«Кіберпартызаны» папярэдзілі аб небяспецы пры лагаванні праз Telegram на старонніх сайтах
Лагаванне праз Telegram як такое не пагроза. Але гэта перадаванне звестак пра свой акаўнт іншым асобам, якія могуць аказацца махлярамі ці сілавікамі. «Кіберпартызаны» раяць, як лепш рабіць.

Кнопка лагавання праз Telegram. Фота: Белсат
Мэсэнджар Telegram яшчэ ў 2018 годзе дазваляў лагавацца на старонніх сайтах праз тэлеграм-акаўнты. Гэта значыць, не заводзіць акаўнт на сайце праз доўгую працэдуру, а выкарыстоўваць Telegram-акаўнт замест лагіну і паролю, як дазваляюць Facebook ці Google. У 2026 годзе функцыю перазапусцілі. На гэта звярнулі ўвагу беларускія хактывісты – «Кіберпартызаны».
Паводле кіберпартызанаў, лагаванне праз Telegram нясе рызыкі ў двух кірунках.
1. Уладальнікі старонняга сайту атрымаюць інфармацыю пра акаўнт у Telegram. Калі яны супрацоўнічаюць са спецслужбамі Беларусі або Расеі, яны могуць перадаць сілавікам гэтыя звесткі. А калі гэты сайт узламаюць, інфармацыя профілю ўцячэ ў сеціва.
2. Махляры будуць выкарыстоўваць лагаванне праз Telegram: ствараць сайты з фальшывымі формамі аўтарызацыі і атрымліваць звесткі Telegram-акаўнтаў.
Як працуе тэлеграм-бот, з дапамогай якога ўзламалі журналіста Казакевіча
Як знізіць рызыкі
«Кіберпартызаны» даюць дзве простыя парады:
- Не звязваць ананімныя і публічныя акаўнты. Калі акаўнт у Telegram выкарыстоўваецца для прагляду і абмеркавання палітычных навінаў, не аўтарызавацца праз яго на сайтах, дзе падаюцца сапраўдныя асабовыя звесткі.
- Праходзіць аўтарызацыю праз Telegram толькі на сайтах з добрай рэпутацыяй. Папярэдне правяраць сапраўднасць нават візуальна знаёмых старонак. Не аўтарызавацца на старонках, спасылкі на якія прыйшлі ў паведамленні ад кагосьці.
Паводле інструкцыі самога Telegram, староннія сайты могуць збіраць ідэнтыфікатар OpenID (не Telegram ID), імя і нікнэйм карыстальніка, спасылку на фота аватара і нумар тэлефону, а таксама прасіць дазволу на паведамленні карыстальніку ад бота.
«Кіберпартызаны» распрацоўваюць уласную версію «партызанскага Telegram» з дадатковымі функцыямі бяспекі: «П‑Тэлеграм». Спасылкі на актуальныя версіі праграмы і парады ў галіне інфабяспекі яны даюць у спецыяльным Telegram-канале.
Эксперт па бяспецы раіць беларусам не карыстацца расійскай Telega
@bajmedia