• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта не памілаванне. Гэта катаванне, знятае для прайм-тайму». Ірына Сідорская — пра рэпартаж аб вызваленні Наталлі Левай

    Экспертка па медыя і камунікацыях Ірына Сідорская пракаментавала сюжэт Першага інфармацыйнага каналу з кадрамі вызвалення палітзняволенай Наталлі Левай.

    Ірына Сідорская — пра рэпартаж аб вызваленні Наталлі Левай

    Скрыншот: ПЦ Вясна

    Кадры з памілаванай палітзняволенай Наталляй Левай 19 лютага паказаў Першы інфармацыйны канал. Сюжэт знялі ў папраўчай калоніі ў Гомелі, куды па цяжарную жанчыну прыехалі яе маці і муж. Карэспандэнтка Анастасія Бенідзісюк наўпрост абвінаваціла зняволеную ў тым, які лёс мог напаткаць яе дзіця. У калоніі Наталля, як расказала раней былая палітзняволеная, экс-рэдактарка Tut.by Марына Золатава, зацяжарыла пасля спаткання з мужам. Жанчыну асудзілі на 6 гадоў зняволення за данаты.

    «Гэта не памілаванне. Гэта катаванне, знятае для прайм-тайму, — выказвае свае меркаванне Ірына Сідорская ва ўласным тэлеграм-канале «Убок ад мэйнстрыму».  —

    Цяжарную жанчыну, якой нараджаць у наступным месяцы, выводзяць у калоніі перад камерамі. Намеснік міністра задае пытанні. Маці просіць. Жанчына павінна адказаць “правільна”.

    Гэта называюць гуманізмам. Але гэта — катаванне.

    Чаму?

    Катаванне — гэта не толькі фізічны боль.

    Гэта:

    • прымус да публічнага пакаяння;
    • абяцанне “заниматься семьей” як умова свабоды;
    • пагроза вяртання ў калонію;
    • абвінавачванне маці ў лёсе яе ненароджанага дзіцяці.

    У сюжэце прама гучыць: яна “сама обрекла ребенка”. Гэта ключавая формула. Сістэма карае — і прымушае ахвяру прызнаць, што яна сама вінаватая.

    Гэта і ёсць гвалт — калі адказнасць за рэпрэсіі перакладаюць на ахвяру.

    Пра тых, хто гэта робіць

    Каб такі рэпартаж выйшаў у эфір, нехта:

    • вырашыў вывесці цяжарную перад камерай;
    • напісаў сцэнар з пакаяннем;
    • уключыў у яго маці, слёзы і “дзякуй”;
    • назваў гэта “асабістым удзелам кіраўніка ў лёсе грамадзянкі”.

    Гэта не памылка. Гэта было зроблена наўмысна. Годнасць жанчыны тут — тое, што ўладу ўвогуле не цікавіць.

    Пра «журналістыку»

    Рэпартаж пазбаўлены не толькі прафесіных стандартаў. У ім няма мінімальнай чалавечай эмпатыі ці павагі да будучай маці і яе сям’і. Гэта не журналістыка.

    Гэта саўдзел у псіхалагічным гвалце.

    І самае страшнае — не жорсткасць. Самае страшнае — што гэта робіцца спакойна, з усмешкай, з фразамі пра “важен человек”.

    Калі цяжарную можна выкарыстаць як доказ гуманізму — гэта не пра міласэрнасць. Гэта пра сістэму, якой мала пазбавіць волі. Ёй трэба яшчэ пазбавіць годнасці — і паказаць гэта на ўсю краіну».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.