• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калі б мне пакінулі выбар, я бы засталася ў Беларусі». Кацярына Андрэева — пра вызваленне і першыя дні на волі

    Журналістка «Белсату» і былая палітзняволеная Кацярына Андрэева дала сваё першае інтэрв’ю праграме «Раніца з Белсатам» пасля вызвалення. Паводле яе, чаканне гэтага моманту існавала з першага дня затрымання.

    Кацярына Андрэева — пра вызваленне і першыя дні на волі

    — Доступ да інфармацыі быў абежаваны, бо з большага мы атрымлівалі інфармацыю ад дзяржаўных тэлеканалаў. Але мы бачылі, што людзі вызваляюцца проста з калоніі. Таму асноўнай крыніцай быў наш асабісты досвед.

    Гэта кожны раз было вельмі эмацыйна і, канешне, была надзея. Але пры ўсім тым не было поўнага разумення, чаму гэта адбываецца і якім чынам. Мы проста бачылі, што людзі выходзяць. Гэта было вельмі кранальна і быў спадзеў, што нас магчыма наступным разам [вызваляць].

    Спадзеў на свабоду быў з першага дня затрымання. Кожны дзень мы з дзяўчатамі чакалі, што нас вызваляць, бо так не мусіць быць. Людзі мусяць быць на волі. Чакалі ўвесь час, натуральна, але калі ўжо пачаўся перамоўны працэс і прыезды спадара Коўла і амерыканскай дэлегацыі, якія кожны раз заканчваліся вызваленнем палітвязняў, тады надзея пачала мацнець.

    У ліку 250 памілаваных 19 сакавіка — некалькі незалежных журналістаў

    Кацярына кажа, што дзень вызвалення — 19 сакавіка — пачаўся як звычайны дзень, але інтуаіцыя падказвала, што “нешта мусіць адбыцца”.

    — Да самага апошняга моманту мы не ведалі, што нас вызваляць. Мы не ведалі, у бок якой краіны нас вязуць: ці то будзе Літва, ці, як мінулым разам, Украіна. Ехалі на двух мікрааўтобусах. Жанчыны з мужчынамі разам.

    Мы ехалі з Марфай Рабковай і Настай Лойка. Калі я пабачыла, што яны ўваходзяць у аўтобус, апранутыя ў сваю звычайную вопратку, то зразумела, што гэта вызваленне.

    Кацярына лічыць перамогай тое, што гэтым разам частцы палітвязняў дазволілі застацца ў Беларусі.

    — Нават мы, тыя, каго Беларусь не палічыла магчымым бачыць у сябе, вітаем гэты крок і цешымся за людзей, якія былі вызваленыя і засталіся ў Беларусі. Некаторых з іх я ведаю асабіста, сядзела разам. Цяпер у мяне такое кола знаёмстваў, але гэта годныя, выдатныя людзі. Яны заслугоўваюць, каб застацца на сваёй радзіме.

    Кацярына звяртае ўвагу, што, да прыкладу, у яе не было выбару з’яжджаць ці застацца. Але калі б ён прапанавалі выбраць, яна б засталася дома.

    — Уся мая сям’я ў Беларусі, мой муж Ігар Ілляш, журналіст, якога пазбавілі волі, цяпер знаходзіцца таксама ў Беларусі, у бабруйскай калоніі №2. Калі б мне пакінулі выбар, я бы засталася ў Беларусі, ездзіла б да яго на спатканні, прывозіла перадачы і была б побач з ім так, як ён быў са мной усе чатыры гады, пакуль яго не затрымалі.

    Сем’і за кратамі: гісторыя Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

    Кацярына прызнаецца, што за час зняволення панесла шмат стратаў, і яе сям’я моцна пацярпела.

    — Калі б я магла зрабіць гэтыя пакуты меншымі або пазбавіць іх гэтага, я б зрабіла інакш. Што тычыцца маёй журналісцкай дзейнасці і працы, то, натуральна, я б засталася вернай сабе і сваёй прафесіі. Я перш за ўсё журналіст, а ўжо ў другую чаргу чалавек і проста слабая жанчына, якая хацела б жыць у камфорце. Так сталася і я цешуся, што змагла пераадолець гэтае выпрабаванне, больш-менш сябе захаваць. І цяпер мая галоўная мэта — аб’яднацца са сваім мужам. 

    Апошні раз Кацярына і Ігар бачыліся падчас кароткага спаткання ў Гомельскай калоніі ў ліпені 2024 года. Журналістка кажа, што ўвесь час настойвала, каб ён з’яжджаў.

    — Я яго прасіла проста як жонка, а не як калега. Я проста прасіла яго захаваць сябе дзеля мяне, будучыні, дзеля дзяцей, пра якіх мы марым. Я вельмі хацела, каб ён з’ехаў, каб ён проста падумаў пра сябе і ўласную бяспеку. Але ён сказаў: “Калі ты яшчэ раз мяне папросіш, я моцна пакрыўджуся”. І ён настойваў на тым, каб прынцыпова заставацца ў Беларусі.

    На волі Кацярыну ўразілі новыя тэхналогіі.

    — Па-першае, я развучылася нават тэлефон трымаць, а нам адразу па прыбыцці ў Вільню далі тэлефоны і навучылі карыстацца на базавым узроўні. Для мяне гэта быў такі нязвыклы жэст, калі пачынаеш стужку гартаць. Я яшчэ не аднавіла свае сацсеткі, але з таго, што аднавіла, базавыя мэседжары, яшчэ складана карыстацца.

    Я такую дэзарыентацыю прасторавую адчуваю, а ў тэлефоне дык наогул. Паглядзела ролікі са штучным інтэлектам, дык гэта нейкае дзіва для мяне. Я адчуваю сябе дыназаўрам або іншапланетнікам, які зваліўся з Месяца на Зямлю і вучыцца зноў хадзіць.

    Кацярына Андрэева знаходзілася ў зняволенні з 15 лістапада 2020 года. У лютым 2021-га яе разам з Дар’яй Чульцовай асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі з «Плошчы Перамен» у Мінску. У 2022-ім Кацярыну зноў асудзілі на 8 гадоў калоніі нібыта за «выдачу замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Журналістку вывезлі з Беларусі 19 сакавіка пасля чарговых перамоваў Лукашэнкі і спецпрадстаўніка Дональда Трампа па Беларусі Джона Коўла. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.