• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі 2025-га: год БАЖ у фактах і дзеяннях

    Напрыканцы года кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў расказвае пра зробленае за год. Гэты год быў асаблівы — БАЖ адзначыў сваё 30-годдзе.

    Вынікі 2025-га: год БАЖ у фактах і дзеяннях

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Інфармацыйная і адвакацыйная дзейнасць

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец зазначае, што беларуская журналісцкая супольнасць жыве ў рэжыме «бітва за бітвай» (згадаў назву апошняга фільма Пола Андэрсана). Чарговы год — новыя выклікі. Так, у мінаючым годзе шмат якія беларускія медыя сутыкнуліся з фінансавым і арганізацыйным крызісам, які падступіў пасля кардынальнага перагляду новай адміністрацыяй ЗША палітыкі падтрымкі грамадзянскіх інстытуцый па ўсім свеце.

    «Многія медыі знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі. Спадзяюся, што мы, журналісцкая супольнасць, знойдзем і надалей магчымасці працаваць, — сказаў Андрэй Бастунец на пасяджэнні Рады БАЖ. — Пры гэтым у нас было некалькі сур’ёзных дасягненняў ва ўсіх гэтых бітвах, з якімі мы сутыкнуліся ў 2025‑м.

    Мы ўзмацнілі сваю дзейнасць у галінах адвакацыі. Вельмі вялікую ролю ў гэтым адыграла тое, што ў 2024‑м аб’ядналі свае намаганні ў гэтым кірунку БАЖ, Прэс-клуб Беларусь і Free Press for East­ern Europe. Мы стварылі кансорцыум, які будзе прасоўваць інтарэсы беларускіх медыяў, займацца іхняй адвакацыяй».

    Андрэй Бастунец

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец адкрывае канферэнцыю «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Вельмі важным напрамкам працы кансорцыума кіраўнік БАЖ называе «Журфак па суботах» — курсы навучання журналістаў, якія адбываюцца паралельна ў Вільні і Варшаве паводле адной праграмы. Нядаўна якраз прайшоў другі выпуск.

    «Гэты напрамак працы адукацыйнага аддзела лічу вельмі сур’ёзным, ён дазволіў стварыць і пул трэнераў, і падкачаць скілы трэнераў, прыцягнуў да прафесіі ў не зусім спрыяльны для яе час людзей — новых і тых, якія падвышаюць кваліфікацыю. Так, сітуацыя складаная, некаторыя рэдакцыі скарацілі штат, але мяркую, што плён ад кірунку адукацыі будзе», — сказаў Андрэй Бастунец.

    Важнай падзеяй было прыняцце стратэгіі дзейнасці БАЖ на наступныя два гады. Апошняя стратэгія прымалася ў красавіку 2021 года, яшчэ да вымушанай рэлакацыі БАЖ. Цяпер у межах стратэгіі распрацаваны працоўны план на 2026 год.

    З'езд ЕФЖ акцыя салідарнасці з журналістамі-палітвязнямі

    Фота: БАЖ

    Боль журналісцкай супольнасці застаецца тым жа: «За кратамі зараз 28 чалавек. У той самы дзень, калі была вызваленая Марына Золатава, стала вядома, што ў Беларусі затрыманы чарговы медыяспецыяліст».

    Прававы цэнтр БАЖ

    Паводле кіраўніка Прававога цэнтра, намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева, у 2025 годзе юрысты асацыяцыі займаліся ў асноўным прававой дапамогай журналістам, рэдакцыям, медыя; падвышэннем прававой дасведчанасці журналістаў; мінімізацыяй негатыўных наступстваў рэпрэсій і выгнання журналістаў і медыя; распрацоўкай прапаноў па зменах у прававым рэгуляванні.

    Адпаведна з рашэннем Рады БАЖ у мінулым годзе дадалося яшчэ дакументаванне злачынстваў прапаганды — на сёння ўжо апублічана 16 кейсаў. Праект разгледзіць усе звароты, дасланыя Прававому цэнтру.

    Алег Агееў

    Алег Агееў і Эдуард Мельнікаў на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    У гэтым годзе былі створаныя механізмы самарэгулявання незалежнага медыясектара. 20 сакавіка адбылося падпісанне і прыняцце двух дакументаў — аб стварэнні Медыяасамблеі і пагадненне аб самарэгуляванні. Спачатку да яго далучылася 18 суб’ектаў, сёння такіх ужо 26.

    Прайшлі выбары сябраў Рады па медыяэтыцы, конкурс склаў 15 асоб на 7 месцаў. Ад пачатку працы Рады было атрымана 7 зваротаў, ніводнага парушэння не было знойдзена.

    Праведзена некалькі трэнінгаў па прававой асвеце журналістаў.

    У студзені 2026 года плануецца правесці прэзентацыю канцэпцыі рэформ медыясектара Беларусі.

    Інфармацыйны аддзел

    Сёлета інфармацыйнаму аддзелу БАЖ давялося перабудаваць працу з улікам фінансавых выклікаў. Калектыву прыходзіцца «быць мультыінструменталістамі,  умець рабіць усё, працаваць на некалькіх платформах і ў той жа час займацца і падвышэннем кваліфікацыі».

    Інфармацыйны аддзел БАЖ ёсць звяном для ўсяго калектыву асацыяцыі. «Калі нашы аддзелы ствараюць новыя праекты, ініцыятывы, то мы ставім мэтай апублічыць і данесці да аўдыторыі тое, што ў нас з’явілася. Мы выпрацавалі ўсе неабходныя пратаколы прасоўвання», — зазначыла прадстаўніца інфармацыйнага аддзела БАЖ.

    Вось, напрыклад, праект пра злачынствы прапаганды — цікавасць да яго праявілі ўкраінскія медыя і іншыя нашы замежныя партнёры.

    Праект «Голас пакалення свабоды»  — удалая сумесная праца з Беларускім ПЭН-цэнтрам. 

    голас пакалення свабоды

    Скрыншот сайта БАЖ

    «Адна з задач сайта БАЖ — расповед пра дзейнасць самой асацыяцыі, маніторынг таго, што адбываецца ў нашым медыясектары, дапамога нашым калегам. Мы аператыўна паведамляем пра зборы на патрэбы калегам.

    Сайт БАЖ працуе ў тым ліку на будучыню, мы пачынаем, можна сказаць, збор інфармацыі для будучага падручніка па гісторыі беларускай незалежнай журналістыкі. Каб ніхто і нішто не былі забытыя, страчаныя ў плыні падзеяў.

    Усё пра журналістаў і журналістыку», — падкрэсліла прадстаўніца інфармацыйнага аддзела БАЖ.

    Міжнародная і інфармацыйная праца

    Сёлета прайшло даволі шмат актыўнасцяў ад БАЖ, зазначае прадстаўніца міжнароднага аддзела асацыяцыі. Так, зусім нядаўна адбыўся «Форум журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў», у якім узялі ўдзел 70 чалавек.

    «Медыяхваля» да 30-годдзя БАЖ стала заўважнай серыяй мерапрыемстваў: сплаў на байдарках на знак салідарнасці са зняволенымі калегамі; шэраг квізаў і роварны прабег па Вільні; тэматычны медыякэмп «За кадрам».

    Да 30-годдзя БАЖ сплаў салідарнасці на байдарках

    Ірына Новік і Алег Мацкевіч рыхтуюцца спусціць свае байдаркі на ваду. Фота: БАЖ

    У межах актыўнасцяў была створаная ініцыятыва «Журналісты: бязгучны рэжым», накіраваная супраць ціску і рэпрэсій на журналістаў у Беларусі, каб не дапусціць іх «маўклівага выціскання» з інфармацыйнай прасторы. Яна ўключала фотавыставы і інфармацыйныя кампаніі. Нечаканы і радасны вынік: з 12 сябраў БАЖ, партрэты якіх былі на калажах у межах ініцыятывы, сямёра ўжо выйшлі з‑за кратаў.

    Трэба адзначыць і спецпраект БАЖ «Без нас вы б не ведалі…», у якім БАЖ разам з рэдакцыямі распавядаў, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    Сёлета, як адзначаюць прадстаўнікі міжнароднага аддзела, набраў папулярнасць такі  фармат актыўнасцяў як афлайн дыскусіі, некалькі такіх сустрэч прайшло ў Польшчы і Літве.

    Безумоўна, знакавай падзеяй стала юбілейная канферэнцыя БАЖ у верасні і фінал конкурсу «Вольнае слова», яго вынікі былі падведзеныя якраз на гэтай канферэнцыі.

    Андрэй Бастунец і Аляксандр Баразенка

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец уручае прэмію «Вольнае слова-25» Аляксандру Баразенку. 16 верасня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ

    І не абмінуць ініцыяваны БАЖ у 2023 годзе Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі — ад пачатку кампаніі і да сёння ён быў падтрыманы 53 разы ў 27 краінах і 36 гарадах свету. 

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці