпенку, гурт Навібэнд. У большасці — кветкі, пераважна белыя і чырвоныя. Блізкія загадзя папрасілі прыносіць толькі жывыя кветкі.



Перадалі вянок і ад Святланы Ціханоўскай. «Беларусь цябе любіць» — напісана на ім.

Людзі вітаюцца паміж сабой, часта як старыя знаёмыя: паціскаюць рукі, абдымаюцца, падбадзёрліва пляскаюць па спіне. Хтосьці хавае твар — ці то ад халоднага ветру, ці ад жадання застацца незаўважным.
Роўна а 12:00 у залу, дзе да гэтага часу знаходзіліся толькі блізкія, пачынаюць пускаць людзей з вуліцы. Унутры стаіць цішыня. Чутныя толькі ўздыхі і ціхі, амаль глухі плач тых, хто сядзіць бліжэй да труны.
У зале пахне ладанам. Труна простая, драўляная. На целе — белыя і чырвоныя ружы. Прысутных просяць класці свае кветкі не ў труну, а проста на падлогу. За труной на праектары змяняюцца фотаздымкі з асабістага архіва: сямейныя імгненні, кадры з працы, фрагменты з відэа. На фоне гучыць любімая музыка Мікіты, лірычная песня «Minor Earth Major Sky», гурту a‑ha, і больш цяжкая «Down with the sickness» гурту Tetra.
Паступова людзей становіцца ўсё больш. Усяго развітацца прыходзяць каля 200—300 чалавек. Тых, хто ўжо развітаўся, просяць выходзіць з залы — месца не хапае. Чарга расцягваецца амаль на 50 метраў і выходзіць за межы пляцоўкі каля развітальнага дому: частка людзей стаіць ужо на пад’езднай дарозе, таму паліцыя кантралюе чаргу і сачыць за рухам.



Час ад часу хтосьці з блізкіх ледзь стрымлівае слёзы. Пры гэтым адчуваецца, што нават людзі, якія раней не былі знаёмыя, імкнуцца падтрымліваць адно аднаго. Абдымкаў было больш, чым слоў.
Сярод тых, хто прыйшоў развітацца, — сябры і калегі Мікіты. Журналіст Барыс Гарэцкі, які гуляў разам з ім у футбольнай камандзе Беларускай асацыяцыі журналістаў, узгадвае Мікіту як чалавека бескампраміснага. «Шмат хто з журналістаў і публічных людзей з’яўляецца прафесійна беларускамоўным — працуе па-беларуску, а дома пераключаецца на іншую мову. Мікіта быў беларускамоўны не прафесійна. Ён проста вырашыў жыць па-беларуску — і перайшоў цалкам на беларускую ва ўсім», — кажа ён.
Паводле Гарэцкага, гэта адчувалася і на футбольным полі. «Мікіта ўмеў выцягваць нават з немагчымых сітуацый. Ён ніколі не прыязджаў проста пагуляць. Нават у таварыскім журналісцкім футболе ён заўсёды прыязджаў змагацца і перамагаць. Гэта яго стыль жыцця — быць сапраўдным».

Павел Латушка падкрэслівае: Мікіта быў неабыякавым чалавекам.
«Мікіта быў асобай ці ў справах глабальных, ці ў справах людзскіх. Я, канешне, сёння схіляю галаву перад яго пераходам на беларускасць. Чалавек шчаслівы імгненнямі, і я меў гонар імгненне размаўляць з ім. На жаль, толькі імгненне. Я ўпэўненны што яго зорка ўжо на небасхіле Вольнай Беларусі».

Пра Мікіту як пра «свайго» чалавека гавораць і тыя, хто ведаў яго толькі праз экран. Фемактывістка Наста Базар узгадвае, што па-за камерай ён быў жывым і вельмі шчырым. Яе ўразіла, як пяшчотна і цёпла ён расказваў пра сваю жонку, сабаку і сям’ю. «Я нават не магу сказаць «быў» — ён ёсць. Фраза «Мяне па-ранейшаму завуць Мікіта Мелказёраў», здаецца, застанецца з намі назаўсёды», — кажа яна.
Падобнае адчуванне агучваюць і глядачы ягоных ютуб-праектаў. Адна з дзяўчын прызнаецца, што ў дзень развітання ёй здаецца, нібыта пайшоў вельмі блізкі чалавек. «Я кожную суботу чакала яго інтэрв’ю і праграмы — «Загляне Сонца», «Нешта будзе». Я магу назваць Мікіту сваім сябрам», — кажа яна і перадае словы спачування ягоным блізкім.





Варшаўская пракуратура праводзіць расследаванне паводле артыкула аб ненаўмысным забойстве. Яго вынікі будуць вядомыя цягам некалькіх месяцаў ад даты смерці. Цела Мікіты крэміруюць.
У дзень, калі адбывалася развітанне, у варшаўскім, звычайна хмарным небе раптам з’явілася сонца. Яго промні час ад часу заглядалі ў акенцы развітальнага дома.
@bajmedia