З блогера Бяспалава хочуць спагнаць яшчэ 21 мільён рублёў
Суд Мінскага раёна даслаў на адрас рэгістрацыі Сяргея Бяспалава пастанову з патрабаваннем сплаціць 21 158 168 рублёў 55 капеек паводле рашэння па грамадзянскай справе супраць блогера. Гэта зверху 42 тысяч рублёў штрафу, прызначанага ў парадку «спецвытворчасці».

Сяргей Бяспалаў. Крыніца: Фэйсбук Сяргея Бяспалава
З дасланага дакумента вынікае, што грамадзянскі пазоў быў высунуты намеснікам генеральнага пракурора Беларусі «ў інтарэсах дзяржавы ў асобе Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь» дзеля кампенсацыі «матэрыяльнай шкоды, нанесенай злачынствам».
Разбіральніцтва па справе адбылося 17 верасня 2025 года ў судзе Мінскага раёна. Вынікам стала рашэнне пра тое, што Сяргей Бяспалаў павінен сплаціць грашовую кампенсацыю памерам 21 123 755, 10 рублёў.
Але праз месяц, 29 кастрычніка, адбыўся яшчэ адзін судовы працэс — для ўнясення паправак у першапачатковае рашэнне. На ім старшынявала суддзя суда Мінскага раёна Вольга Петруковіч, прысутнічала старшы памочнік пракурора Мінскага раёна Юлія Слука.
Спаслаўшыся на «апіску», суд вынес новае рашэнне: названая сума кампенсацыі павялічылася яшчэ на 34 413 рублёў 45 капеек да 21 158 168 рублёў 55 капеек.
Гэта прыблізна 7 млн 160 тысяч 609 долараў ЗША па курсе Нацбанка Беларусі на дзень вынясення судом рашэння. Тым часам мінімальны заробак у Беларусі складае каля 253 долараў.
Сяргей Бяспалаў кажа, што нічога не ведаў пра судовы працэс па грамадзянскай справе ў дачыненні да яго і пра сутнасць выстаўленых прэтэнзій. Зазначае, што ўвогуле наўрад ці даведаўся б пра судовае разбіральніцтва, калі б не гэтая папера з выпраўленай сумай кампенсацыі, якую з яго хочуць спагнаць. Кажа, што ў любым выпадку нешта плаціць не плануе.
«Люблю беларускае правасудзьдзе: кожны раз новая лічба, новы штраф, новы ўзровень абсурду — нібыта я ўдзельнічаю ў нейкім лятарэйным шоў, дзе галоўны прыз — яшчэ адзін мільён зверху. Калі заўтра прыйдзе папера, дзе будзе 300 або 400 мільёнаў — нават міргнуць не пасьпею», — адрэагаваў блогер на чарговае прызначанае яму грашовае спагнанне.
Сяргей Бяспалаў — заснавальнік сеткі паблікаў «Мая краіна Беларусь», на сёння жыве ў вымушанай эміграцыі. У чэрвені 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла «экстрэмісцкімі фармаваннямі» Telegram-каналы «Сергей Беспалов», «Мая Краіна Беларусь» і «Усы Лукашенко». 14 лістапада 2022 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя асабісты YouTube-канал блогера і Telegram-канал «BesLive».
У снежні 2024 года супраць Сяргея Бяспалава распачалі крымінальную справу ў межах спецыяльнай вытворчасці. Паводле следства, Бяспалаў з’яўляецца стваральнікам і кіраўніком «экстрэмісцкага фармавання» «Мая краіна Беларусь». Завочны судовы працэс распачаўся сёлета ў лютым, у траўні быў вынесены вырак.
Суддзя Мінскага абласнога суда Аляксандр Рыбакоў прызнаў Бяспалава вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У тым ліку:
- Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сетцы Інтэрнэт і яго публічная абраза, спалучаныя з абвінавачаннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах (ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Сяргей Бяспалаў быў асуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі і да штрафу памерам 1 000 базавых велічынь (42 тысячы рублёў).
@bajmedia