Журналісцкі 2025 год у здымках
Беларуская асацыяцыя журналістаў узгадвае галоўныя падзеі беларускай медыйнай супольнасці ва ўласных здымках і здымках калег.

Стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow атрымала ліцэнзію вяшчальніка
Платформа стварае сетку вяшчання 24/7, аб’ядноўваючы вядучыя беларускія медыі, блогераў і экспертаў. Belarus Tomorrow збірае кантэнт у YouTube транслюе яго праз спадарожнік Hotbird. Сігнал дасяжны для 128 тысяч хатніх гаспадарак у Беларусі, а таксама для гледачоў у краінах Еўрасаюза, Турцыі, Расіі.
Заснавальнікі платформы ўпэўнены, што гэта — першы крок да стварэння беларускага грамадскага тэлебачання.

Павел Свярдлоў прэзентую працу платформы Belarus Tomorrow падчас канферэнцыі «Новай Беларусі» ў Варшаве. Фота: Belarus Tomorrow
Прэміі — у беларускіх журналістаў
Узнагароджванняў было сапраўды шмат. Мы ж узгадаем толькі частку з іх. І пачнем з падзей снежня: 16 снежня ў Еўрапарламенце прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Сёлета ўзнагарода прысуджаная беларускаму палітвязню, журналісту Анджэю Пачобуту і журналістцы з Грузіі Мзіі Амаглабелі.

Дачка Анджэя Пачобута Яна ў Еўрапарламенце. Скрыншот відэа
«За кожным імем у справаздачах стаіць дом, гісторыя і людзі, якія чакаюць.
Мой бацька — не толькі публічная асоба. Ён — муж, сын, сябар. І кожны з гэтых пяці гадоў мы не ведалі, як ён, ці ён у бяспецы. Але кожны дзень мы выбіраем надзею, бо надзея — адзінае, што ў нас не забралі», — прамовіла ў Страсбургу дачка Анджэя Пачобута Яна.
Еўрапейскія парламентарыі віталі яе словы стоячы.
Крыху раней у Гамбургу БРЦ прэмію Free Media Award атрымаў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Журы адзначыла ўнёсак беларускага медыя ў развіццё расследавальніцкай журналістыкі і важную ролю ў выкрыцці карупцыі і фэйкаў.

Стась Івашкевіч прымае прэмію прэмію Free Media Award. Фота: БРЦ
Ураджэнка Беларусі Таццяна Чыпсанава стала лепшай у у катэгорыі «Доўгатэрміновы праект» у прыстыжнай прэміі World Press Photo 2025. у серыі фотаздымкаў з Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі Таццяна распавядае пра племя нгаай тагу, якое жыве ў прыродаахоўным рэгіёне Тэ Урэўэра ў Новай Зеландыі.

Праца Таццяны Чыпсанавай пра племя нгаай тагу. Фота: worldpressphoto.org / Таццяна Чыпсанава
Беларуская мастачка Саша Вялічка стала лаўрэаткай Прэміі Photo Essay на Еўрапейскім Месяцы фатаграфіі SEEEU у Токіа. Такую высокую ацэнку атрымаў ейны праект State of Denial.

Фатографка Саша Вялічка прэзентуе свой праект на Фестывалі еўрапейскай фатаграфіі SEEEU, Токіа. Фота: Польскі інстытут у Токіа
У верасні ў Вільні прайшла цырымонія узнагароджвання лаўратаў галоўнага конкурсу незалежнай журналістыкі. Узнагароджванне аўтараў лепшых матэрыялаў адбылося падчас канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пераможцы конкурса «Вольнае слова-25». 16 верасня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ
Акцыі салідарнасці
Больш за 15 акцый салідарнасці з беларускімі журналістамі за кратамі прайшлі сёлета па ўсім свеце. Мэтай акцый, якія БАЖ праводзіць у межах «Марафону салідарнасці» з калегамі ёсць не даць свету забыць пра калег у беларускіх турмах.

Дэлегаты з’еўду Еўрапейскай федэрацыі журналістаўт у Будапешце ўдзельнічаюць у акцыі салідарнасці з беларускімі журналістамі за кратамі. Фота: БАЖ
Футбольныя спаборніцтвы
5 чэрвеня ў Вільні адбыўся футбольны матч паміж дэпутатамі Сейма Літвы і камандай Офіса Святланы Ціханоўскай. Футбольная сустрэча прайшла на знак салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі і журналісткамі.

Супольны здымак з партрэтамі палітзняволеных журналістаў перад пачаткам гульні. Фота: БАЖ
За каманду Офіса Ціханоўскай гулялі галоўны дарадца Франак Вячорка, дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, дарадца па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. На трыбунах заўважылі старэйшага палітычнага дарадцу Аляксандра Дабравольскага, старшыню зліквідаванай АГП Уладзіміра Шанцава ды іншых беларусаў, якія праз палітычныя рэпрэсіі аказаліся ў Літве.
12–13 верасня ў літоўскіх Друскеніках прайшоў восеньскі міжнародны журналісцкі футбольны турнір, які праводзяць Літоўская федэрацыя спартыўных журналістаў і Літоўская футбольная федэрацыя. Беларусь на турніры прадстаўляла каманда БАЖ пад бела-чырвона-белым сцягам.

У склад каманды БАЖ ўвайшлі вядомыя аматары спорту сярод журналістаў Мікіта Мелказёраў, Аляксандр Івулін, Ягор Марціновіч і іншыя. Фота: БАЖ
Сплаў на байдарках, роварны прабег, МедыяКэмп
Беларускія журналісты сёлета арганізавалі хвалю спартовых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 30-годдзя Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Удзельнікі сплаву салідарнасці на старце. Фота: БАЖ
Сплаў ладзіўся на знак салідарнасці з калегамі, якіх на сёння ў Беларусі трымаюць за кратамі. Раней БАЖ ужо правёў шэраг квізаў і роварны прабег па Вільні.

Падрыхтоўка да велапрабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Больш за 30 беларускіх медыйшчыкаў і медыйшчыц з’ехаліся, каб абмеркаваць надзённыя праблемы, набыць новыя веды, досвед і знаёмствы ў нефармальным МедыяКэмпе «За Кадрам».

МедыяКэмп БАЖ, 2025 год. Фота БАЖ
Медыйшчыкі раздзяліліся на чатыры каманды, каб правесці мазгавы штурм на тэму «Калі навіны — суцэльны боль». Гаварылі пра тое, як змяняецца фармат навінаў у турбулетны час. Пра грамадскую значнасць і права на прыватнае жыццё: пра што варта пісаць, а пра што не, як пісаць, каб яшчэ больш не ўзмацняць траўмаванасць аўдыторыі, але пры гэтым падтрымліваць інтарэс да няпростых тэм і адначасова не выгарэць самім журналістам. Абмяркоўвалі, як пазбягаць аднатыпнай падачы навінаў пры яўным дэфіцыце інфармацыі з Беларусі.
Вызваленне палітвязняў
Ну і, канешне, найбольш кранальныя здымкі года — вызваленне калег з‑за кратаў.

Андрэй Кузнечык разам з сям’ёю ў Вільні. Photo: Andrei Shauliuha (RFE/RL)

Першае фота Ігара Карнея на волі. Вільня, 21 чэрвеня 2025 года. Фота: Telegram-канал Святланы Ціханоўскай

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Наша Ніва»

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»

Аляксандр Манцэвіч пасля вызвалення. Фота БАЖ

Блогер Ігар Лосік пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»

Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

Ларыса Шчыракова са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык і шасцёра вызваленых журналістаў тэлеканалу: Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Ірына Слаўнікава, Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Павел Вінаградаў. Фота: Сяргей Сацюк
@bajmedia