• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сацсеткі журналіста: Паміж прафесійным інструментам і асабістымі рэфлексіямі. Плюс парады

    Нашы профілі ў сацсетках здольныя як стварыць моцны персанальны брэнд, так і знішчыць рэпутацыю за адзін імпульсіўны каментар. Дзе праходзіць мяжа паміж асабістым і працоўным, як правільна рэагаваць на хэйт і чаму журналісту важна заўсёды памятаць пра «ўяўны мікрафон» — разбіраемся разам з вядомымі беларускімі медыйшчыкамі Аляксандрам Класкоўскім, Ксеніяй Галубовіч і Дзмітрыем Гурневічам.

    сацсеткі, медыя

    Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gem­i­ni

    «Уяўны мікрафон»: галоўны рэдактар вашага Facebook

    Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч заўсёды ўспрымае свой акаўнт у Face­book як сваю персанальную старонку — нават наўмысна напісаў у шапцы профілю, што тут — выключна прыватныя меркаванні/private opin­ions only.

    «Так, там, скажам, можа быць напісана тое, чаго не будзе ў эфіры «Радыё Свабода», у маіх роліках на YouTube або ў нейкіх тэкстах — я дазваляю сабе трошачкі больш на Face­book, але не больш за тое, пра што кажа этычны журналісцкі кодэкс», — заўважае ён.

    Дзмітрый Гурневіч кажа, што заўсёды памятае і карыстаецца парадай, якую атрымаў калісьці падчас працы на Польскім радыё:

    «Там нас таксама вучылі журналісцкай этыцы, адна з парад гучала так: ніколі не пішыце ў сацыяльных сетках таго, што б вы не сказалі ў мікрафон у эфіры».

    «Мы ж сябе з боку вельмі часта не бачым. На маю думку, гэты ўяўны мікрафон можа быць вельмі добрым фільтрам таго, што трэба і што не трэба на Face­book даваць. Гэта вельмі добры фільтр для сябе. Бо часам сацсеткі ствараюць ілюзію нейкай нібыта ананімнасці, нават калі ты пад уласным імем пішаш — то-бок ты не бачыш чалавека, адрасата, не бачыш яго вочы, эмоцыі і таму можаш, здаецца, дазволіць сабе больш. І вось тут уяўленне гэтага мікрафона збоку, адчуванне размовы з вялікай аўдыторыяй павінна стрымліваць ад такіх нейкіх суперрадыкальных або хамскіх часам паводзінаў, мне здаецца», — зазначыў суразмоўца.

    Дзмітрый Гурневіч

    Журналіст кажа, што не мае нейкага адмысловага сцэнара для сваіх пастоў у сацсетцы:

    «Але нездарма ў мяне напісана на акаўнце: «Людзі — розныя. Давайце разумець адзін другога». Гэта ў нейкім сэнсе мая ўвогуле журналісцкая філасофія. Зразумела, я не ідэальны ў гэтым сэнсе, але стараюся прызнаваць і разумець тое, што ў розных людзей розны досвед, характар, каштоўнасці, палітычныя погляды, мова, спосаб жыцця etc.

    І стараюся аднолькава ставіцца да людзей, погляды якіх мне блізкія, і да тых, у каторых погляды катэгарычна іншыя. Мне цікава шукаць ісціну, размаўляць з чалавекам, пачуць яго аргументы, паспрабаваць зразумець яго — гэта не значыць, што я прыму яго погляды на 100 %, але я ніколі не адкідаю ягоныя думкі ці аргументы толькі таму, што яны мне не падабаюцца».

    Дыскусіі ажыўляюць 

    На думку Гурневіча, дыскусіі пад допісамі надаюць пэўнай жывасці:

    «Ты не закрываешся, не варышся ва ўласным саку, выходзіш па-за ўласныя думкі. І людзям гэта цікава. Я займаю пазіцыю ў пэўным сэнсе назіральніка, не ацэншчыка, хаця часам і ацэнкі нейкія даю, але ўсё ж такі назіральнік — гэта цікавей».

    Яшчэ журналіст раіць прапускаць «усё праз уласны досвед»:

    «Калі раблю пост, то стараюся неяк гэта звязаць са сваімі перажываннямі або са сваім стаўленнем да гэтага. І мне падаецца, што людзям гэта цікавей, чым проста вось апісаць нейкую староннюю гісторыю. Усё-такі гэта мая прыватная сацыяльная сетка, і там людзі ведаюць мяне, нейкі мой характар, нейкія мае погляды на пэўныя рэчы».

    Варта, на думку журналіста, і гаварыць пра тое, што цябе захапляе ў жыцці: «Я ж займаюся гэтым не толькі для аўдыторыі, а таксама і для сябе. Мне прыемна дзяліцца чымсьці файным, тым, што дае мне радасць. Напрыклад, ровар. Я люблю апісваць свае вандроўкі, нейкія цікавосткі ў іх. Ведаю, што і людзям таксама гэта цікава, некаторых нават натхняе на падобнае. Людзі часам пытаюцца, куды паехаць, нейкія парады просяць. І гэта — супер. Я пішу і пра фільмы, якія мне падабаюцца, і пра кнігі, якія чытаю».

    «Ты не мусіш баяцца сказаць тое, што можа не спадабацца аўдыторыі»

    Але ў допісах павінна быць пэўная інтэлектуальная вага:

    «Ты не мусіш баяцца сказаць тое, што можа не спадабацца аўдыторыі, якая цябе любіць і чытае. Не для таго, каб раззлаваць яе, але ты мусіш не баяцца кінуць выклік людзям. Гэта зноў жа звязана з пошукам ісціны.

    Часам пішу пасты, якія трыгераць кагосьці — ведаю, што ў мяне ёсць такая думка, і я хачу яе данесці. Напрыклад, я некалькі разоў запрашаў у эфіры так званых харошых рускіх, Міхаіла Зыгара, іншых — і людзі вельмі абураліся. І дзякуючы гэтым абурэнням, я дайшоў да думкі, што нельга людзей адкідаць толькі таму, што яны расейцы і гавораць по-расейску. У іх каштоўнасці вельмі блізкія да нашых, яны спрабуюць нас разумець. Вельмі важна з імі размаўляць, тлумачыць нашыя думкі. Мы павінны таксама шукаць нейкую супольную мову з іншымі людзьмі.

    Але гэта патрабавала пэўнай адвагі — сапраўдны выхад з зоны камфорту. Прасцей было б гэтых харошых рускіх зацкаваць — гэта б атрымала больш лайкаў. Але гэта амаральна ў маёй сістэме каардынат».

    Наконт хэйту ці чагосьці такога, то Дзмітрый Гурневіч кажа, што за сваё жыццё не заблакаваў ніводнага чалавека, што яго абражаў.

    «Заблакаваў, здаецца, дзясятак чалавек, якія абражалі беларускі народ агулам. Але ніводнага, які персанальна да мяне пісаў. Мне да лямпачкі, як мяне крытыкуюць і што пра мяне думаюць. Як кажа Віталь Цыганкоў, я змагаюся не з людзьмі, а з ідэямі. І вельмі рэдка пачышчаю каментары, толькі ў выпадках, калі чалавек персанальна абражае брыдкімі словамі другога чалавека і асабліва, калі робіцца гэта беспадстаўна. Калі такога няма, а проста вострая дыскусія, то я дыскутую з ўсімі. Мне сапраўды цікава — чаму чалавек так думае? І калі гэта не проста пусты тролінг, то я з чалавекам буду далей размаўляць».

    Таксама медыйшчык разглядае свой акаўнт у Face­book як дадатак ці працяг працоўнага занятку:

    «Так, гэта такі працяг як журналіста ці канал-прэміум, дзе я дазваляю сабе трошачкі больш. Хутчэй, гэта нейкія прыватныя разважанні ў дадатак да таго, што выйшла на сайце ці ў эфіры. Але, разам з тым, тут прысутнічаюць і пэўныя абмежаванні. Я не магу падтрымліваць нейкіх палітыкаў або абражаць нейкіх палітыкаў, бо гэта змяншае адразу вартасць журналіста, паказвае, што ён не ў стане быць аб’ектыўным, калі ён такім чынам сябе паводзіць. А мне рэальна цікавы пошук ісціны.

    І мне гэта прыносіць самому радасць, таму што я камунікую са сваёй аўдыторыяй. Але пры тым я там усё роўна працягваю сябе і ўспрымаю, і жыву там, пішу як журналіст «Радыё Свабода», працую і на марку сваёй фірмы».

    Брама для камунікацыі з Беларуссю

    У той жа час сацсеткі «ўвогуле зараз фактычна адзіная брама, каб камунікаваць з людзьмі ў Беларусі».

    «На Threads я амаль не пішу, але шмат чытаю — мне цікава адчуваць градус. Беларусі. Я проста дазнаюся, чым людзі жывуць, чым яны цікавяцца. Вось там я рэальна назіральнік, бо не хочацца і падстаўляць людзей шчыльнай камунікацыяй з «экстрэмістам». Але пішу ў асноўным на Telegram і Face­book, прычым апошні дае больш праглядаў, некаторыя даходзяць да 20 000, што лічу вельмі добрым для беларускамоўнага кантэнту. Вельмі цаню сваю аўдыторыю, мне цікава менавіта для яе пісаць. Я ведаю, якая яна, мне здаецца, я адчуваю яе і мне цікава для яе ствараць. У Face­book, як і ў любых адносінах, трэба думаць пра іншага чалавека заўсёды, часам ставіць яго на першае месца».

    Пяць парадаў ад Класкоўскага

    Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі вядзе сацыяльныя сеткі даволі даўно, разглядае іх як прафесійны інструмент найперш — для прамоцыі сваіх матэрыялаў.

    Вось пяць парадаў ад мэтра айчыннай журналістыкі як выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі:

    «Першая: выкарыстоўваць сацсеткі для рэкламы сваіх матэрыялаў. Другое, трымаць марку, бо імідж, на мой погляд, непадзельны. Трэцяе, ачалавечваць свой акаўнт, каб людзі трохі ведалі цябе з нефармальнага боку. Чацвёртае, гэта старацца рэагаваць на каменты, але не сварыцца. І пятае, пісаць коратка, разбіваць допіс на абзацы».

    Аляксандр Класкоўскі. Фота: Наша Ніва

    «На мой погляд, трэба разумець, што сацыяльныя сеткі — гэта зусім іншая стыхія, там іншая стылістыка, іншыя формы падачы матэрыялу павінны быць. Пост мусіць быць кароткі. Не проста, напрыклад, лід матэрыялаў ім паўтараць, а нейкай больш размоўнай, можа, экспрэсіўнай мовай коратка выкладаць, у чым фішка матэрыялу.

    Пры гэтым чыста тэхнічная парада — разбівайце тэкст на абзацы, бо калі няма «паветра», то цяжка гэтую цагліну чытаць. На жаль, я бачу іншым разам, што прафесійныя журналісты гэта не ўлічваюць. У свой час я працаваў у першай айчыннай інтэрнэт-газеце «Беларускія навіны», то трошкі ведаю гэтыя заканамернасці, таму яшчэ раз раю рабіць лаканічныя пасты з анонсамі сваіх матэрыялаў і разбіваць на абзацы».

    Знаходзіць час, каб рэагаваць на каментары

    «Чытачы цэняць увагу аўтара, але пры гэтым не варта сварыцца ў сацсетцы. Мяркую, што імідж публічнай асобы непадзельны. І мяне здзіўляе, калі, напрыклад, не толькі журналіст, а іншая публічная асоба дае афіцыйнае інтэрв’ю ці, напрыклад, піша свой артыкул, дзе ўсё прыгожа, карэктна, этычна і гэтак далей, а потым той жа чалавек у сацсетках пачынае непрыстойна лаяцца, абражаць апанентаў і гэтак далей. Чамусьці ў некаторых асоб ёсць ілюзія, што сацыяльныя сеткі — гэта тое, дзе ўсё дазволена.

    То-бок варта трымаць марку не толькі ў сваіх артыкулах ці ў інтэрв’ю, але і ў сацыяльных сетках, таму што гэта ж не два чалавекі, гэта адзін і той жа чалавек. І калі ён сябе непрыстойна паводзіць у сацсетках, гэта накладае негатыўны адбітак увогуле на ягоную рэпутацыю, на ягоны імідж», — зазначае Аляксандр Класкоўскі.

    Класкоўскі таксама раіць карыстацца інструментамі: вывучаць статыстыку, рабіць хаця б самую простую вэб-аналітыку і адпаведна карэктаваць стыль, падачу сваіх допісаў у розных сацсетках.

    Перавага сацсетак у тым, што яны даюць рэакцыю непасрэдна ад канкрэтных карыстальнікаў:

    «І для мяне гэта важна. Па-першае, могуць заўважыць нейкія хібы, нейкія недакладнасці. І я стараюся не лезці ў бутэльку ў такіх выпадках. Дзякую людзям і выпраўляю нейкую недакладнасць. Па-другое, адчуваеш сапраўды, якія тэмы хвалююць, а якія не чапляюць — гэта адбіваецца на выбары тэм».

    Як працаваць з непажаданымі кліентамі

    Што да хэйтараў, ботаў і да таго падобнага, то ў Аляксандра Класкоўскага такі падыход:

    «Па-першае, я даволі пераборлівы ў тым, каго дадаваць у сябры. Я не аўтаматычна гэта раблю, а праглядаю, што гэта за чалавек, гляджу ягоныя допісы, ягоны акаўнт, чым ён дыхае, так бы мовіць. Калі гэта нейкая цёмная ці падазроная асоба альбо скандальная, то я звычайна проста не дадаю ў сябры. Такая першасная селекцыя.

    Калі ёсць нейкая вострая крытыка, але прыстойная, то ніколі не блакую чалавека толькі таму, што ў яго іншае меркаванне і што ён негатыўна пра нейкі мой матэрыял выказваецца. Калі ж ёсць непрыстойная лаянка, напрыклад, то я чалавека выдаляю з сяброў. Звычайна не блакую, а проста выдаляю з сяброў. Ёсць опцыя, што калі не сябар, то не можа пісаць каменты. То-бок хай чытае, але калі не ўмее сябе паводзіць, то без каментавання».

    «Я б яшчэ раіў ачалавечваць свой акаўнт. Так, гэта прафесійны інструмент, але гэта не значыць, што там толькі посціць анонсы сваіх матэрыялаў. Тваім чытачам цікавы і нефармальны бок твайго жыцця: чым ты жывеш, чым ты дыхаеш, чым захапляешся. Даю нейкія здымкі са сваіх роварных падарожжаў — і яны часам набіраюць больш лайкаў, чым нейкія матэрыялы. І гэта таксама дапамагае быць бліжэй да сваёй аўдыторыі, быць жывым чалавекам», — кажа Класкоўскі.

    Трымаць старонку ў прафесійнай форме

    Беларуская дакументальная фатографка і кінематаграфістка, журналістка Ксенія Галубовіч зазначае, што медыйшчык у лічбавай прасторы заўсёды застаецца публічнай асобай, і яго статус максімальна набліжаны да статусу палітыка:

    «Таму я б параіла людзям не вешаць занадта шмат асабістай інфармацыі ў сацыяльных сетках, а ўсё ж такі помніць, што калі ты публічны чалавек, то людзі на тваё меркаванне часам арыентуюцца, чуюць яго, як мінімум. І таму не варта мяшаць працу і асабістае жыццё ў сацсетках.

    Не заўсёды так атрымліваецца, канешне, але ўсё ж такі трэба намагацца. А калі твая старонка прафесійная, то і трымаць яе ў такой, менавіта больш прафесійнай форме. І вельмі б не раіла людзям, якія працуюць у медыя, пісаць пасты з абсцэннай лексікай. І наўрад ці людзі будуць сур’ёзна ставіцца да журналіста, які піша нейкія нецэнзурныя рэчы з праклёнамі і ўлязае ў кожную спрэчку з занадта эмацыйнымі каментарамі».

    Ксенія Галубовіч. Фота з прыватнага архіва

    «І самая галоўная парада — мне здаецца, пры ўсіх абставінах, у якіх мы жывем, усё ж такі журналістыка — даволі місійная справа. І калі ты яе абіраеш, то варта заставацца публічным, не ананімным. Журналіст, якому людзі давяраюцца, да чыйго меркавання прыслухоўваюцца — гэта ўжо свой брэнд. А ёсць журналісты, у якіх увогуле вельмі ўдала атрымалася зрабіць такі свой брэнд, яны асацыююцца нават не з выданнямі, дзе працуюць, а толькі з самімі сабой, са сваім іменем», — кажа Ксенія Галубовіч.

    У якасці прыкладу яны прыводзіць стратэгічныя кейсы Ганны Эплбаўм (The Atlantic) і Міхаіла Ткача («Украінская праўда»). У выпадку Эплбаўм мы бачым мадэль інтэлектуальнага лідарства, дзе асоба журналіста фармуе сусветны парадак дня, а кейс Ткача дэманструе вяршыню журналістыкі расследаванняў, дзе само імя аўтара служыць аўтаномным знакам якасці і праўдзівасці, незалежна ад рэдакцыйнай палітыкі. Прызнанне журналістыкі як публічнай місіі патрабуе адказнага перагляду падыходаў да асабістай прэзентацыі, бо поспех у гэтай сферы цяпер наўпрост залежыць ад маштабу персанальнай рэпутацыі.

    Сама Ксенія як прафесійная фатографка вядзе Insta­gram, дзе, як зазначае, ніколі не вешае пасты з нечым асабістым: «Там толькі ўсё тое, што звязана з маёй працай фатографа». Жорсткая мадэрацыя ўласнага кантэнту — гэта не абмежаванне свабоды, а падмурак для кіравання рэпутацыйным капіталам, які патрабуе абароны ад эмацыйнага фону.

    Інтэрнацыяналізацыя супраць замыкання ў сваёй бурбалцы

    На думку Ксеніі Галубовіч, для беларускай медыясупольнасці характэрная «шкодная зацыкленасць на сабе», якую неабходна разбураць праз інтэрнацыяналізацыю:

    «Вельмі мала хто з нашых журналістаў падтрымлівае кантакты з замежнымі калегамі. Таму варта часам нешта рабіць на англійскай мове менавіта для замежных калег, каб даносіць да іх нейкую інфармацыю, бо мы ж разумеем, што гэтую інфармацыю яны далей таксама недзе скарыстаюць ці, магчыма, панясуць далей у свае выданні, у свае матэрыялы. Мне здаецца, беларускім журналістам асабліва варта наладжваць гэтыя кантакты і часам нешта рабіць для замежнай аўдыторыі, а не толькі для сваёй».

    Міжнародны нэтворкінг, на думку журналісткі, гэта не проста абмен кантактамі, а стратэгія дыстрыбуцыі беларускага парадку дня праз глабальных пасрэднікаў.

    У сацсетках, мяркуе экспертка, а не толькі ў працы, беларускім журналістам таксама варта сінтэзаваць місійнасць, эмацыйную вытрымку і здольнасць маштабаваць свой уплыў на межы па-за выключна беларускім полем.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.