Здымак беларускай фатографкі Ксеніі Галубовіч увайшоў у топ-20 брытанскага конкурсу Female in Focus
Беларуская дакументальная фатографка і кінематаграфістка Ксенія Галубовіч увайшла ў лік 20 пераможцаў прэстыжнага міжнароднага конкурсу Female in Focus, зладжанага The British Journal of Photography.

«Reflection on the Past» («Адлюстраванне мінулага» / «Разважанне пра мінулае»)». Фота: Ксенія Галубовіч
Яе праца «Reflection on the Past» («Адлюстраванне мінулага» / «Разважанне пра мінулае»), зробленая ў прыфрантавым Харкаве, стала адным з наймацнейшых выказванняў на тэму «On the Cusp» («На мяжы»).
Гісторыя аднаго здымка: 20 км ад фронту
Здымак, які скарыў міжнароднае журы, паказвае Алу — жыхарку хоспіса для людзей, эвакуяваных з акупаваных і небяспечных раёнаў Украіны. Хоспіс месціцца ў Харкаве, усяго ў 20 кіламетрах ад лініі фронту.
На фота Ала трымае ў руках люстэрка. У сітуацыі, калі рэальнасць вакол занадта жорсткая, а памяць пачынае згасаць, люстэрка становіцца адной з кропак апоры. Як адзначаецца ў апісанні да працы, Але ўжо цяжка арыентавацца ў тым, што адбываецца зараз, але яна па-ранейшаму любіць распавядаць пра сваю сям’ю. Маленькае адлюстраванне ў руках становіцца парталам у мірную мінуўшчыну, якую не можа разбурыць нават блізкасць фронту.
Пра конкурс і гендарную няроўнасць
Female in Focus — гэта прэмія, заснаваная The British Journal of Photography ў партнёрстве з Nikon, каб падтрымаць жанчын-фатографак. Статыстыка індустрыі застаецца няўцешнай:
-
Жанчыны ў фатаграфіі зарабляюць на 30% менш, чым іх калегі-мужчыны.
-
55% апытаных фатографак сутыкаліся з гендарнай дыскрымінацыяй.
-
Сярод пераможцаў найбуйнейшых сусветных фотапрэмій за апошнія 5 гадоў жанчын — толькі 34%.
Сёлета пераможцаў выбірала экспертнае журы, у склад якога ўвайшлі Алесія Главіяна (Global Head of Vogue Italia) і Луіза Федотаў-Клементс (дырэктарка Photoworks).
Выставы ў Лондане і галасаванне
Праца Ксеніі Галубовіч будзе прадстаўлена на дзвюх маштабных выставах: у Лондане ў 10.14 Gallery: з 24 красавіка па 29 мая 2026 года. А таксама ў International Centre for the Image: з 10 верасня па 25 кастрычніка 2026 года.
Цяпер арганізатары адкрылі галасаванне ў катэгорыі People’s Choice. Пераможца глядацкіх сімпатый атрымае магчымасць даць падрабязнае інтэрв’ю для платформы 1854.photography.
Падтрымаць Ксенію Галубовіч і прагаласаваць за яе здымак можна па спасылцы.
@bajmedia