Трыб’ют капітану. Бронза БАЖ у Друскеніках
Свае бронзавыя медалі на Еўрапейскім журналісцкім футбольным чэмпіянаце каманда Беларускай асацыяцыі журналістаў прысвяціла Мікіце Мелказёраву.

Каманда БАЖ на адкрыцці Еўрапейскага журналісцкага футбольнага чэмпіянату. Фота: БАЖ
Літоўскія журналісты ўпершыню правялі міжнародны футбольны турнір у 2005‑м у Вільні, с 2010 года спаборніцтва праводзіцца ў Друскінінкаі.
«Турнір вырас, стаў самым вялікім сярод журналістаў у Еўропе. З мінулага года медыякамітэт УЕФА надаў яму статус чэмпіянату Еўропы. Каманда Беларусі гуляе з першага турніру. Памятаю, што ў 2005‑м мы прайгралі беларусам у серыі пенальці. На жаль, зараз некаторыя са знаёмых беларускіх гульцоў нават не могуць прыехаць у Літву са зразумелых прычын.

Кубак Еўрапейскага журналісцкага футбольнага чэмпіянату. Фота: БАЖ

Дзяніс Кучынскі і Таўтвідас Вянцявічус аб’яўляюць хвіліну маўчання. Фота: БАЖ
Але мы падтрымліваем сувязь і спадзяемся, што калісьці сітуацыя зменіцца, мы пабачымся і яшчэ згуляем разам, — успамінаў у першы дзень турніру прэзідэнт Літоўскай федэрацыі спартыўных журналістаў Таўтвідас Вянцявічус. — А Мікіту ведаў з 2010-га, ён тады яшчэ стаў лепшым футбалістам турніру.
Калі ён апынуўся ў Літве, то рэгулярна сустракаліся і не толькі на гульнях. Потым прыязджаў з Варшавы. Мікіта быў сапраўдным лідарам вашай каманды. Навіна пра ягоны сыход нас усіх тады шакавала. Малайцы, што каманда не рассыпалася і даволі няблага гуляе сёння ў памяць свайго капітана. Хаця Літве ў матчы-адкрыцці і прайграла, але шанцы застаюцца».

Таўтвідас Вянцявічус. Фота: БАЖ
Літва ў выніку заняла чацвёртае месца на гэтым чэмпіянаце.
Гулец беларускай зборнай Антось Лагвінец удзельнічае ў гэтым турніры ўпершыню, але пэўны час гуляў з Мікітам Мелказёравым у Варшаве:
«Хочацца згуляць напоўніцу, аддаць, так бы мовіць, даніну памяці — бо сам Мікіта, што б ён не рабіў, рабіў на сто адсоткаў. І ён заўсёды матываваў выкладацца астатніх на гэтыя сто адсоткаў, нягледзячы на сілы, якія маглі быць вельмі часта няроўнымі. Ягоны прынцып: рабі напоўніцу, аддавай усё — і тады пераможаш».
Каманда БАЖ перад пачаткам турніру. Фота: БАЖ

Гол у браму Аўстрыі. Фота: БАЖ
Журналіст Алесь Ляўчук таксама ўпершыню на гэтым турніры: «Для мяне важна згуляць за Беларусь пад нацыянальным сцягам, па-другое, вядома, гэта — памяць Мікіты. Дагэтуль цяжка асэнсаваць, што мы гуляем у памяць гэтага чалавека. Сёння гуляем за яго».

Серыя пенальці Арменія — Беларусь. Фота: БАЖ
Раман Андрыянаў успамінае, як мінулы турнір Беларусь распачала прынцыповым дэрбі з Літвой:
«На полі здарыўся канфлікт пасля таго, як мяне не вельмі спартыўна збіў супернік — і Мікіта проста выбег на поле дамагацца справядлівасці. Вельмі добра запомніў гэты момант. Мікіта збіраў каманду кожны год, гэта быў вельмі вялікі прывілей — патрапіць у спіс Мелказёрава. Памятаю, як Іван Шыла пасля турніру і слоў Мікіты вырашыў падвышаць узровень гульні і пайшоў да трэнера па футболе. Гэта паказчык — калі дарослы чалавек наймае трэнера, каб адпавядаць патрабаванням капітана каманды. У той жа час Мікіта ствараў вельмі ўтульную атмасферу ў камандзе. Зараз мы пераствараемся, але пастараемся, каб зрабіць усё ж такі каманду, якой бы радаваўся Мікіта».
«Мне здаецца, футбол — гэта наогул заўжды больш, чым гульня, гэта такі мікрасвет: гэта і менеджмент, і палітыка таксама, сапраўды міні-жыццё такое.
Так гэта пражываў і Мікіта Мелказёраў. Калі ён гуляў, то заўжды аддаваўся цалкам, аддаваў усяго сябе на гэта. Часам мог і занадта эмацыйна ставіцца, мог на нас і палаяцца, і пасварыцца. Такі быў запал адрэналінавы. Пры тым вельмі падтрымліваў камандны дух, яму было важна і тое, што адбываецца пасля футбола, — кажа гулец каманды БАЖ, прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Банэр у памяць Мікіты Мелказёрава. Фота: БАЖ
— І гэты турнір, ён таксама больш, чым проста футбол, ён аб’ядноўвае журналістаў з усёй Европы. Беларусь заўжды тут удзельнічае. Мне падаецца, гэта вельмі важна, што Беларусь тут таксама ўспрымаецца як Еўропа, што яна прысутнічае тут пад бела-чырвона-белым сцягам, як гэта і мусіць быць. Гэта таксама магчымасць паразмаўляць, пастасавацца з журналістамі з усяго свету, гэта наладжванне кантактаў.
Але для нас, канешне, гэты турнір асацыюецца перадусім з Мікітам Мелказёравым — ён быў такім рухавіком беларускай каманды тут, сапраўдным капітанам, які нас збіраў, які шмат патрабаваў, які будаваў насамрэч вельмі выкшталцона тыя самыя гарызантальныя сувязі па-за межамі поля і ўнутры каманды.
Таму сёлета для нас гэты турнір насамрэч такі асабісты трыб’ют не проста знанаму журналісту, якім быў Мікіта, не толькі вялікаму чалавеку з вялікай душой, з вялікім сэрцам, але і нашаму капітану.
Мяркую, ён, гледзячы на нас з нябёсаў, радуецца, што мы зноў сабраліся, што мы зноў прыехалі. Але таксама і лаецца там, калі мы не забіваем у пустую браму, ці трыумфуе, калі выйграем вось у Венгрыі, якіх не адолелі мінулы раз з Мікітам».

Дзяніс Кучынскі ў матчы са зборнай Аўстрыі. Фота: БАЖ
Чэмпіёны вызначыліся пасля марафону баёў
Сёлета турнір праходзіў у новым фармаце. Усе 11 каманд згулялі адна з адной па кругавой сістэме — каманда, якая набірае найбольшую колькасць ачкоў, становіцца чэмпіёнам Еўропы.

Серыя пенальці паміж Беларуссю і Арменіяй. Фота: БАЖ
Яшчэ адно новаўвядзенне ад арганізатараў — міні-серыя пенальці. Калі матч завяршаўся ўнічыю ў асноўны час, кожная каманда атрымлівала права выканаць па тры пенальці. За перамогу ў асноўны час — 3 ачкі, за перамогу ў серыі пенальці — 2 ачкі, а за паразу — 1 ачко.

Бронза ў БАЖ! Фота: БАЖ
Што да гульняў, то пасля першай паразы ад Літвы (3:0) беларуская каманда сабралася і здабыла шэраг перамог. Былі і серыі пенальці, прыкладам, у вельмі драматычным матчы з Арменіяй, была і выпушчаная з рук перамога ў гульні з Румыніяй, якая, што праўда, дадала спартыўнай злосці і прынесла перамогі ў гульнях з Кіпрам і Чэхіяй.

Матч Беларусь — Грэцыя. Фота: БАЖ
А каманда Грэцыі выйшла на гульню з Беларуссю з чорнымі стужачкамі — гэта кранальны жэст у памяць Мікіты Мелказёрава.

Медаль бронзавых чэмпіёнаў. Што праўда, на мапе няма чэмпіёнаў Украіны і Беларусі — пакуль не ў зоне ЕС. Фота: БАЖ
Еўрапейскі журналісцкі футбольны турнір прайшоў у Друскеніках 11–12 верасня ў 21-шы раз. Акрамя беларусаў у турніры бралі ўдзел каманды Літвы, Латвіі, Украіны, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі, Грэцыі, Кіпра і Арменіі.
Першае месца здабыла Украіна, на другім — Венгрыя, трэцяе месца — за камандай БАЖ.
@bajmedia
