Медыяэкспертка Валерыя Касцюгова вызваленая з‑за кратаў
Беларускія ўлады вызвалілі палітзняволеную медыяэкспертку Валерыю Касцюгову. Гэта адбылося 19 сакавіка пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла. Спадарыня Валерыя застаецца ў Беларусі.

Валерыя Касцюгова. Фота: «Еўрарадыё»
Усяго ў гэты дзень на волю па памілаванні выйшлі 250 палітычных вязняў, 15 з якіх іх вывезлі з Беларусі ў Літву.
Валерыя Касцюгова была затрыманая 30 чэрвеня 2021 года ў сваёй кватэры ў Мінску супрацоўнікамі КДБ. Разам з ёй затрымалі мужа-аналітыка і бацьку-інваліда. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.
Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў сталічным СІЗА № 1, дзе стала падазраванай па шэрагу крымінальных артыкулаў:
- частка 1 артыкула 357 КК РБ (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады),
- частка 3 артыкулв 361 КК РБ (заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы),
- частка 3 артыкула 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).
Толькі праз паўтара года пачаўся судовы працэс. Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка 2023 года агучыў вердыкт у справе палітзняволеных Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай.
Як і запатрабаваў раней бок абвінавачвання, суддзя Дзіна Кучук прыгаварыла менеджарак да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі.
Абедзьвюх экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі і запатрабавала спыніць пераслед за грамадзянскую пазіцыю.

Эксперт у галіне партыпасіпатыўнага кіравання Таццяна Кузіна
Валерыя не змагла развітацца з бацькам, якога доўгі час даглядала з прычыны яго хваробы і які памёр праз некалькі месяцаў пасля арышту дачкі.
Валерыя Касцюгова — рэдактарка і аўтарка аналітычнага «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспертаў маніторынгу «Беларусь у фокусе».
Шлях у журналістыку пачынала ў першай палове 1990‑х на папулярнай беларуска-амерыканскай FM-радыёстанцыі «Бі-Эй». Пасля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 года адтуль звольнілася, перайшла ў грамадска-палітычнае выданне «Белорусская деловая газета» («БДГ»), дзе адказвала за тэму міжнародных зносін.
Паралельна рыхтавала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання «Наше мнение», ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, нядаўна вызвалены палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі «БДГ» стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.
Ад 2008-га разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць «Беларускі штогоднік» — збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.
Аналітычны досвед Валерыі Касцюговай ацанілі нават улады, запрасіўшы яе ў экспертную раду кансультацыйнай пляцоўкі «Мінскі дыялог».
Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
Улетку 2025 года палітзняволеная, якая выйшла з жаночай калоніі №4 у Гомелі, распавяла, што ў Валерыі Касцюговай пагаршаецца здароўе.
«Здароўе ў яе дрэннае і яно ўвесь час пагаршаецца. У яе гіпатэрыёз [паніжаны ўзровень гармонаў шчытавіцы], але праблема, што туды не пускаюць добрыя лекі, толькі беларускія аналагі. Таму гэта прыкметна адлюстроўваецца на яе стане: слабасць, хутка стамляецца, дрэнная тэрмарэгуляцыя, праз што бывае, што падае непрытомная, на сонцы ці асабліва калі фізічная праца», — распавяла крыніца.
Незадоўга да ўвязнення ў Валерыі Касцюговай узніклі праблемы з наднырачнікам, і цяпер ёсьць патрэба ў трывалым наглядзе дактароў.
@bajmedia