• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Даследаванне: Беларускія незалежныя СМІ ў выгнанні захоўваюць аўдыторыю ў Беларусі

    Кантэнт «не проста захаваўся — ён вырас», кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Прэзентацыя даследавання, якое праводзіў Media IQ, адбылася падчас канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты» 18 верасня ў Вільні.

    Даследаванне: Беларускія незалежныя СМІ ў выгнанні захоўваюць аўдыторыю ў Беларусі

    Прэзентацыя даследавання на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Даследаванне — гэта медыяметрыка 13 рэдакцый незалежных СМІ, а таксама сацыялагічнае анлайн-апытанне гарадскіх жыхароў Беларусі.

    Паводле Паўлюка Быкоўскага, беларускія незалежныя медыя, нягледзячы на блакаванні, захоўваюць масавы ахоп ўнутры Беларусі:

    «Кантэнт не проста захаваўся — ён вырас. За год колькасць праглядаў кантэнту 13 рэсурсаў у Беларусі павялічылася на 168 мільёнаў, галоўным чынам за кошт кароткіх відэа. Рэдакцыі адаптаваліся да таго, якое зараз ёсць медыяспажыванне і якім чынам можна дагрукацца да аўдыторыі».

    Рэдакцыі, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, трымаюць на шасці платформах 133 акаўнты трох тыпаў: асноўныя брэндаваныя, небрэндаваныя і рэзервовыя акаўнты.

    Амаль 32 % рэспандэнтаў з ліку гарадскога насельніцтва «дэкларуюць кантакт з незалежнымі медыя. Можна казаць, што, хутчэй за ўсё, лік  большы, але не кожны гатовы гэта пацвердзіць».

    «Гэта не супярэчыць большым лічбам медыяметрыі. Сацыялогія бачыць толькі пазнавальныя брэнды. Кантакт з небрэндаваным кантэнтам, з тымі каналамі, якія аўдыторыя не будзе распазнаваць як брэнд пэўнай рэдакцыі, з дапамогай сацыялогіі нельга ацаніць», — зазначыў Быкоўскі.

    Паўлюк Быкоўскі на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Паводле даследавання, у аўдыторыі незалежных медыя можна ўбачыць больш выразную праеўрапейскую арыентацыю: 11 % — ва ўсёй выбарцы апытаных, 33 % — у адасобленай аўдыторыі са схільнасцю да незалежных СМІ, 67 % у лаяльнай аўдыторыі незалежных СМІ.

    «Мы не можам казаць пра дакладную сувязь і хто на каго ўплывае, бо аўдыторыя выбірае СМІ, СМІ падтрымліваюць карціну свету гэтай аўдыторыі, тут выбар шмат якім чынам робіцца. Але мы бачым, што такая сувязь існуе. І гэта даволі важны паказчык: мы ведаем, што ёсць такая аўдыторыя, і гэтая аўдыторыя мае пэўныя перакананні і пэўны выбар».

    Стаўленне да вайны і ўспрыманне прапаганды

    «Гэта самы моцны маркер. Сярод лаяльнай аўдыторыі незалежных медыя 92 % не падтрымлівае дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне. Сярод лаяльнай аўдыторыі дзяржаўных медыя — 67 % іх падтрымлівае. Гэта амаль люстэрка атрымліваецца — такое моцнае адрозненне», — кажа медыяэксперт.

    Што да ўспрымання прапаганды, то найчасцей апытаныя заўважаюць яе ў дзяржаўных медыя, амаль столькі ж — у сацсетках.

    «Гэта не значыць, што трэба цалкам успрымаць так ацэнку сацсетак. Гэта выказванне пра тое, што там ёсць асяроддзе, якое так ацэньваецца. Напрыклад, гэтак жа мы можам пайсці ў бібліятэку і сказаць, што там ёсць добрыя кнігі і кепскія кнігі. Гэта суб’ектыўнае ўспрыняцце. Але выснова важная: сацсеткі — гэта не нейтральная альтэрнатыва, а поле канкурэнцыі за інтэрпрэтацыю. Там прысутнічае інтэрпрэтацыя з боку незалежных СМІ, ёсць палітычныя актары, ёсць дзяржаўныя СМІ і дзяржаўныя прапагандысты».

    Наконт таго, у правільным ці няправільным кірунку рухаецца Беларусь, то, паводле даследавання, гэта «залежыць ад блізкасці да незалежных СМІ»:

    «Сярод лаяльнай аўдыторыі дзяржаўных СМІ толькі 4 % мяркуюць, што Беларусь рухаецца ў няправільным кірунку. Сярод усіх рэспандэнтаў — 27 %, і гэта даволі высокі паказчык. У адасобленай аўдыторыі са схільнасцю да незалежных СМІ — аўдыторыя, якая то чытае, то не чытае, то давярае, то не давярае незалежным медыя, гэты паказчык ужо набірае 62 %; у лаяльнай аўдыторыі незалежных медыя — 93 %. (…) Таксама можна казаць, што чым бліжэй чалавек да незалежных медыя, тым больш у яго праяўляецца крытычная ацэнка падзей, і рэальны ўплыў вызначаецца якасцю сувязі, а не проста колькасцю кантактаў».

    Па-за Беларуссю, але тэматычна ў ёй

    Паўлюк Быкоўскі падкрэсліў, што даследаванне паказвае:

    «Амаль усе незалежныя СМІ працуюць па-за межамі Беларусі, але тэматычна застаюцца ў Беларусі. Доля кантэнту пра Беларусь і беларусаў у другім квартале 2026 года — ад 71 % на сайтах да 95 % у Tik­Tok. Гэта значыць, што медыя захавалі сваю мэту — аўдыторыю ў Беларусі — і працуюць для яе. То бок гэта не медыя выгнання, а медыя для Беларусі».

    На думку Быкоўскага, можна казаць, што беларускія незалежныя СМІ робяць тры рэчы адначасова:

    «Па-першае, захоўваюць сувязь з тымі, хто ўнутры краіны. У значнай ступені фармуюць парадак дня і мяняюць рэальнае жыццё: мы бачым рашэнні, калі мяняюць ці ўводзяць аўтобусныя маршруты, уплываюць на санкцыйную палітыку і гэтак далей. І трэцяе — уплываюць на светапогляд. З аднаго боку, аўдыторыя знаходзіць падтрымку сваёй карціны свету, з іншага — у людзей мяняюцца ўяўленні пра тое, што адбываецца, дзякуючы таму што яны інфармаваныя і могуць крытычна ацэньваць кірунак краіны».

    Рэдакцыі прывучылі аўдыторыю да імгненнай рэакцыі журналістаў 

    Ірына Слаўнікава, былая журналістка «Белсата» і былая палітзняволеная, заўважае, што за гэтыя гады — ад 2020-га — незалежныя рэдакцыі прайшлі складаны эвалюцыйны шлях прыстасавання да працы за межамі краіны, і яны «здолелі захаваць глыбокую сувязь з беларускім кантэкстам».

    Ірына Слаўнікава на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    На думку Ірыны Слаўнікавай, яны не ператварыліся ў «медыя дыяспары», а працягваюць працаваць найперш для чытачоў і гледачоў унутры Беларусі:

    «Я думала, што беларускія ўлады, калі вырвуць з каранямі беларускую журналістыку з беларускай зямлі, яны яе знішчаць. Вось не! Мы засталіся каранямі, у мяне такое ўражанне, што мы каранямі пачалі з гэтага паветра высмокваць усё, што можна было высмактаць».

    «Рэдакцыі прывучылі сваю аўдыторыю да імгненнага рэагавання на падзеі ў краіне і захоўваюць ролю яе «вачэй і вушэй», — заўважыла яна.

    Медыя паспяхова асвоілі сучасныя фарматы (Tik­Tok, Threads, Insta­gram), што дапамагае прыцягваць моладзёвую аўдыторыю і атрымліваць зваротную сувязь ды відэаматэрыялы ад людзей з Беларусі. Менавіта праз папулярнасць сярод моладзі, на думку Ірыны, улады пачалі прызнаваць гэтыя сацсеткі «экстрэмісцкімі».

    І яна аддае даніну тым, хто застаўся ў журналістыцы:

    «Тыя людзі, якія засталіся ў прафесіі, гэта не выпадковыя людзі, а менавіта людзі адданыя».

    Галоўнае, мяркую Ірына Слаўнікава, гэта тое, што СМІ не дублююць адзін аднаго, а займаюць розныя нішы, падаючы інфармацыю пад розным фокусам і шукаючы беларускі кантэкст нават у міжнародных тэмах:

    «Мы паўсюль, нават у міжнародных тэмах, шукаем беларускі кантэкст. І гэта ўсё мы падаем і тлумачым, журналістыка ўзяла на сябе яшчэ і функцыю адукацыі».

    Пры гэтым, як заўважае Слаўнікава, журналісты ў выгнанні з’яўляюцца вельмі ўразлівай групай праз страту фінансавання, складаныя побытавыя ўмовы і транснацыянальныя рэпрэсіі — ціск на сваякоў у Беларусі.

    Тым не менш, стандарты журналістыкі ў выгнанні не знізіліся, а нават падвысіліся, журналістыка ўзяла на сябе і функцыю супрацьстаяння беларускай і расійскай прапагандзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.