• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Дзень Волі шэраг беларускіх сайтаў трапіў пад DDOS-атакі

    25 сакавіка, у Дзень Волі, некаторыя беларускія сайты, у тым ліку — незалежных медыяў, паведамілі пра тое, што падвяргаюцца кібератакам.

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Зранку пра DDOS-атаку паведаміла «Наша Ніва», адзначыўшы, што сайт можа быць часова недаступным ці будуць цяжкасці з адкрыццём навін і спасылак.

    Удзень атакавалі афіцыйны сайт Святланы Ціханоўскай – пра гэта напісаў  Reform.news са спасылкай на словы дарадцы кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Франка Вячоркі. Ён паведаміў, што рэсурс не працаваў каля 15 – 20 хвілін, аднак у спецыялістаў атрымалася аператыўна справіцца з атакай і аднавіць доступ да сайта.

    Неўзабаве ад DDOS-атакі пацярпеў і сам сайт Reform.news, што прывяло да кароткачасовых адключэнняў сервера.

    Увечары 25 сакавіка пад атаку трапіў сайт «Медыязона. Беларусь».

    «Ад 17:00 (па мінскім часе) на сайт паступіў рэзкі ўсплёск запытаў — за кароткі час іх колькасць дасягнула 10 мільёнаў. Мы ўзмацнілі абарону, таму карыстальнікі могуць часова бачыць дадатковую праверку перад загрузкай сайта», — папярэдзіла выданне.

    У Дзень Волі шэраг беларускіх сайтаў трапіў пад DDOS-атакі

    Скрыншот telegram-канала, звязанага з прапагандыстамі

    Хто стаіць за атакамі, пакуль невядома, аднак яшчэ зранку 25 сакавіка пра атакі на сайты незалежных медыяў і Святланы Ціханоўскай пахваліліся таксама аўтары прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, прыбліжаных да беларускіх сілавікоў. «Добрыя хакеры павіншавалі беглых экстрэмістаў са святам», — напісалі ў адным з іх і дадалі, што «ў праграме адпраўка на адпачынак некалькіх» рэсурсаў.

    DDoS (Dis­trib­uted Denial of Ser­vice) — гэта кібератака, падчас якой вялікая колькасць прылад адначасова перагружаюць сэрвіс ці сайт запытамі, каб зрабіць яго недаступнымі для карыстальнікаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.