• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя, святары і Расія. Як выглядае беларускае рэгіянальнае тэлебачанне (на прыкладзе Гродна)

    Міліцыянт у эфіры расказвае, як атрымаў кампенсацыю ад п’янай жанчыны і аддаў яе хворым дзецям. А святар прапануе не пытацца ў дзяржавы, што яна можа даць людзям. Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла даследаваць беларускае рэгіянальнае тэлебачанне. Вось што мы знайшлі ў тэлерадыёкампаніі «Гродна».

    Кадр из передачи «Надежда на село» телерадиокомпания Гродно

    Кадр з перадачы «Надежда на село»

    Уласны канал тэлерадыёкампаніі «Гродна» з’явіўся ў 2015 годзе. Ён вяшчае 16 гадзін на суткі. Палову эфіру, як правіла, займаюць серыялы і дакументальнае кіно. Астатнія перадачы паўтараюцца тры разы на дзень. Таксама ёсць радыёэфір станцыі «Радыё Гродна».

    Што паказваюць?

    На канале ёсць наступныя перадачы: «Бодрое утро», «Окна города», «Надежда на село» , «Сезон уДачи», «Просто о здоровье», «Есть толк!», «Пульс» и «Свежим взглядом».

    Госці «Бодрого утра» — людзі культуры, спартсмены, міліцыянеры, МНСнікі, в.а. Генеральнага консула Расійскай Федэрацыі ў Гродне. Напрыклад, у эфіры «праславілі» міліцыянера Максіма Лукашыка. Ён распавёў, як яму аказала супраціў п’яная гарадзенка на выкліку. Яе асудзілі, а мужчына атрымаў матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды —2000 рублёў, іх ён адправіў у дабрачынны фонд, які дапамагае дзецям з інваліднасцю. «Плюсік у карму?» – усміхнулася вядучая.

    Максим Лукашик эфир телерадиокомпания Гродно

    Максім Лукашык у эфіры тэлерадыёкампаніі «Гродна»

    Таксама ёсць парады ад урачоў, гараскоп і песні. Ці ж можна паслухаць развагі ўладыкі Антонія — арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага. Ім у свой час замянілі ліберальнага ўладара Арцемія. Вядучыя «Бодрого утра» спыталі ў яго, што можа зрабіць сучасны хрысціянін для краіны, у якой ён жыве. Адказ быў, па сутнасці, прадказальны:

    — Не пытайся ў сябе, што табе можа даць дзяржава. Спытай, што ты можаш зрабіць для краіны, — адказаў ён. Рэчы, адэкватныя для нас, зараз падвяргаюцца сумневам — сям’я, пол чалавека, узаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Дзякуй Богу, што наша дзяржава выбудоўвае сваю заканадаўчую базу, засноўваючыся на евангельскіх каштоўнасцях.

    Напярэдадні выбараў уладар Антоній таксама не супраць у эфіры дзяржаўнага тэлебачання падкрэсліць, што «кожны грамадзянін Беларусі мае пашпарт. Наяўнасць пашпарта мае на ўвазе ўдзел ва ўсіх працэсах, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве».

    У перадачы «Окна города» расказваюць пра прадпрыемствы, сельскую гаспадарку і беларуска-рускае супрацоўніцтва. У перадачы, прысвечанай прававой асвеце насельніцтва, не абыходзіцца без трансляцыі гендэрных стэрэатыпаў. Напрыклад, вядучыя раптам сталі разважаць аб тым, ці мужчынская прафесія — юрыст. Пытанне пра гэта задала жанчына — вядучая Алёна Гізоўская. «Наадварот, жанчынам гэтая прафесія бліжэйшая. Жанчыны больш пунктуальныя, больш педантычныя, удумлівыя. А літара закона патрабуе стаўлення такога», — лічыць Андрэй Южык, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

    Пра духоўна-маральнае выхаванне дзяцей тут гавораць не з педагогамі, а са святарамі. Прапановы часам гучаць арыгінальныя. Напрыклад, з непажаданымі служыцелям царквы дыскатэкамі прапануюць змагацца з дапамогай баляў. «Мы крытыкуем дыскатэкі — клубы шумныя. Гаворым пра тое, што мала там добрага. Пасля такіх вечароў чалавек наўрад ці зможа маліцца ці наўрад ці ў ім прачнецца нешта добрае. Трэба даць альтэрнатыву. Для гэтага па традыцыі праводзяцца балі — два разы на год», — распавялі ў эфіры.

    Адзін з сюжэтаў прысвяцілі 100-гадоваму юбілею ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціны Баранавай, якая настальгуе па Савецкім Саюзе, а краіну называе «Белоруссией».

    Передача «Окна города» Телерадиокомпания Гродно

    Святкаванне юбілія Валянціны Баранавай. Скрыншот з Беларусь 4 Гродна

    У перадачы «Надежда на село» дзяўчына з традыцыйнай хусткай і фартухом прыязджае ў аграгарадкі і расказвае пра іх, выкарыстоўваючы знарок шмат трасянкі і слоў «значыца» і «имееца».

    «Укрнацысты» і «збеглыя» 

    Галоўная прапагандысцкая перадача — праграма «Свежим взглядом», якая з’явілася ў канцы 2022 года. У ёй абмяркоўваюць і каментуюць навіны — ад міжнародных да рэгіянальных. Пры гэтым кажуць пра бязлітаснасць «укрнацыстаў», пра «збеглых» і санкцыі. Калі ў першых сезонах гасцямі былі студэнты і маладыя спецыялісты, то зараз за стойкамі стаяць палкоўнікі і чальцы ветэранскіх арганізацый.

    Вядучая перадачы — Кацярына Старчавая, якая на тэлеканал прыйшла пасля ГрДУ імя Янкі Купалы. Цяпер яна выкладае ва ўніверсітэце, піша магістарскую і загадвае аддзелам. Перадачу «Свежим взглядом» яна называе «аналітычнай». Меркаванні гасцей студыі заўсёды строга адпавядаюць выверанай дзяржавай лініі. Напрыклад, у апошняй перадачы Аляксандр Балібрух, намеснік старшыні камісіі па патрыятычным выхаванні насельніцтва Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна, разважаў аб магчымасці прымянення ядзернай зброі так:

    Наконт ядзернай зброі — усё правільна, таму што ядзерная зброя — адзіны метад і сіла стрымлівання. Таму што вораг ён не любіць, калі моцныя дзяржавы супраць яго супрацьстаіць. Калі раней мы — нейтральны бок і мы не мелі права аднаго салдаціка паслаць на іншую дзяржаўную мяжу, то зараз мы дакладна ведаем, што калі нас нехта папросіць з краін АДКБ, мы маем права любы кантынгент — гэта…

    передача «Свежим взглядом» телерадиокомпания Гродно

    З перадачы «Свежим взглядом». Скрыншот тэлерадыёкампаніі Гродна

    Вораг стаіць каля брамы, заключылі ўдзельнікі сустрэчы. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 40 імя У. М. Крамко Мікалай Макарэеў з вядучай раптам сталі ваеннымі экспертамі па «мясарубцы» ў Аўдзееўцы і прымусовай мабілізацыі (якой у Расіі, на іх думку, няма, а 300 000 чалавек – кропля ў моры ).

    «Ва Украіне яны ўсе… Гэта значыць, там ёсць рускія людзі. Яны не факт што будуць хацець пайсці ў Еўразвяз. Многія хочуць пайсці пад Расію. Гэта барацьба нацыі, хаця нацыя адна — украінская. Ёсць групы людзей, якія жадаюць жыць у Расеі, іншыя жадаюць жыць у Еўропе», — лічыць Аляксандр Доста, лекар хуткай дапамогі Гарадзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

    Хто кіруе на тэлебачанні?

    Кіраўнік канала Мікалай Мельячэнка трапіў у скандал. Пасля затрымання ў п’яным выглядзе напрыканцы снежня 2020 года яго звольнілі. Канал часова ўзначаліў галоўны інжынер Уладзімір Жудро.

    Не пабаюся сказаць, што гады нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку розных інтэрнет-рэсурсаў адыгралі станоўчую ролю: мы змагаліся не за імгненныя лайкі, а за давер масавага гледача. І мы яго заваявалі. Безумоўна, градус адказнасці перад аўдыторыяй у журналіста-тэлевізіёншчыка вельмі высокі. Паколькі кожная навіна ў нашых выпусках – гэта не безаблічная канстатацыя факту, а пэўныя людзі перад аб’ектывам камеры, – распавядала «СБ. Беларусь Сегодня» загадчыца аддзела інфармацыі радыё і тэлебачання Тэлерадыёкампаніі «Гродна» Вольга Максімчык.

    Olga Maksimchik

    Вольга Максімчык. Фота: sb.by

    «А калі сур’ёзна, то ў адным з эфіраў праграмы «Окна города», якую вяду ўжо 7 гадоў, добра знаёмую мне музыказнаўцу тры разы называла Ларысай (а яна вось так Людміла!) А яшчэ я спрабавала аднавіць гістарычную справядлівасць, «упершыню» запрасіўшы валейбольную каманду, якая год таму была ў мяне ў гэтай жа студыі. Таму прытрымліваюся парады Акуджавы і як толькі пачынаю адчуваць сябе ачмуральным прафесіяналам — не, не іду мыць посуд, гэта даўно робяць за мяне мае трое дзяцей — а пераглядаю свае першыя эфіры. Дарэчы, нядрэнна выцвярэжвае», — напісала ў Insta­gram Ганна Руда, загадчык аддзела вытворчасці тэлевізійных праграм. Яна атрымала прэмію Аляксандра Дубко ў намінацыі «Журналист года».

    Акаўнты ў сацсетках шматлікіх супрацоўнікаў закрытыя.

    На сайце канала таксама можна знайсці фатаграфіі са святкавання юбілею канала, карпаратываў, суботніка і віншаванні жанчын са «святам вясны, прыгажосці і натхнення».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.