Rzeczpospolita назвала ўмовы вызвалення Анджэя Пачобута
Польская газета Rzeczpospolita назвала магчымыя ўмовы, якія ў Мінску выстаўляюць Варшаве для вызвалення палітвязня Анджэя Пачобута

Некалькі не звязаных паміж сабой суразмоўцаў выдання пацвердзілі, што прозвішча Пачобута было ў спісах палітвязняў, вызвалення якіх прасілі амерыканцы.
«І кожны раз беларускі бок выкрэсліваў яго прозвішча.
У Мінску кажуць, што гэта «іншая справа», якая павінна быць вырашана ў межах перамоваў Беларусі і Польшчы», — прыводзяцца ў артыкуле словы аднаго з суразмоўцаў, які ўдзельнічае ў працэсе вызвалення беларускіх палітвязняў.
Як піша выданне, польскі бок з моманту затрымання Пачобута ў Беларусі прадпрымаў намаганні для яго вызвалення. У прыватнасці, паводле інфармацыі Rzeczpospolita, гэтае пытанне ўздымалася падчас візіту папярэдняга прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай.
З намаганнямі па вызваленні Пачобута выданне таксама звязвае адкрыццё польскім урадам двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Яшчэ адным сігналам Мінску стаў «ціхі» пераезд у Варшаву Святланы Ціханоўскай, каб не «раздражняць дыктатара».
«Добра інфармаваны суразмоўца» распавёў газеце, што адной з умоў Мінска з’яўляецца аднаўленне палітычнага дыялогу.
«Чакаюць візіту польскага палітыка ў Мінск у рангу не ніжэй за намесніка міністра і разлічваюць на аднаўленне палітычных кантактаў. Пачобут сёння з’яўляецца закладнікам дыктатара. Але нават такі візіт не гарантаваў бы поспеху. Сітуацыя вельмі складаная, бо працягваецца вайна, і Беларусь бярэ ў ёй удзел на баку Расіі», — цытуе газета суразмоўцу.
Як піша Rzeczpospolita, гэта ж пацвердзіў «звязаны з рэжымам Лукашэнкі» суразмоўца: у Мінску разлічваюць на такі візіт, а вызваленне Пачобута будзе залежаць ад палітычнага дыялогу.
Варта адзначыць, што прапагандыст Юрый Васкрасенскі ўжо неаднаразова публічна казаў, што Пачобута маглі б адпусціць, калі б за ім прыехаў асабіста міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Яшчэ адзін «добра дасведчаны» суразмоўца выдання сцвярджае, што бачыць «святло ў канцы тунэля».
«Спадзяёмся, што гэта не цягнік, які набліжаецца, а выхад з гэтага тунэля», — прыводзяцца яго словы.
Зноў у ПКТ, без перадач і амаль без лістоў: Анджэй Пачобут пяць гадоў за кратамі
@bajmedia