• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пашпарты журналіста Вячаслава Лазарава, блогераў Дзмітрыя Казлова і Эдуарда Пальчыса ў Беларусі анулявалі

    Усе трое — былыя палітвязні, якія выйшлі на волю дзякуючы садзеянню ЗША і былі прымусова вывезеныя з Беларусі за мяжу. Вызваленне Вячаслава Лазарава, Дзмітрыя Казлова і Эдуарда Пальчыса адбывалася ў розны час, і невядома дакладна, калі менавіта ўлады анулявалі іх беларускія пашпарты.

    беларускія пашпарты

    Беларускія пашпарты. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

    Пра тое, што яго пашпарт прызнаны нядзейным, увечары 30 сакавіка  паведаміў экс-палітвязень Дзмітрый Казлоў (блогер Шэры Кот).

    «Нягледзячы на тое, што частка палітвязняволеных, якіх незаконна дэпартавалі з Беларусі ( у тым ліку і мяне), была выдварана з пашпартамі, злачынны рэжым гэтага так не пакінуў і ўсё адно ануляваў нам дакументы.

    Цяпер я таксама ўжо не беларус, я невядомая х**ня», — напісаў блогер, праверыўшы статус свайго дакумента на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

    Даведаўшыся пра сітуацыю, свой пашпарт праверыў і былы палітвязень, журналіст Вячаслаў Лазараў. Вынік той самы: дакумент «нядзейны». Сітуацыю ўскладняе тое, што Вячаслаў падаў дакументы на легалізацыю ў Польшчы, і цяпер атрымліваецца, што адзін з іх, дзе ўказана грамадзянства і іншыя асабовыя дадзеныя, прызнаны несапраўдным.

    Вячаслаў Лазараў і Дзмітрый Казлоў выйшлі на волю ў адзін дзень, 11 верасня 2025 года, калі пасля візіту ў Мінск Джона Коўла  — спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, з‑за кратаў былі вызваленыя 52 палітвязні.

    Блогер Эдуард Пальчыс трапіў у апошнюю партыю вызваленых, якія выйшлі на волю зусім нядаўна, 19 сакавіка. Тады пасля чарговых перамоў з дэлегацыяй ЗША беларускія ўлады абвесцілі пра памілаванне 250 палітзняволеных. Праз некалькі дзён высветлілася, што і ягоны пашпарт нядзейны.

    «Іронія лёсу. Да 2020 года я быў праціўнікам ад’езду з Беларусі і набыцця пашпартоў іншых краін. І вось учора дайшла інфармацыя аб тым, што МУС абнуляваў мой і пашпарт іншых вязняў, якіх вызвалілі. То бок мы зараз нейкія міжнародна-юрыдычныя «бамжы»», — напісаў блогер у Face­book.

    Паводле праваабаронцаў, ануляванне пашпартоў беларускім грамадзянам, гвалтам вывезеных за межы краіны, з’яўляецца працягам пераследу былых палітычных вязняў.

    БАЖ працягвае збіраць звесткі пра падобныя выпадкі трансмежнага пераследу. Просім вызваленых калег паведамляць пра такія выпадкі ў дачыненні да іх. Звязацца з намі можна праз office@baj.media альбо праз любога супрацоўніка БАЖ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.