«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: TikTok-акаўнт Кацярыны Ваданосавай, старонка ў Instagram гарачай лініі ПЦ «Вясна»
12 лістапада 2025 года Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна ад 11 лістапада 2025 года «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны TikTok-акаўнт пад назвай «kasiavadanosava» (ідэнтыфікатар tiktok.сom/@kasiavadanosava). А таксама і сам надпіс «kasiavadanosava». «Незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, наклейкі, значкі, элементы адзення, прадметы быту)», — так пазначана ў «экстрэмісцкім» рэестры на сайце Мінінфарма.
Кацярына Ваданосава — вядомая беларуская тэлевядоўца, аўтарка праграмы «Нітка Зорка. Майстэрня Кацярыны Ваданосавай», гістарычны і этнаграфічны рэканструктар, спявачка і музыка.
На сёння Кацярына жыве ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, з радзімы яна з’ехала з прычыны палітычна матываванага пераследу пасля пратэсных падзей супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Рашэннем суда Шаркоўшчынскага раёна Віцебскай вобласці ад 6 лістапада 2025 года «экстрэмісцкай» прызнаная старонка з назвай «viasnasos» у сацсетцы Instagram.
Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў гарачай лініі праваабарончай арганізацыі «Вясна», прызначаны для зваротаў па дапамогу ў выпадках парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
@bajmedia