Медыярэальнасць на замову: як Telegram фармуе палітычныя сэнсы ў Беларусі
У гэтым аналізе магістарка псіхалогіі і культуралогіі, выпускніца CNI Women Fellowship Вікторыя Клімовіч робіць спробу пайсці на крок далей за звыклыя маніторынгі беларускай прапаганды і прасачыць, якія механізмы ўдзеяння на аўдыторыю выкарыстоўваюцца беларускай прапагандай.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Як праводзіўся аналіз?
Telegram працягвае заставацца важнай лічбавай пляцоўкай для прапаганды беларускага рэжыму: дадаюцца новыя каналы, з’яўляюцца новыя дзяржаўныя блогеры, колькасць пастоў і абшар тэмаў расце. Дагэтуль зразумець уплыў іх працы на аўдыторыю — складаная задача. Аднак счытаць сістэму каштоўнасцяў і аргументы, якія прадаюць аўдыторыі прапагандысты, цалкам магчыма.
Каб зразумець, якія механізмы ўдзеяння на аўдыторыю абірае беларуская і расійская прапаганда, былі абраныя два беларускія дзяржаўныя каналы, «Пул Первого», «СБ. Беларусь сегодня», і два расійскія прапагандысцкія каналы — «Sputnik Беларусь» и «СОЛОВЬЁВ».
Аналіз ахоплівае перыяд студзень 2021 — снежань 2022. Адабраныя публікацыі ў 4 каналах аналізаваліся сістэматычна тры разы на тыдзень (панядзелак, серада, пятніца). Выніковы корпус склаў каля 27 500 паведамленняў.
На першым этапе ўжываўся семантычны аналіз. Тэмы вызначаліся на аснове частаты згадак і ўстойлівасці фармулёвак. На наступных этапах выкарыстоўваліся структурны і рытарычны аналіз. Апошні этап аналізу быў прысвечаны ацэнцы меркаваных эфектаў паведамленняў: якія думкі, эмоцыі, групавыя ўяўленні і магчымыя рэакцыі той ці іншы пост можа фармаваць у аўдыторыі.
Барацьба з унутраным ворагам і захаванне легітымацыі
У 2021 годзе позва Telegram-каналаў была пераважна ўнутранай. Найбольшую долю займалі паведамленні, звязаныя з пратэстамі, унутранымі пагрозамі, стабільнасцю і легітымацыяй улады. Тэматычнае размеркаванне публікацый у гэты перыяд паказвае на канцэнтрацыю ўвагі на выяве «унутранага ворага» і неабходнасці аднаўлення парадку.
Такая структура паведамленняў найперш характэрна для беларускіх праўладных Telegram‑каналаў, для якіх важна прадставіць рэпрэсіўныя меры як вымушаны і апраўданы спосаб захаваць стабільнасць. У гэтай логіцы пратэсты інтэрпрэтаваліся не як форма палітычнай нязгоды, а як пагроза дзяржаве і грамадскаму парадку. Расійскія каналы праігравалі падобную рамку, аднак убудоўвалі яе пераважна ў шырэйшы геапалітычны наратыў, уяўляючы пратэсты як частку вонкавага ўмяшання і «каляровых рэвалюцый».
У 2022 годзе тэматычная структура аналізаваных паведамленняў прыкметна змянілася. Цэнтральнае месца занялі знешнепалітычныя сюжэты — поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, роля Захаду, пытанні бяспекі і інтэграцыі з Расіяй. Павялічваецца доля паведамленняў, у якіх Захад прадстаўлены як крыніца пагрозы, а дзеянні Расіі ва Украіне — як вымушаны адказ.

У 2022 годзе беларускія дзяржаўныя медыі пачалі маштабна рэтрансляваць расійскія наратывы.
Некаторыя даследаванні паказваюць, што беларускую аўдыторыю адначасова ахопліваюць дзве сістэмы прапаганды — расійская і беларуская дзяржаўная, прычым расейская сістэмна прысутнічае ў розных відах медыя.
Гэта ўзмацняе такія наратывы як: «Захад як вораг», «Украіна як крыніца нестабільнасці», «Бяспека», «Інтэграцыя з Расіяй», што бачна з дынамікі размеркавання тэм.
Наратыўныя рамкі прапаганды
Аналіз наратыўных рамак паказвае, што ў 2021 годзе дамінавалі наратывы стабільнасці/парадку і пагрозы/ворага. Аналіз разгляданых Telegram-пастоў паказвае, што большая частка паведамленняў (73–75%) пабудавана па мадэлі двухкрокавай схемы:
- Ствараецца негатыўная выява апанента або пагрозы.
- Прапануецца пазітыўная альтэрнатыва ў асобе ўлады ці саюзнікаў.
Такая структура паведамленняў зніжае верагоднасць крытычнага аналізу і робіць інтэрпрэтацыі прадказальнымі.
У 2022 годзе сітуацыя змяняецца: узмацняюцца наратывы «замежнага сабатажу», «знешняй пагрозы» і «непазбежнай перамогі». На малюнку ніжэй відаць, што ўзрастае доля паведамленняў, у якіх вайна і міжнародная палітыка становяцца вызначальнымі рамкамі інтэрпрэтацыі. Фармуецца вобраз «асаджанай крэпасці», а таксама міфалогія «беларуска-расійскага брацтва», які служыць апраўданнем падтрымкі расейскіх ваенных дзеянняў ва Украіне.

Аналізуемыя пасты адрозніваюцца кароткімі фразамі, паўтаранасцю ключавых слоў, эмацыйнымі формуламі і спрошчанай логікай.
Пры гэтым на канале Салаўёва назіраецца высокі працэнт перапостаў: больш за 50% кантэнту ўключае рэпосты, прамыя перасылкі, кліпы, цытаты афіцыйных асоб, што можа ўзмацняць эфект «калектыўнага меркавання», гэта значыць адчуванне, што пэўная пазіцыя падзяляецца многімі і таму з’яўляецца дамінуючай.
Рытарычныя прыёмы: як ствараецца эмацыйны эфект
На падставе папярэдніх даследаванняў у камунікацыі і медыя можна выдзеліць чатыры асноўныя групы рытарычных метадаў уплыву на аўдыторыю:
- Эмацыйныя апеляцыі — страх, абурэнне, гонар, спачуванне.
- Канструяванне вобразаў — дэманізацыя апазіцыі, ідэалізацыя ўлады.
- Маніпулятыўныя стратэгіі — ілжывыя сувязі, перабольшанні, абясцэньванне альтэрнатыўных пунктаў гледжання.
- Структурныя і стылістычныя прыёмы — паўторы, клішэ, клічнікі.
Адрозненні ў размеркаванні рытарычных прыёмаў паміж каналамі адлюстроўваюць іх функцыянальную спецыялізацыю ў рамках адзінай медыйнай экасістэмы. Як бачна з малюнка ніжэй, беларускія прапагандысты робяць акцэнт на канструяванні легітымнасці і нарматыўнага парадку, а расійскія каналы — узмацняюць эмацыйнае ўздзеянне і палярызацыю маніпулятыўнымі дзеяннямі.

Большая частка прааналізаваных пастоў пабудавана на спалучэнні эмацыйнага ціску, супрацьпастаўлення груп, дыскрэдытацыі, абсалютызацыі і пазітыўнага самаапісання, што з’яўляецца тыповым наборам стратэгій палітычнай прапагандысцкай рыторыкі. Тэксты да пастоў, як правіла, не аргументуюць пазіцыю фактамі, а ўздзейнічаюць перш за ўсё праз эмоцыі, ацэначныя цэтлікі і бінарныя апазіцыі.
Меркаваныя эфекты ўздзеяння
Кожны пост мае свой меркаваны эфект. Гэта можа быць спрыянне пасіўнасці, вяртанне да нармальнага жыцця, прыняцце аўтарытэту або проста стварэнне загадзя сфармаваных мадэляў. Тым не менш іх можна катэгарызаваць, і, такім чынам, перайсці ад інтэрпрэтацыі асобных выпадкаў да структурных заканамернасцяў.
На этапе аналізу распаўсюджанасці індыкатараў рэфлексіўнага кантролю важна разумець, што сам рэфлексіўны кантроль у першую чаргу не накіраваны на змену асобных меркаванняў. Яго мэта — перабудаваць кагнітыўнае асяроддзе, у якім прымаюцца рашэнні. Таму чаканыя эфекты ад прааналізаваных паведамленняў можна згрупаваць у пяць асноўных катэгорый:
- Кагнітыўныя эфекты (фарміраванне ўстойлівых інтэрпрэтацый);
- Эмацыйныя эфекты (стварэнне эмацыйнага фону, які падтрымлівае патрэбнае ўспрыманне);
- Эфекты ідэнтычнасці (кансалідацыя ўнутры/ па-за групай, падзел на «сваіх» і «чужых»);
- Паводніцкія эфекты (ускосны ўплыў на прыняцце рашэнняў);
- Стратэгічныя/ сістэмныя эфекты (умацаванне доўгатэрміновай лаяльнасці сістэме).
Кожная публікацыя аналізавалася з пункту гледжання які эфект яна, верагодна, стварае ў аўдыторыі. Графік ніжэй візуальна паказвае, якія тыпы меркаваных эфектаў найболей характэрны для кожнага канала, і дазваляе параўноўваць каналы паміж сабой.

Па ўсіх прааналізаваных Telegram-каналах вылучаюцца дзве катэгорыі: кагнітыўныя эфекты і ідэнтыфікацыйныя эфекты. Такое размеркаванне мяркуе, што рэфлексіўны кантроль дзейнічае ў першую чаргу на ўзроўні перцэпцыйнага структуравання і фармаванні ідэнтычнасці, ствараючы як інтэрпрэтацыю падзей, так і межы калектыўнай прыналежнасці. Эмацыйныя эфекты не дамінуюць паўсюдна — яны стратэгічна сканцэнтраваны галоўным чынам на канале «СОЛОВЬЁВ», які дэманструе найбольшую долю эмацыйна афарбаваных паведамленняў, тады як астатнія каналы выкарыстоўваюць эмоцыі значна больш умерана.
У беларускіх каналах эмоцыі кантралююцца і падтрымліваюцца, у той час як на канале «СОЛОВЬЁВ» эмоцыі яскрава выражаныя, для большай эскалацыі і мабілізацыі.
Адносна нізкая і стабільная прысутнасць паводніцкіх эфектаў можа паказваць на тое, што рэфлексіўны кантроль функцыянуе не столькі з дапамогай відавочных паводніцкіх прадпісанняў, колькі праз ускоснае фарміраванне кагнітыўнага асяроддзя, у якім прымаюцца рашэнні.
Стратэгічныя / сістэмныя эфекты найбольш прадстаўлены ў «СБ. Беларусь сегодня», што можа сведчыць аб доўгатэрміновай легітымнасці і падтрыманні сістэмы. На канале «СОЛОВЬЁВ» фіксуецца зваротнае — прадугледжваецца кароткатэрміновая эмацыйная мабілізацыя, а не сістэмабудаўніцтва.
Медыйны вобраз Беларусі за мяжой: маніторынг замежных СМІ за 2025 год
У выніку прапаганысцкая медыяпрастора функцыянуе не як нейтральны паток інфармацыі, а як асяроддзе доўгатэрміновага ўплыву, у якім пэўныя палітычныя ацэнкі пачынаюць успрымацца як натуральныя і адзіна магчымыя. Паўтарэнне адных і тых жа інтэрпрэтацый, эмацыйная палярызацыя і структураваная падача кантэнту фарміруюць у аўдыторыі прадказальнае ўспрыманне палітычнай рэальнасці.
@bajmedia