• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Меркіс: Міфаў пра Беларусь у краінах Паўночнай Еўропы хапае, але бачу і ўцягнутасць у беларускі кантэкст

    Журналіст і былы палітзняволены Яўген Меркіс узяў удзел у серыі сустрэч, зладжаных «Рэпарцёрамі без межаў» і праваабарончымі арганізацыямі Фінляндыі і Швецыі. Гомельскі журналіст і краязнаўца апынуўся ў віры медыйных мерапрыемстваў, што трывалі цягам гэтага тыдня.

    ўген Меркіс на другі дзень пасля вызвалення

    Яўген Меркіс на другі дзень пасля вызвалення. Фота: Андрэй Павук

    Як усё пачалося

    «Так атрымалася, што ў 2020 годзе, калі ў Беларусі пачаліся масавыя акцыі пратэстаў, нашыя фінскія калегі аказалі нам вялікую дапамогу. Журналістка Інгрыд Сванфельд, якая ведала беларускую калегу Ларысу Шчыракову яшчэ раней, бо Ларыса ў свой час наведвала медыйныя мерапрыемствы ў паўночных краінах, падчас падзей 2020-га арганізавала з намі штотыднёвыя сазвоны.

    Спачатку яны рабіліся, канешне, з мэтай як мага больш даведацца пра тое, што ў нас адбываецца, да сазвонаў прыцягваліся калегі з Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, а мы з Ларысай распавядалі пра надзённае, — згадвае ў гутарцы з БАЖ Яўген Меркіс. — Традыцыя працягнулася, пераўтварыўшыся пазней у такую вось форму падтрымкі, у праяву салідарнасці. То-бок раз на тыдзень мы маглі размаўляць з фінскай каляжанкай, дзяліцца думкамі і навінамі. Гэта перарасло ўжо ў сяброўства».

    Да снежня 2025-га Яўген Меркіс не бачыўся з Інгрыд нажыва, «але ўзімку, калі нас ужо вызвалілі, яна прыляцела ў Вільню, каб пабачыцца з Ларысай і са мной».

    Яўген Меркіс і Інгрыд Сванфельд у Вільні зімой 2025 года. Фота: асабісты архіў

    Што за сустрэчы?  

    Інгрыд Сванфельд арганізавала гэту серыю сустрэч і размоў, на якіх Яўген Меркіс меў магчымасць выступаць перад вельмі вялікай і разнастайнай аўдыторыяй.

    «Гэта інстытуцыі, універсітэты, журналісцкія саюзы і аб’яднанні. Гаварылі пра тое, што адбываецца ў Беларусі зараз, што адбывалася раней і як беларускім медыя можна дапамагчы, — распавёў Яўген. — Безумоўна, Інгрыд не адна гэта рабіла, да працэсу далучыліся самыя розныя інстытуцыі, Інгрыд выступіла такім менеджарам усяго гэтага, планавала графік выступаў і сустрэч».

    Фінская журналістка: Беларуская гісторыя стала для мяне вельмі асабістай

    Серыя сустрэч трывала тыдзень, сярод удзельнікаў такія медыя як фінскі тэлеканал Yle Uutiset, ягоны філіял для шведскамоўнай аўдыторыі Sven­s­ka Yle, найбуйнейшы фінскі камерцыйны тэлеканал MTV uutiset, газета Voima lehti.

    Інстытуцыі прадстаўлялі фінскі і шведскі філіялы міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», фінскі ПЭН-клуб, Саюз журналістаў Фінляндыі, Шведская школа сацыяльных навук і іншыя.

    Таксама бралі ўдзел Міністэрства замежных спраў Фінляндыі і арганізацыя «Беларусы ў Фінляндыі».

    Міфы і ўключанасць

    «Канешне, калі нават у нашых бліжэйшых суседзяў шмат міфаў і сваіх дзікіх уяўленняў пра тое, як жыве Беларусь і якая яна, то можна сабе ўявіць, што думаюць пра нас і што ведаюць пра нас у краінах Паўночнай Еўропы. Адпаведна, яны таксама часта не адрозніваюць Расію ад Беларусі. У іх існуе таксама гэта ўспрыманне, што Беларусь — нібыта ўжо страчаная тэрыторыя для Еўропы», — расказаў Яўген Меркіс.

    Яўген Меркіс

    Яўген Меркіс са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Паводле журналіста, даводзілася тлумачыць падчас івентаў, што «мы ўсё яшчэ не страчаная краіна, што вельмі важна нам дапамагаць».

    «Тут я прыводзіў прыклад 2020 года. Калі б нам тады, можа быць, трохі больш дапамаглі, і сітуацыя ў Беларусі змянілася, то, можа быць, Крэмль не распачаў бы і вайну ў 2022 годзе. Калі б іншыя краіны былі больш уцягнутымі ў беларускі кантэкст, спрабавалі змяніць сітуацыю, паўплываць, то, можа быць, і «Арэшнік» не стаяў бы зараз у краіне.

    Тлумачыў, што беларускае пытанне наўпрост уплывае на пытанне еўрапейскай бяспекі. Заўважаў, што дыстанцыя ад Хельсінкі да Мінска меншая, чым ад Мінска да Берліна, напрыклад. Краіна, якая не на іншым краі свету знаходзіцца. Тлумачыў, што важна быць уключанымі, дапамагаць, у тым ліку медыя, бо ад гэтага ўсе ў выніку выйграюць», — распавёў Яўген Меркіс.

    Былі пытанні кшталту: што такое жыць у аўтарытарнай краіне і быць журналістам: «Шчыра кажучы, замежнікі часта маюць вельмі-вельмі ружовыя, скажам так, уяўленні пра гэта. Маўляў, кепска, што цябе пасадзілі ў турму, але ж ты мог спакойна з усімі камунікаваць, перапісвацца? І вельмі цяжка ім патлумачыць, што такое абмежаванні і праблемы ў беларускай турме.

    Няпроста за абмежаваны прамежак часу патлумачыць усе цяжкасці працы незалежнага журналіста і цяжкасці, звязаныя з рэпрэсіямі. У людзей проста вочы павялічваюцца, яны не вераць, што такое можа быць рэальнасцю ў XXI стагоддзі».

    «Мы можам ужо самі шмат чаму навучыць і дапамагчы»  

    «Таксама спрабаваў данесці меседж пра тое, што насамрэч мы шмат чаму можам нават навучыць, дапамагчы нашым калегам з іншых краін.

    Мы зараз ужо звыкла ўмеем працаваць з прапагандысцкімі наратывамі, з нашай прапагандай беларускай і расійскай, мы яе ведаем. Мы больш аператыўна можам мяняць спосабы дастаўкі інфармацыі да нашых чытачоў у вельмі складаных умовах. Распавядаў на прыкладах з быцця беларускіх медыя сёння, — зазначыў Яўген Меркіс. — Распавёў замежнай аўдыторыі і пра нашыя сённяшнія медыйныя патрэбы, пра БАЖ у цэлым і журналістаў у прыватнасці. Спрабаваў прасоўваць беларускую тэматыку».

    Паводле журналіста, «водгук ёсць, уцягнутасць у беларускую сітуацыю бачыў», спадзяецца, што будуць звяртацца па нашых пытаннях.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.