Расійскія дроны знішчылі рэдакцыю «Суспільного» і медыябазу ўкраінскіх журналістаў у Дняпры
У выніку ўдараў расійскіх беспілотнікаў па Дняпры 17 лістапада ўвечары быў разбураны будынак, у якім месцяцца філіялы «Суспільне Дніпро» і Украінскага Радыё, а таксама рэгіянальны цэнтр Інстытута масавай інфармацыі «Медыябаза Днепр». Пацярпела і тэлевізійная вежа.

Студыя «Суспільне Дніпро» знішчана ў выніку расійскай атакі ў ноч на 18 лістапада 2025 года. Фота: Суспільне Дніпро
Пасля атакі ў памяшканні узнік пажар, былі выбітыя вокны і дзверы, пашкоджаныя столь і дах будынка. У некаторых месцах адбылося абвальванне столі і сцен, перадае «Суспільне Дніпро».
У момант нападу ў памяшканнях не было супрацоўнікаў.
Менеджар «Суспільне Дніпро» Кацярына Лысюк паведаміла, што студыя выдання цалкам згарэла. Акрамя асноўнага будынка, пацярпела і прыбудова.
— Увогуле, наколькі нам вядома, было да 15 выбухаў. Яны адбыліся прама на тэрыторыі і на ўсіх нашых будынках.
Таксама цалкам знішная медыябаза ўкраінскіх журналістаў на другім паверсе будынка, піша «Детектор медіа». Яна працавала паўтары гады, у ёй адбываліся трэнінгі і сустрэчы, працаваў каворкінг.
Дырэктарка Інстытута масавай інфармацыі Аксана Раманюк у каментарыі «Дэтэктару медыя» выказала меркаванне, што гэта был мэтанакіраваны ўдар з боку Расіі. Паводле яе, ад памяшкання і абсталявання медыябазы нічога не засталося:
«Мы нават не змаглі туды зайсці паглядзець, бо ратавальнікі нам не дазваляюць, бо будынак можа абваліцца ў любы момант. Але ўжо відавочна, што там нічога няма, бо быў пажар. І ў нас там было ўсё: і сродкі бяспекі (бронекамізэлькі, шлемы, аптэчкі), і энергаабсталяванне (EcoFlow, паўэрбанкі). Цяпер нам пішуць журналісты, што ім вельмі цяжка, бо гэта была прастора для працы, асабліва падчас адключэнняў электрычнасці. Гэта была прастора, дзе можна было праходзіць трэнінгі. Мы аказвалі там псіхалагічную падтрымку і праводзілі нетворкінгавыя мерапрыемствы»
Акрамя таго, пасля атакі расійскага беспілотніка ўвечары 17 лістапада ў Дняпры пацярпела тэлевізійная вежа. Мясцовыя каналы і радыёстанцыі не вяшчалі. Пашкоджанні вежы вывучаюцца.
@bajmedia