«Гэты крок беларускіх уладаў крыміналізуе незалежную журналістыку». ВВС адрэагавала на прызнанне свайго сайта «экстрэмісцкім»
Медыякарпарацыя ВВС заявіла, што адхіляе абвінавачанні беларускіх уладаў у «экстрэмізме».

Прэс-служба брытанскай медыякарпарацыі ВВС распаўсюдзіла заяву з нагоды ўключэння матэрыялаў інтэрнэт-партала выдання ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў РБ.
«Мы адхіляем гэты крок беларускіх уладаў, які закліканы крыміналізаваць нашу незалежную журналістыку», — гаворыцца ў заяве.
ВВС падкрэслівае, што «глыбока занепакоеныя тымі наступствамі, якія ўключэнне Рускай службы ВВС ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў можа мець для сотняў тысяч жыхароў Беларусі, якія кожны тыдзень звяртаюцца да ВВС у пошуках так неабходнай ім дакладнай і бесстаронняй інфармацыі».
У карпарацыі заявілі, што, нягледзячы на дзеянні беларускіх уладаў, медыя застаецца адданым сваёй аўдыторыі ў Беларусі.
Аб тым, што суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт інтэрнэт-партала карпарацыі ВВС стала вядома 30 сакавіка 2026 года.
У адпаведны спіс Міністэрства інфармацыі ўключаны сайт «BBC News Руская служба», пры гэтым у якасці ідэнтыфікатара ў пераліку пазначаны галаўны партал медыя bbc.com.
Як паведаміў Рускай службе ВВС кіраўнік прававога цэнтра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў, пад адміністрацыйную адказнасць можа падпадаць як кантэнт Рускай службы ВВС, так і ўвесь кантэнт сайта bbc.com, гэта значыць усёй Брытанскай вяшчальнай карпарацыі.
@bajmedia