• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволены журналіст Дзмітрый Наважылаў застаецца за кратамі

    Праваабаронцы паведамляюць пра «блытаніну» ў спісах палітвязняў, вызваленых 19 сакавіка пры садзейнічанні ЗША. БАЖ звяртае ўвагу, што першапачаткова ў спісе на вызваленне па памілаванні значыліся дакладныя асабовыя звесткі былога дырэктара інфармагенцтва БелаПАН Дзмітрыя Наважылава.

    Экс-дырэктар БелаПАН Дзмітры Наважылаў. Архіўнае відэа: tut.by / стоп-кадр: Позірк

    Паводле праваабаронцаў, на волю выйшаў іншы чалавек з трохі падобным прозвішчам. Як піша Telegram-канала «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі», у ліку 250 палітзняволеных, вызваленых з‑за кратаў пры садзеянні спецпасланніка ЗША Джона Коўла, апынуўся жыхар Гомельшчыны Уладзіслаў Наважанцаў. 

    Аднак у першапачатковым спісе на вызваленне фігуравалі асабовыя дадзеныя менавіта Дзмітрыя Наважылава. Ні імя і прозвішча, ні дата нараджэння яго не супадаюць з вызваленым вязнем. Чаму так адбылося — невядома.

    Так ці інакш, але Дзмітрый Наважылаў па-ранейшаму застаецца за кратамі.

    Былога дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН прыгаварылі да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі. Медыяменеджара  абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).

    Справа БелаПАН

    Суд над белапанаўцамі пачаўся 6 чэрвеня 2022 года, затым быў аб’яўлены перапынак на «экспертызу», а ў канцы верасня аднавіўся аж да фінальнага пасяджэння.

    Сілавікі прыйшлі з ператрусамі да Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і яшчэ некалькіх дзейных і былых супрацоўнікаў БелаПАН 18 жніўня 2021 года. Вобшук адбыўся і ў мінскім офісе інфармагенцтва. Згодна з ордэрам Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, пастанова была выпісаная 10 жніўня. Сілавікамі былі вынятыя амаль паўсотні адзінак абсталявання: серверы, ноўтбукі, жорсткія дыскі, бухгалтарская дакументацыя і г. д.

    Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі на падставе падазрэння ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак абвінавачанне высунулі іншае — ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Потым з’явіўся яшчэ адзін пункт — ч. 1 арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

    Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі шмат раней, ад 12 студзеня 2021 года. Фармальна іх затрымалі за «падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках». Падставай стала аплата адміністрацыйных штрафаў грамадзянам, што пацярпелі ў выніку пратэснай актыўнасці.

    Неўзабаве справы чатырох фігурантаў перапляліся ў розных варыяцыях. Журналістам Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася «стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання», хоць усіх затрымалі яшчэ да адпаведнага рашэння Камітэта дзяржбяспекі. Інфармацыйная кампанія БелаПАН была прызнана КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем» больш чым праз два месяцы пасля затрымання Леўшынай і Наважылава — 1 лістапада 2021 года. (Запіс на сайце МУС Беларусі ў адпаведным рэестры з’явіўся 12 лістапада.) 

    Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай крымінальны артыкул за  «фінансаванне пратэстаў» ужо за кратамі разбавілі «здрадай дзяржаве». Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі ў тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіў як падазраваны ў нявыплаце падаткаў на 200 тысяч долараў. Санкцыі ўсіх артыкулаў былі ўзятыя за аснову падчас складання канчатковых тэрмінаў зняволення.

    Падчас працэсу ніхто з фігурантаў не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым, праваабаронцы аб’явілі усіх палітычнымі вязнямі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.