Яшчэ адна перамога «Пад шэрым небам». Фільм Мары Тамковіч узяў «Залатога сланяня» на Catania Film Fest у Сіцыліі
Фільм «Пад шэрым небам» беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч стаў пераможцам у намінацыі «Найлепшы незалежны еўраміжземнаморскі фільм» на 14‑м Catania Film Fest (CFF) у Сіцыліі.

Мара Тамковіч з узнагародай. Фота: dinjstonello / сацсеткі фестывалю
Фестываль, прысвечаны незалежнаму еўрапейскаму і міжземнаморскаму кіно, завяршыў сваю працу ўчора, 15 лістапада, у Катаніі.
Фільм, натхнёны гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, стаў адным з трох галоўных уладальнікаў прэміі «Залатое сланяня́» (Gli Elefantini d’oro) — сімвалу горада Катаніі.
Прэстыжнае журы прысудзіла галоўную ўзнагароду ў катэгорыі поўнаметражнага кіно за выключныя якасці фільма.
«[Гэта] інтэнсіўны і неабходны аповед, які заваяваў журы глыбінёй, аўтарскім поглядам і візуальнай сілай», — адзначылі эксперты ў матывацыі.
Заснавальнік фестывалю Катэна П’яцца таксама падкрэсліў адпаведнасць фільма місіі фестывалю:
«Фільм ідэальна ўвасабляе дух, які мы хочам падтрымліваць: свабодны, актуальны погляд, здольны расказваць пра складаныя рэаліі праз сілу аўтарства».
Поўнаметражны дэбют Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», створаны за сродкі Польскага кінаінстытута, распавядае гісторыю беларускіх журналістаў на фоне пратэстаў 2020 года. Рэжысёрка фіксуецца на стасунках галоўных герояў — журналістаў Лены і Ігара, якія, трапіўшы ў махавік рэпрэсій лукашэнкаўскага рэжыму, знаходзяць адно ў адным падтрымку і надзею жыць у страшных і складаных абставінах.
У фільме здымаліся: Аляксандра Вайцяховіч, Валянцін Навапольскі, Паліна Чабатарова, Андрэй Новікаў.
Нагадаем, што рэжысёрка Мара Тамковіч — выпускніца Варшаўскай кінашколы і Wajda School, раней працавала журналісткай у незалежных беларускіх медыях, што вяшчаюць з Польшчы. У сваіх працах яна засяроджваецца на тэмах, цесна звязаных з сучаснасцю, часта ўзнімаючы важныя сацыяльныя праблемы. Пра свой фільм яна кажа: «Для мяне гэта гісторыя пра каханне, а не палітычны маніфест».
Сярод іншых узнагароджаных стужак фэсту: «Лёгкасць» Андрэа Качальі і «Мыйка машын мары» Эдаарда Брыгенці.
@bajmedia