«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі ініцыятыву Radio Plato
Інтэрнэт-радыёстанцыю Radio Plato дадалі ў «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Radio Plato. Скрыншот
Гэта незалежнае інтэрнэт-радыё, якое асвятляе дзейнасць беларускіх музычных і мастацкіх праектаў для сусветнай аўдыторыі.
Паводле інфармацыі на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ад 28 лістапада 2025 года, ініцыятыва «Radio Plato» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» паводле рашэння КДБ ад 20 лістапада 2025 года. І ў той жа дзень рашэнне займела законную сілу.
Сярод удзельнікаў і стваральнікаў «экстрэмісцкага фармавання» сілавікі называюць дзесяць чалавек. У рэестры пералічаныя:
Аляксандр Карняйчук, Павел Кірпікаў, Раман Балбуцкі, Ягор Пуйша, Аляксей Лабуновіч, Дзяніс Бярозавік, Філіп Купрыяновіч, Максім Заньчук, Андрэй Шынкароў, Аляксандр Рынкевіч.

На сайце МУС згадваюцца інтэрнэт-рэсурсы, праз якія нібыта здзяйсняецца «экстрэмісцкая» дзейнасць. Гэта інтэрнэт-сайт Radio Plato (ідэнтыфікатар radioplato.by), аднайменныя групы ў сацсетках Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/radio_plato?igsh=amdlMW51OGRwdzhp) і «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/radioplato), а таксама Telegram-канал (ідэнтыфікатар https://t.me/radioplato).
Гэтыя самыя інтэрнэт-рэсурсы 26 лістапада 2025 года былі ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфармацыі. Іх пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Партызанскага раёна Мінска. Судовае рашэнне было вынесенае 19 лістапада – за дзень да таго, як ініцыятыву Radio Plato абвесцілі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Radio Plato працавала з 2018 года. Цяпер на сайце з’явілася паведамленне пра тое, што рэдакцыйны калектыў лічыць «экстрэмісцкі» статус адзнакай таго, што інтэрнэт-радыё і яго сацсеткі сталі «яшчэ адным маленькім элементам у аграменным каталогу сродкаў масавай інфармацыі, непажаданых для рэжыму». На дадзены момант інтэрнэт-радыё прыпыніла куратарскія шоў і прамыя трансляцыі, але яго па-ранейшаму можна слухаць у рэжыме «музычнага аўтамата».
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
@bajmedia