Як шукаць працу ў медыя і прадаваць ідэі? У Беластоку прайшла сустрэча беларускіх журналістаў
Сучасны беларускі журналіст працуе ў некалькіх фарматах, валодае некалькімі мовамі, умее працаваць са штучным інтэлектам і гатовы пастаянна вучыцца новаму. 19 верасня ў Беластоку адбылася сустрэча беларускіх журналістаў, падчас якой прадстаўнікі розных беларускіх медыя абмеркавалі, як стаць часткай рэдакцыі, чаго чакаюць ад журналістаў і што перашкаджае знайсці працу.

Дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда выступае падчас сустрэчы беларускіх журналістаў у Беластоку. 19 верасня 2026 года. Фота: аўтар для БАЖ
Змяненні ў журналістыцы – гэта надоўга
19 верасня ў Беластоку беларускія журналісты сустрэліся з прадстаўнікамі трох медыя — дырэктаркай «Нашай Нівы» Настай Роўдай, спікерамі ад «Белсат» і Hrodna.life.
Мадэратарам сустрэчы выступіў Павел Мажэйка. Ён звярнуў увагу на тое, што апошнім часам гучаць заклікі скараціць ці цалкам спыніць фінансаванне беларускім незалежных медыя. У той жа час значная частка журналістаў вымушана з’ехала з Беларусі і доўгі час працуе ў новых, часта нестабільных умовах.
На думку Мажэйкі, нават у цяжкіх умовах важна заставацца ў прафесіі і не губляць назапашаныя навыкі, бо яны спатрэбяцца ў будучыні. Ён прызнаўся, што раней, калі яшчэ гэта было магчыма рабіць у Беларусі, успрымаў прафесійныя дыскусіі, хутчэй, як фармальнасць, аднак у цяперашніх умовах у іх ёсць асаблівая вартасць.
— Змяненні і пошукі сябе — гэта не часовы этап, які вось-вось скончыцца, а доўгатэрміновая перспектыва, — падкрэсліў Мажэйка.
«Калі вы хэйціце выданне, у якім хочаце працаваць, – гэта адразу чырвоны сцяг»
Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы» разабрала станоўчыя і адмоўныя прыклады пошуку працы ў медыя. Адна з найбольш распаўсюджаных памылак — прапаноўваць супрацоўніцтва выданню, не разумеючы, што яно робіць. Наста падкрэсліла, што заўжды варта азнаёміцца з медыя (пачытаць матэрыялы, вывучыць фарматы і рэдакцыйную палітыку), а толькі пасля дасылаць рэзюме. Паводле Роўды, дзіўнай сітуацыяй выглядае тая, калі кандыдат публічна крытыкуе выданне, але адначасова хоча ў ім працаваць.
— Калі вы дзесьці ў сацыяльных сетках хэйціце выданне, у якім хочаце працаваць, то для выдання гэта адразу чырвоны сцяг. У сучасным свеце вашы сацыяльныя сеткі дакладна будуць прагледжаныя патэнцыйным працадаўцам. Калі ўбачаць, што вы паставілі лайк пад допісам, у якім лаюць медыя, то гэта дзіўна, што вы ў такое медыя дасылаеце CV.
Сярод іншых праблем яна назвала: адсутнасць рэкамендацый і прафесійнай рэпутацыі, нежаданне праяўляць ініцыятыву і прапаноўваць уласныя тэмы, адсутнасць ідэй і ўнікальнай прапановы, адсутнасць сеткі кантактаў і нежаданне яе развіваць, страх размаўляць з людзьмі і адсутнасць іншых моцных навыкаў, што дазваляюць кампенсаваць слабую камунікацыю.

Наста Роўда і Зоя Хруцкая падчас сустрэчы беларускіх журналістаў у Беластоку. 19 верасня 2026 года. Фота: аўтар для БАЖ
— Варта адразу паказаць, што менавіта ён можа зрабіць для медыя і чым яго досвед адрозніваецца ад досведу іншых журналістаў, — заўважыла Роўда.
Наста Роўда зазначыла, што рэдакцыі чакаюць канкрэтных прапаноў ад журналістаў, якія імкнуцца працаваць у іх медыя.
Як трапіць на працу ў рэгіянальнае медыя
Беларускія медыя, што раней працавалі ў рэгіёнах, а цяпер аказаліся ў вымушанай эміграцыі, змаглі перабудавацца і аднавіць працу. Аднак рэгіянальная спецыфіка і невялікія каманды ўплываюць на працу рэдакцый.
Прадстаўніца Hrodna.life адзначыла, што заставацца ў прафесіі сёння складана, бо ў журналістаў няма адчування бяспекі, а да звычайных прафесійных праблем дадаюцца эйджызм і наступствы рэпрэсій. Некаторыя журналісты спрабуюць вярнуцца ў прафесію пасля турмы, а іншым даводзіцца пачынаць амаль з нуля ў эміграцыі. Усім ім неабходна нанова вызначаць свае моцныя бакі і фактычна «пераствараць» сябе, бо і сама журналістыка імкліва змяняецца.
Прадстаўніца Hrodna.life параіла людзям, якія хочуць пайсці ў беларускую журналістыку, мець добра складзенае і актуальнае рэзюме. У ім можна пазначаць уласныя сайд-праекты, якімі займаецца чалавек, бо гэта можа прадэманстраваць навыкі нават без досведу ў буйной рэдакцыі. Перад размовай з працадаўцам неабходна пераправерыць нават назву выдання, бо ў гісторыі Hrodna.life былі выпадкі, калі кандыдаты памыляліся ў назве медыя, у якое хацелі ўладкавацца.
Даследаванне: Беларускія незалежныя СМІ ў выгнанні захоўваюць аўдыторыю ў Беларусі
Рэгіянальныя рэдакцыі могуць наймаць новых людзей у розных сітуацыях. Напрыклад, калі супрацоўнікі сыходзяць у дэкрэтны адпачынак ці пачынаюцца буйныя праекты. Пры гэтым сумяшчэнне працы ў некалькіх месцах не з’яўляецца праблемай у многіх рэгіянальных медыя, тут галоўнае — загадзя адкрыта абмеркаваць умовы.
Як стаць часткай «Белсата»
Прадстаўніца «Белсата» расказала, як можна трапіць у каманду тэлеканала ці пачаць супрацоўнічаць з ім у якасці фрылансера. Сёння «Белсат» працуе на некалькіх пляцоўках: тэлеканал, сайт, YouTube і сацыяльныя сеткі. Унутры медыя існуюць асобныя рэдакцыі, якія працуюць з рознымі фарматамі.
Па словах прадстаўніцы «Белсат», тэлеканал чакае, што кандыдат заявіць пра сябе і дашле рэзюме: у ім важна пазначыць, якімі мовамі валодае чалавек, ці можа свабодна размаўляць на іх, з якімі журналісцкімі фарматамі працуе, ці выкарыстоўвае штучны інтэлект і якія дадатковыя навыкі мае.
Адно з галоўных патрабаванняў да журналістаў «Белсата» — натуральная беларуская мова. Важна свабодна гаварыць, адчуваць слова і пазбягаць штучных канструкцый. Пры гэтым бездакорнае валоданне беларускай мовай на старце не заўжды абавязковая ўмова. У гісторыі канала былі выпадкі, калі супрацоўнікі істотна паляпшалі беларускую падчас працы.
— На «Белсаце» журналіст, які атрымаў заданне, ведае, колькі часу ў яго ёсць на падрыхтоўку матэрыялу і якім патрабаванням павінен адпавядаць вынік. Для нас асабліва важна ўменне коратка і зразумела даносіць інфармацыю да гледачоў. Таму нашы журналісты павінны ўмець напісаць, а затым скараціць напісанае. Тэлевізійная журналістыка ўсё ж адрозніваецца, бо інфармацыю неабходна падаваць так, каб яна была зразумелая вельмі рознай аўдыторыі.
«Белсат» чакае, што ў кандыдатаў будзе журналісцкая адукацыя, але яе адсутнасць не закрывае шлях на тэлеканал. Гатовыя разглядаць людзей з шырокім кругаглядам, якія добра пішуць, цікавяцца светам і ўмеюць жыць у навінавай павестцы. Асобнае патрабаванне — адказнасць за сябе і калег, бо памылка аднаго супрацоўніка можа стварыць небяспеку для ўсёй каманды.
«Белсат» абвясціў новы сезон. У эфір вяртаюцца і былыя палітвязні
«Белсат» гатовы разглядаць заяўкі на новыя праекты. Галоўнае — ініцыятыва і добра распрацаваная ідэя. Тэлеканал адкрыты для прапаноў: так, у новым сезоне гледачы могуць убачыць новыя праекты і твары.
Якім павінен быць беларускі журналіст?
Падчас практычнай часткі мерапрыемства журналісты прэзентавалі свае рэзюме. Плюсы і мінусы журналісцкіх рэзюме вызначалі прадстаўнікі «Белсат», Hrodna.life і «Нашай Нівы».
Спікеры адзначылі, што вялікія пытанні выклікаюць рэзюме, у якіх адсутнічае інфармацыя пра месца працы ў некаторых прамежках часу. Наста Роўда дадала, што ў рэдакцыі можа ўзнікнуць пытанне, ці не працаваў чалавек у КДБ у гэты час, і лепш напісаць адразу праўду, а не хаваць звесткі.
Сярод плюсаў журналісцкіх рэзюме — валоданне мовамі, рэкамендацыі ад людзей, якія ўжо працуюць у беларускай журналістыцы, абавязкова пісаць пра дадатковыя навыкі і ўменні. Плюсам будзе ўказанне ўласных прац (артыкулаў, падкастаў, відэаматэрыялаў) са спасылкамі ў медыя, дзе раней працаваў кандыдат.
Калі чалавек толькі пачынае шлях у журналістыцы, то звычайна трапіць у «Нашу Ніву» ці «Белсат» бывае складана. У такім выпадку пачынаюць з рэгіянальнай журналістыкі. Так склалася, што ў лакальных медыя рыхтаваліся і рыхтуюцца кадры для буйных медыя. Паводле слоў прадстаўніцы Hrodna.life, гэта боль рэгіянальных СМІ, бо рэдакцыі нацыянальных выданняў перыядычна «пераманьваюць» учорашніх стажораў.
Усе спікеры сышліся на думцы, што сучасная беларуская журналістыка стала шматфарматнай, і на сёння ад журналіста чакаюць якасных тэкстаў, умення працаваць з відэа і аўдыя, новымі тэхналогіямі.
@bajmedia