TikTok блогера і экс-палітвязня Алега Дабрыднева ўжо тройчы прызналі «экстрэмісцкім»
У снежні мінулага года TikTok-акаўнт касцюковіцкага актывіста Алега Дабрыднева быў двойчы прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А 12 студзеня 2026 года яго прызналі «экстрэмісцкім» у трэці раз.

Блогер і экс-палітвязень Алег Дабрыднеў. Фота: з асабістага архіва\
Малады блогер атрымаў палітычныя крымінальныя справы яшчэ да свайго паўналецця. За актыўнасць у сацыяльных сетках Алега Дабрыднева затрымаў з прымяннем фізічнай сілы ГУБАЗіК 8 лістапада 2022 года, калі яму было ўсяго 16 гадоў. У той час яго прымусілі зняцця і ў так званым «пакаяльным відэа».
Малады чалавек быў асуджаны паводле двух крымінальных артыкулаў, яго звінавацілі паводле арт. 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і арт. 361–4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) па справе «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта».
За кратамі Алег адседзеў увесь прызначаны тэрмін — тры з паловай гады. Пасля вызвалення малады чалавек з’ехаў з Беларусі, бо, паводле яго слоў, супрацоўнікі КДБ прама ў вочы казалі, што калі ён не з’едзе на яго завядуць новую крымінальную справу — за тэрарызм.
Зараз Алег Дабрыднеў знаходзіцца ў Польшчы ў чаканні рашэння аб міжнароднай абароне.
Але ў Беларусі яго і надалей працягваюць пераследваць. Яго акаўнт у сацсетцы TikTok ужо тройчы прызнаны «экстрэмісцкім». Спачатку 17 снежня 2025 года кантэнт старонкі прызнаў «экстрэмісцкім» суд Кастрычніцкага раёна Мінска, потым 20 снежня 2025 года — суд Мінскага раёна, а на пачатку новага 2026 года — суд Чыгуначнага раёна Гомеля, рашэннем ад 12 студзеня.
Пры гэтым блогер не мяняе ідэнтыфікатар свайго акаўнта і ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапляе па сутнасці адзін і той жа радок.
Паводле Алега Дабрыднева, ён нават і не ведаў, што да яго сацыяльных сетак такая ўвага з боку ўладаў Беларусі.
Як зазначае хлопец, блогерствам ён пачаў займацца з 13 гадоў, быў у ліку самых папулярных блогераў у TikTok і ўвогуле пачынальнікам беларускага TikTok. Да моманту затрымання на яго акаўнт у гэтай сетцы было падпісана каля 85 000 чалавек.
Цяпер у маладога блогера ў новым акаўнце TikTok больш за 22 000 падпісчыкаў. Там ён распавядае пра ўмовы ўтрымання за кратамі, пра беларускую гісторыю, палітыку ды іншае.
@bajmedia