Журналістку і паэтку Валярыну Куставу ўзнагародзілі медалём
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі прыняў рашэнне пра новыя ўзнагароджванні. У пералік лаўрэатаў, ухваленых АПКБ, трапіла вядомая тэлевядоўца, якая атрымала медаль «За плённую працу на карысць Беларусі».

Валярына Кустава. Фота з асабістага архіва
«Шчыры дзякуй за давер — тым, хто намінаваў, і тым, хто абіраў. Асабліва кранальна быць у адным спісе з Аляксандрам Мілінкевічам, Алесем Бяляцкім і іншымі годнымі асобамі. Абяцаю і далей трымацца свайго шляху. Дзе мы разам — там і Беларусь», — пракаментавала на сваёй старонцы ў Facebook спадарыня Валярына.
Лаўрэаты намінаваліся грамадскімі арганізацыямі і актывістамі і былі ўхваленыя Камісіяй па ўзнагародах пры АПКБ. Адпаведныя пастановы падпісаны 21 сакавіка кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Разам з Валярынай куставай медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ушанавалі:
- Ігара Кізіма — украінскага дыпламата, Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Першага класу, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў Беларусі.
- Яўгена Магду — украінскага палітолага, гісторыка, журналіста, дырэктара Інстытута сусветнай палітыкі.
- Алега Турыя — украінскага царкоўнага гісторыка, дырэктара Інстытута гісторыі Царквы Украінскага каталіцкага ўніверсітэта, віцэ-рэктара па стратэгічным супрацоўніцтве УКУ, загадчыка кафедры гісторыі Царквы.
- Святлану Курс — беларускую пісьменніцу, журналістку.
- Яўгена Орду — вайсковага капелана ПЦУ, настаяцеля гарнізоннага храма святога мучаніка Іаана, мітрафорнага протаіерэя.
- Караліну Мацкевіч — беларускую і брытанскую біблістку, доктарку біблістыкі, дзяячку беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі.
- Крысціну Дробыш — беларускую тэатральную акторку, акторку дубляжа фільмаў і аўдыякніг.
- Ігара Сігава — акцёра тэатра і кіно.
- Сяргея Чуба — беларускага акцёра, вядучага.

Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Фота: t.me/CabinetBelarus
Акрамя гэтага Кабінет пастанавіў узнагародзіць:
Крыжом Свабоды — Алеся Бяляцкага, беларускага грамадскага дзеяча, праваабаронцу, вязня сумлення, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру;
Медалём Францыска Скарыны — Аляксандра Мілінкевіча, беларускага навукоўца, грамадскага і палітычнага дзеяча, канцлера «Вольнага Беларускага Універсітэта»;
Медалём «Гонар і Годнасць» — Сяргея Багукальца, грамадскага актывіста, вайскоўца, дзяржаўнага дзеяча;
Медалём «Няскораных» (Ларысы Геніюш) за асабістую адвагу, стойкасць — Марыю Калеснікаву.
@bajmedia