• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Палітхіт з Віталём Цыганковым» — вядомы журналіст распачаў штодзённы агляд на «Радыё Рацыя»

    «Гэта будзе мікс сухой аналітыкі і публіцыстыкі. Як паказвае мой досвед палітычнага каментатара, аўдыторыі цікавы аўтарскі элемент, нейкае сваё меркаванне, нават свая эмоцыя, нейкія метафары, параўнанні, прыгожыя словы», — распавёў БАЖ Віталь Цыганкоў пра сваё амплуа на «Беларускім Радыё Рацыя».

    Віталь Цыганкоў. Фота з асабістага архіва

    Віталь Цыганкоў — беларускі журналіст, сузаснавальнік беларускага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і БАЖ. На пачатку 90‑х працаваў у палітычным аддзеле газеты «Звязда», з 1994 года пачаў сталую супрацу з беларускай службай «Радыё Свабода». У тым жа годзе стаў першым у Беларусі карэспандэнтам Asso­ci­at­ed Press. З мая 2020 года — вядоўца праграмы «Размова» на «Белсаце», з верасня 2022-га — вядоўца і аўтар праграмы «Двубой» там жа.

    Днямі вядомы беларускі журналіст напісаў на сваёй старонцы ў Face­book пра новую супрацу: «Мяркуецца, што (амаль) кожны працоўны дзень я буду пісаць актуальны каментар, міні-блог пад рубрыкай з немудрагелістай назвай «Палітыка з Віталём Цыганковым». БАЖ вырашыў высветліць у вядомага публіцыста акалічнасці супрацы з «Радыё Рацыя» і пра тое, што гэта будзе за міні-блог.

    Хітовая калумністыка пра надзённае ды актуальнае

    «Папярэдняя дамоўленасць наконт супрацы ў мяне з кіраўніцтвам «Радыё Рацыя» склалася яшчэ ў мінулым лістападзе. Я бачу гэту супрацу як аўтарскую калонку, калумністыку, якая аглядае надзённае і актуальнае, — кажа Віталь Цыганкоў. — Гэтаму блогу мы прыдумалі назву «Палітыка з Віталём Цыганковым».

    Адпаведна, там будзе такая і тэматыка: пераважна сацыяльна, грамадска-палітычная. То-бок нейкіх там філасофскіх допісаў, якія я часам раблю на Face­book пра філасофскія ці каштоўнасныя рэчы, напэўна, у гэтай маёй калонцы не будзе. Будзе мая думка, каментар па актуальных палітычных падзеях ці па нейкіх тэндэнцыях, якія мне падаліся цікава і важнымі».

    Але справа не абмяжоўваецца публіцыстычнымі тэкстамі: «Паколькі «Радыё Рацыя» — гэта не толькі сайт, а ў першую чаргу FM-станцыя, то той жа тэкст, але з рознымі варыяцыямі, я таксама агучваю для радыёэфіру. На хвалях рубрыка ўжо мае іншую назву — «Палітхіт з Віталём Цыганковым». Для FM-эфіру слова «хіт», на нашу думку, вельмі дарэчы. «Палітхіт» будзе гучаць штовечар — мае тры хвілінкі палітычнага каментара».  

    Першыя тры выпускі разглядаюць такія тэмы: «чаму Лукашэнка, які так любіць Іран, не кранае зараз Трампа; разважанне на «вечную» тэму санкцый; палітычныя перспектывы Віктара Бабарыкі — яго заявы пра стварэнне партыі «Разам» даюць глебу для разваг, ці можа ён паўтарыць свой электаральны ўздым 2020 года».

    «Мой досвед, больш чым трыццацігадовае сачэнне за беларускай палітыкай дазваляюць рабіць пэўныя высновы ў сваёй калонцы», — заўважае Віталь Цыганкоў.

    Як пачынаўся БАЖ. Гутарка з сузаснавальнікам арганізацыі Віталём Цыганковым

    Максімальная творчая свабода

    «Радыё Рацыя» мне заўжды было сімпатычным медыя.

    Зараз, калі я пабыў дзень з рэдакцыяй у Беластоку, то быў вельмі ўражаны творчай атмасферай у калектыве. Гэта максімальная творчая свабода, тое, што я заўсёды цаніў і што для мяне заўсёды было важным.

    Я адчуваю да сябе давер з боку кіраўніцтва радыё, — распавядае журналіст. — Для мяне гэта, канешне, вялікі выклік. Не таму, што цяжка напісаць, а з таго пункту гледжання, што трэба на кожны дзень падабраць тэму, якая павінна быць цікавай, па якой я магу нешта новае сказаць. Я разумею, што цяжка прэтэндаваць на тое, каб штодня рабіць нейкі шэдэўр, гэта рубрыка павінна трымацца на прафесіяналізме».

    Віталь Цыганкоў вызначае свой жанр на РР як «мікс сухой аналітыкі і публіцыстыкі».

    «Як паказвае мой досвед палітычнага каментатара, аўдыторыі цікавы аўтарскі элемент, нейкае сваё меркаванне, нават свая эмоцыя, нейкія метафары, параўнанні, прыгожыя словы. Для масавага слухача аналітыка больш прывабная ў публіцыстычнай форме, — лічыць Віталь Цыганкоў.

    — Я так гэта бачу і, мне здаецца, ёсць згода ў гэтым бачанні з кіраўніцтвам «Радыё Рацыя». Я сапраўды заўсёды любіў падключаць у свае тэксты нейкую калі не эмацыйнасць, то, скажам так, спрэчнасць, дыскусійнасць. Мне здаецца, гэта ніякім чынам не павінна шкодзіць чытэльнасці ці слухабельнасці, а павінна якраз заахвоціць аўдыторыю».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.