Закрываецца рэгіянальная газета «Гоман Барысаўшчыны»
Выйшаў апошні, 300 нумар газеты, якая пісала пра мінуўшчыну Барысава і раёна.

Фота з газеты «Гоман Барысаўшчыны»
Рэгіянальная газета «Гоман Барысаўшчыны» закрываецца праз 30 гадоў існавання. Пра гэта напісалі чытачы ў сацсетках.
Выданне асвятляла падзеі горада Барысава і раёна. Першы нумар выйшаў у жніўні 1996 года. Рэдакцыя характэразавала новае медыя як «сканцэнтраванне разнастайных думак і шматбаковай інфармацыі аб гісторыі, сучаснасці і будучыні нашага краю». У газеце было тры асноўных тэматычных складніка: эканамічны, грамадска-палітычны і культурніцкі.
Напачатку гэтае беларускамоўнае выданне мела ўсяго на чатыры старонкі і выходзіла нерэгулярна. Пасля яго аб’ём дарос да 16 старонак. Чытачы маглі набываць газету штомесячна.
Галоўным рэдактарам «Гомана Барысаўшчыны» быў Міхась Мацельскі. Заснавальнікамі выдання выступалі, акрамя галоўнага рэдактара, І. Белы, У. Буйко, У. Дубаневіч, М. Пучылы.
«Газета «Гоман Барысаўшчыны» робіцца і прызначана у першую чаргу для тых, хто лічыць нашы землі не правінцыяй, а краем у цэнтры еўрапейскай дзяржавы — Беларусі. Наша газета для тых, хто жадае бачыць Барысаўшчыну эканамічна адроджанай, з квітнеючым культурным жыццём, са здаровымі жыхарамі, якія б жылі ў экалагічна чыстым асяроддзі пры гарантаванні іх грамадзянскіх правоў. Наша газета для тых, хто думае, разважае, сумняваецца, задае пытанні, шукае адказы і мае разумныя прапановы, якія можна выказаць пад час дабразычлівай гамонкі», — пісала пра сябе выданне.
@bajmedia