СК пра справу супраць Кацярыны Ваданосавай: «Асноўная мэта — рэалізацыя ідэалагічнай дыверсіі»
Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што расследаванне па крымінальнай справе ў дачыненні блогеркі і тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай ужо вядзецца.

Кацярына Ваданосава. Скрыншот відэалекцыі
Па словах афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта Сяргея Кабаковіча, крымінальная справа распачатая паводле часткі 3 артыкула 130–1 КК РБ — «Рэабілітацыя нацызму, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт».
У паведамленні, размешчаным 16 сакавіка ў афіцыйным Telegram-канале ведамства, Сяргей Кабаковіч сцвярджае, што 39-гадовая Кацярына Каланчук-Ваданосава «сістэматычна вырабляе і распаўсюджвае праз YouTube-канал» відэакантэнт, «адмыслова разлічаны на неабмежаваную аўдыторыю, асабліва на моладзь, і накіраваны на тое, каб перапісаць гісторыю, апраўдаць злачынствы нацыстаў, сеяць рэваншысцкія настроі і падрываць фудаентальныя каштоўнасці беларускага народа — памяць пра Вялікую Перамогу, павагу да подвіга продкаў».
Таксама Сяргей Кабаковіч даводзіць, што блогерка дзейнічае «ў цеснай змове з экстрэмісцкімі фармаваннямі», і асаблівая небяспека яе дзеянняў палягае ў «мэтанакраваным дэструктыўным уздзеянні на свядомасць насельніцтва».
Да слова, прадстаўнік Следчага камітэта, у адрозненне ад Генпракуратуры, упершыню называе імя і прозвішча падазраванай. На мінулым тыдні Генпракуратура абвясціла пра крымінальную справу, распачатую «супраць 39-гадовай жыхакі Мінска з двайным прозвішчам». Аднак пазнаць у гэтай фармулёўцы канкрэтную асобу было не цяжка, бо падставай для пераследу стаў відэаролік «Галоўны міф Другой сусветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?» на YouTube-канале «Будзьма Беларусамі!». Апавядальніцай у ім і была Кацярына Ваданосава — блогерка і тэлевядоўца, выпускніца гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка.
Каментуючы паведамленне Генпракуратуры, Кацярына Ваданосава заявіла, што катэгарычна не згодна з абвінавачаннем: «Вядома, ніякай рэабілітацыі нацызму не было. Ёсць курс адукацыйных лекцый на «Будзьме», дзе мы спрабуем падысці да любой гістарычнай тэмы ўсебакова і як мага больш аб’ектыўна. Проста зараз усё, што закранае тэмы Другой сусветнай ці Вялікай Айчыннай вайны, калі гэта не афіцыйнае славаслоўе, можа падпасці пад такі самы крымінальны артыкул. Гэтая тэма ў Беларусі зараз настолькі табуяваная, што любыя спробы гістарычнага аналізу расцэньваюцца як злачынства. Гэта абсалютна забаронены від дзейнасці, і сталася так, што ў шэраг “нязручных” гістарычных тэм трапіла ўсё, што не стасуецца з цяперашнім рэжымам».
Кацярына Ваданосава вымушана пакінула Беларусь летам 2021 года з прычыны палітычна матываванага пераследу пасля задушэння ў краіне пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. За мяжой яна займаецца ў тым ліку і асветніцкай дзейнасцю, супрацоўнічае з ініцыятывай «Будзьма беларусамі!», якую сёлета 2 лютага Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвесціла «экстрэмісцкім фармаваннем».
@bajmedia