• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фатографка Саша Вялічка: У моманты крызісу дзяржпрапаганда спрабуе хаваць уласныя злачынствы

    Беларуская мастачка Саша Вялічка стала лаўрэаткай Прэміі Pho­to Essay на Еўрапейскім Месяцы фатаграфіі SEEEU у Токіа. Такую высокую ацэнку атрымаў ейны праект State of Denial. БАЖ пагутарыў з творцай на найбольш балючыя тэмы.

    Саша Вялічка Токіа

    Фатографка Саша Вялічка прэзентуе свой праект на Фестывалі еўрапейскай фатаграфіі SEEEU, Токіа. Фота: Польскі інстытут у Токіа

    Саша Вялічка — мультыдысцыплінарная мастачка са Слоніма, якая працуе на скрыжаванні даследчых практык і сучасных медыя. У сваіх працах яна даследуе тэмы прапаганды, постпраўды, калектыўнай траўмы і маніпуляцый. Над праектам «State of Denial» Вялічка пачала працаваць у 2023 годзе і працягвае да гэтага часу, рыхтуючы да публікацыі кнігу.

    «Прапаганда і рэпрэсіі — наша рэальнасць»

    — Праект даследуе, як людзі функцыянуюць у лічбавай прасторы, напоўненай маніпуляцыямі з боку прапаганды. Ён складаецца з дзвюх частак. Першая ўключае пастановачныя фатаграфіі — мае ўласныя візуальныя метафары, што адлюстроўваюць рэальныя выпадкі затрыманняў у Беларусі. У краіне з дыктатарскім рэжымам людзей могуць арыштаваць за колер адзення, букет кветак або нават малітву. На аснове гэтых гісторыяў я стварала інсталяцыі, якія затым фатаграфавала.

    Другая частка — гэта створаныя нейрасеткай выявы, згенераваныя на аснове афіцыйных прапагандысцкіх загалоўкаў, апублікаваных у тыя самыя дні, калі адбываліся затрыманні. Дванаццаць загалоўкаў на кожны выпадак служылі промтамі для генерацыі AI-візуалізацыі.

    Саша Вялічка Токіа

    Саша Вялічка на Фестывалі еўрапейскай фатаграфіі SEEEU, Токіа. Фота: Польскі інстытут у Токіа

    Мне было важна паказаць, як у моманты крызісу дзяржаўная прапаганда спрабуе хаваць уласныя злачынствы, ствараючы бясконцы паток візуальнага і навінавага смецця, каб адцягнуць увагу грамадства ад сапраўды траўматычных падзей.

    Згенераваныя выявы адводзяць погляд гледачоў ад рэальных гісторый затрыманняў. Глядач аказваецца паміж двума супрацьлеглымі светамі і вымушаны задаваць сабе пытанне: дзе на самай справе праходзіць мяжа паміж праўдай і выдумкай? Я працую з рознымі медыямі, дазваляючы ім уваходзіць у дыялог адно з адным і ствараючы наўмыснае адчуванне абсурду. У гэтым праекце таксама я даследую тое, як рэпрэсіі становяцца нябачнымі. Прапаганда і рэпрэсіі — наша рэальнасць, якая фармуе тое, як мы бачым свет і існуем у ім.

    Чаму сучасная фатаграфія?

    — Выбар залежаў ад некалькіх фактараў.

    Першы — бяспека. Многія дакументальныя праекты, што выходзілі пасля 2020 года, у прамым сэнсе шкодзілі беларусам, якія вярталіся дахаты.

    Другі — я не хацела рэтраўматызаваць людзей. У праекце я практычна не называю імёны і прозвішчы, каб выпадкова каму не нашкодзіць. Хоць у інтэрнэце можна знайсці масу інфармацыі пра гэтыя выпадкі. Дазволіла сабе толькі два выключэнні: назвала забітага Андрэя Зэльцэра і былую памочніцу пракурора Аліну Касьянчык. Праз апошняю адну жанчыну асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі», бо яна адмовілася здаваць прадстаўніцы ўлады кватэру. 

    І трэці фактар — мова абсурду. Мае фатаграфіі абсурдныя, цяжка зразумець, чаму на іх свіныя ногі або ялавічныя языкі ў балаклавах.

    У Беларусі выпадкі затрыманняў часта нагадваюць сюррэалізм, але менавіта так працуе дыктатура. Яна даводзіць абсурд да крайнасці, ператвараючы яго ў інструмент задушэння і кантролю. Прапаганда ў дыктатарскіх краінах стварае альтэрнатыўную версію свету, дзе ахвяра становіцца злачынцам, а рэпрэсіі называюць «клопатам пра народ». Яна перакручвае і змяняе рэальнасць.

    «Я лёгка знаходзіла кантакт з тымі, каго часта называюць «маргіналізаванымі групамі»

    — Патлумачце мне, як магістр квантавай радыёфізікі патрапіў у фотамастацтва?

    — Проста (смяецца). Мне ўвогуле падабаецца мастацтва, асабліва кіно, у прыватнасці, французская і тайваньская новыя хвалі, нарвежская школа кінематографа. Я не лічу, што чалавек мусіць думаць тунэльна: раз я вывучала матэматыку і фізіку, значыць, і разбіраюся толькі ў ядзернай фізіцы ці праграмаванні.

    Саша Вялічка

    Фестываль Circulation(s), Парыж. Фота: калектыў Fetart

    Саша Вялічка

    Фестываль Circulation(s), Парыж. Фота: калектыў Fetart

    Саша Вялічка

    Фестываль Circulation(s), Парыж. Фота: калектыў Fetart

    Памятаю, калі ў дзяцінстве на лета прыязджала да бабулі, яна мне пастаянна паказвала хатнія фотаархівы. І тлумачыла мне чатырохгадовай, чаму на фатаграфіі пунктумам з’яўляецца промень на плячы. Яна была маім лепшым сябрам, і мы многа часу праводзілі разам, разглядаючы фотаздымкі.

    А пазней дзядуля падарыў мне стары фотаапарат ФЭД 5В, і я ўсе свае кішэнныя грошы «на школьныя абеды» траціла на друк фатаграфій і на фотастужкі. То бок фатаграфія заўсёды была са мной.

    Таксама мне падабалася размаўляць з людзьмі, слухаць іх, я магла падыходзіць да незнаёмцаў і выпытваць, чым яны жывуць. Я лёгка знаходзіла кантакт з тымі, каго часта называюць «маргіналізаванымі групамі». Ніколі не ўспрымала іх як небяспечных людзей. Карацей, мяне заўсёды цікавіў чалавек. Калі я пераехала ў Польшчу, я зразумела, што праз моўны бар’ер больш не магу працаваць з людзьмі так, як раней. Таму пачала здымаць прадметы, пастановачныя сцэны — нібыта пераносіла чалавечыя гісторыі ў іншы пласт рэальнасці.

    «Прапагандзе выгадна, каб я не чытала навінаў»

    — Трэба разумець, ваш праект вырас з вашага асабістага «крымінальнага» досведу?

    — Асобная лінія — мой асабісты досвед сутыкнення з рэпрэсіўнай сістэмай. У мяне вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці, якое часта становіцца крыніцай унутранай напружанасці. Я не магла спакойна назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года.

    Саша Вялічка

    Выстава From the Ash­es у Нацыянальнай галерэі мастацтваў Zachę­ta у Варшаве. Фота: Daniel Rumi­ancew

    Саша Вялічка

    Выстава From the Ash­es у Нацыянальнай галерэі мастацтваў Zachę­ta у Варшаве. Фота: Daniel Rumi­ancew

    Потым — вайна. У нашым доме жылі пяць чалавек, якія выехалі з Украіны. Кожны дзень я слухала іх гісторыі, гартала навіны, спрабавала асэнсаваць тое, што адбываецца. У нейкі момант арганізм не вытрымаў — я проста выдаліла ўсе навінавыя стужкі.

    Пакуль не натрапіла на эсэ Сьюзан Зонтаг «Глядзець на чужыя пакуты». Яна піша пра тое, што чалавек натуральным чынам адварочваецца ад выявы, якая прычыняе боль. І я раптам зразумела, што гэта той самы механізм, якім карыстаецца прапаганда — чым больш ты стамляешся, тым прасцей табой маніпуляваць. Калі мы адварочваемся, яна толькі мацнее.

    Я вельмі выразна адчула гэта ў размовах нават з уласнай сваячкай, якая, маючы беларускі пашпарт, працягвае называць краіну «Беларуссія». Кожнага разу мне даводзіцца тлумачыць, што такой краіны ўвогуле не існуе. І адначасова выступала супраць Лукашэнкі, але падтрымлівала Пуціна. Для мяне гэта сімптом таго, як глыбока прапаганда пранікае ў мысленне, перакручваючы логіку і базавыя паняцці.

    Я хачу сказаць, што праект State of Denial нарадзіўся не толькі з майго ўласнага досведу: многіх маіх сяброў судзілі, многія з’ехалі з краіны пад пагрозай крымінальнага пераследу і пад уплывам дзяржаўнай прапаганды, якая з пачаткам вайны толькі нарошчвала абароты свайго вар’яцтва. Я зразумела, што гэта трэба зафіксаваць.

    «Я стала першай беларускай, якая атрымала гэтую прэмію»

    — Вашаму праекту State of Denial ужо гады два, ён заваяваў некалькі міжнародных узнагарод…

    — Праект я прыдумала ў 2022 годзе, а здымаць яго пачала вясной 2023-га. У той год ён атрымаў штогадовую прэмію імя Конрада Пустолы ад Kry­ty­ka Poli­ty­cz­na.

    Саша Вялічка

    Сінгапурскі міжнародны фатаграфічны фестываль, Сінгапур. Фота: калектыў SIPF

    Саша Вялічка

    Сінгапурскі міжнародны фатаграфічны фестываль, Сінгапур. Фота: калектыў SIPF

    Конрад Пустола — польскі фатограф, які памёр ў 2015 годзе, ён быў адным з самых крутых фатографаў, здымаў сацыяльна-эканамічныя ўзрушэнні ў Польшчы. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў Kry­ty­ka Poli­ty­cz­na, пасля яго смерці ягоныя калегі заснавалі гэтую прэмію.

    Я стала першай беларускай, якая атрымала гэтую прэмію — дагэтуль яе атрымлівалі толькі палякі.

    Сёлета мой праект перамог на фестывалі Les Bouto­gra­phies у Манпелье. Я атрымала галоўную ўзнагароду, а муніцыпалітэт горада выкупіў мае працы ў сваю пастаянную калекцыю. Я не разумела французскую мову, проста сядзела ў зале, але калі назвалі маё імя, то ледзь не расплакалася.

    На конкурс падаваліся больш за 600 праектаў з усяго свету, але толькі дзесяць з іх былі прэзентаваныя як фізічныя экспазіцыі, і менавіта мой атрымаў прыз журы. Я атрымала грашовую прэмію, бо горад выкупляў калекцыю, а я ўвайшла ў гісторыю.

    Так што, калі патрапіце ў горад Манпелье, наведайце галерэю ў муніцыпалітэце, у якой сабраныя працы пераможцаў за ўсе 25 гадоў існавання фестывалю.

    Саша Вялічка

    Фестываль Les Bouto­gra­phies, Манпелье. Фота: Peter Vass

    Саша Вялічка

    Фестываль Les Bouto­gra­phies, Манпелье, 3D мадэль. Аўтар: Giulio Favot­to

    Пазней мой фотапраект трапіў у шорт-ліст прэстыжнай швейцарскай кніжнай прэміі Images Vevey Book Award. Патрапіць туды ўвогуле нерэальна, нават аглядальнікі, якія глядзелі мае праекты ў Францыі, у Швейцарыі, казалі, што падаваліся на прэмію, але не былі нават намінаваныя.

    А літаральна ў кастрычніку я выйграла Гран-пры фестывалю SEEEU 2025 у Токіа. Польскі інстытут мяне прывёз у Токіа, сама выстава праходзіць ў Europa House (прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Японіі). А зараз Польскі інстытут запрасіў мяне ў творчую рэзідэнцыю ў Токіа на некалькі месяцаў.

    Таксама мае працы былі прадстаўленыя на міжнародных выставах у Парыжы, Сінгапуры, Ратэрдаме, Арлі, Токіа, на сольных выставах у Франкфурце і Валенсіі, у галерэі Zachę­ta ў Варшаве і ў галерэі сучаснага мастацтва Bunki­er Sztu­ki у Кракаве. Акрамя таго, праект стане часткай фестывалю ў Капенгагене ў 2026 годзе.

    «Я чалавек новы, які раптоўна ўварваўся ў свет мастацтва»

    — Калі шчыра, я моцна стамілася ад таго, як функцыянуе беларуская арт-супольнасць у выгнанні.

    У мастацтве — гэта шчыльная лазня з адных і тых жа асобаў, і разарваць гэтую беларускую блакаду амаль нерэальна.

    — Можа, расшыфруем панятак «шчыльная лазня»? Бо я ўяўляю закрытую беларускую супольнасць, якая не пускае ў сваё кола новых людзей…

    — Так, гэта менавіта пра тое. Беларуская арт-супольнасць, што існуе цяпер у выгнанні, пераняла шмат структурных праблем, якія фармаваліся гадамі ўнутры самой краіны. Перш за ўсё гэта закрытасць, кумаўство і іерархічнасць. Калі чалавек быў вядомы ў Беларусі, яго пазнавальнасць у эміграцыі аўтаматычна ўзмацняецца. Новыя аўтары, якія з’явіліся за апошнія гады, сутыкаюцца з высокай і часта непразрыстай сцяной, яны натыкаюцца на вельмі высокі парог уваходу.

    Саша Вялічка Токіа

    Фестываль еўрапейскай фатаграфіі SEEEU, Токіа. Фота: Польскі інстытут у Токіа

    Калі я пачынала свой шлях у мастацтве, у мяне не было ані сувязяў, ані «правільных» кантактаў — я нікога не ведала і фактычна ўсё рабіла з нуля. І калі ўпершыню паказвала свой праект беларускім куратарам, я вельмі добра адчула, як працуе гэтая закрытая сістэма. Мой праект іх проста не цікавіў.

    Справа была не ў якасці, не ў тэме, а ў тым, што для таго, каб яго зразумець, трэба было ўнікнуць у тэму, паглядзець на яе па-новаму, патраціць час, быць гатовым сутыкнуцца з невядомым. Але страх новага, нежаданне даследаваць і схільнасць абапірацца толькі на тое, што ўжо знаёмае і «бяспечнае», робяць беларускую арт-супольнасць амаль непранікальнай для тых, хто прыходзіць звонку.

    У выніку многія маладыя мастакі трапляюць у пастку: калі ў цябе няма сувязяў, калі ты не належыш да ўжо існуючага кола, калі твая мова або падыход крыху адрозніваюцца — цябе проста не бачаць. Не таму, што ты не варты ўвагі, а таму, што сістэма выхаваная ў асяроддзі, дзе няма звычкі працаваць з новымі сэнсамі і метадамі. Структурна гэта вельмі моцна падмацоўваецца тым, што ў Беларусі няма крытычных інстытуцый, няма дастатковай колькасці падрыхтаваных кадраў. Таму любое «новае» ўспрымаецца як пагроза або як непатрэбная складанасць.

    Як вынік, у мяне склалася парадаксальная сітуацыя — першыя інстытуцыі, якія паверылі ў мяне і падтрымалі маю працу, былі не беларускімі, а замежнымі. Менавіта яны ўспрынялі мой праект сур’ёзна, былі гатовыя ў яго ўнікаць, былі гатовыя працаваць са мной прафесійна. Маю паездку ў Токіа цалкам аплаціў Польскі інстытут у Токіа, і гэта пры тым, што я не полька. Гэтая адкрытасць да іншага досведу, адсутнасць страху перад новым, гатовасць рызыкнуць — тое, чаго так бракуе ў беларускім мастацкім полі.

    Саша Вялічка

    Выстава «Zniknij nad Wisłą» у Bunki­er Sztu­ki — Галерэя сучаснага мастацтва, Кракаў.
    Фота: Rafał Sosin.

    Гэта ўсё стварае агульную карціну: беларускае мастацтва часта існуе не як адкрытая экасістэма, а як замкнёны механізм, дзе страх новага, адсутнасць даследчага падыходу, слабая прафесійная падрыхтоўка і неразвітая інстытуцыянальная база робяць практычна немагчымым натуральнае абнаўленне і рост.

    Гэта вынік доўгіх гадоў існавання ў краіне, дзе фактычна не было паўнавартаснай арт-сістэмы. У Беларусі не існавала сучасных інстытуцый, якія б падтрымлівалі мастакоў у поўнай меры, не было месцаў, дзе можна было б вучыцца сучаснай фатаграфіі, напрыклад, не было крытычнай думкі, якая фармуе здаровае культурнае поле. У такіх варунках не ўзнікла ні традыцыі адкрытай дыскусіі, ні празрыстых правілаў.

    Пасля 2020 года гэтыя праблемы толькі ўзмацніліся. Многія аўтары былі вымушаныя з’ехаць, але ў эміграцыі ізаляванасць нікуды не знікла. На гэтым фоне камунікацыя паміж беларускімі мастакамі таксама часта аказваецца складанай. Замест узаемнай падтрымкі нярэдка ўзнікае штучнае суперніцтва.

    Не таму, што людзі дрэнныя, а таму што ўмовы прымушаюць змагацца за абмежаваную колькасць магчымасцей. Калі рэсурсаў вельмі мала, яны становяцца аб’ектам барацьбы, а не асновай для супольнага развіцця. Гэта стварае атмасферу недаверу і раз’яднанасці, у якой цяжка нараджаюцца новыя ініцыятывы.

    Наша супольнасць непазбежна ператвараецца ў закрыты клуб, дзе рашэнні прымаюцца праз асабістыя сувязі, а не праз прафесійныя заслугі. У такім асяроддзі новаму чалавеку вельмі цяжка з’явіцца і быць пачутым, нават калі ў яго моцныя працы і міжнародныя поспехі. Гэта не пра варожасць, а пра структуру, якая гістарычна не эвалюцыянавала і цяпер проста не спраўляецца з уласнай трансфармацыяй.

    Саша Вялічка

    Так выглядае дызайн кнігі State of Denial

    — Менавіта закрытасць беларускай арт-супольнасці і налёт легендарнасці прывёў да таго, што вас няблага ведаюць за мяжой і амаль не ведаюць у Беларусі?

    — Сітуацыя патроху змяняецца. Але раней мне было сапраўды балюча сутыкацца з тым, як лёгка мая праца застаецца незаўважанай у беларускім полі.

    Напрыклад, зусім нядаўна я стала фіналісткай конкурсу Star Pho­to­Book Dum­my Award са сваёй кнігай, і гэта адчувалася як важнае пацвярджэнне таго, што я рухаюся ў правільным напрамку.

    Цяпер у мяне пачаўся новы этап, я падпісала кантракт на рэпрэзентацыю з галерэяй Jed­nos­t­ka — адной з найлепшых галерэй у Польшчы, якая спецыялізуецца таксама і на фатаграфіі. Для мяне гэта вельмі значная падзея. Галерэя рэпрэзентуе сапраўды выбітных мастачак і мастакоў, напрыклад, Вероніку Гэнсіцку, Рафала Мілаха. Таму для мяне асабліва радасна стаць часткай гэтай супольнасці. Я шчыра радая гэтаму супрацоўніцтву і спадзяюся, што наша сумесная праца прынясе важныя вынікі і адкрые новыя магчымасці для развіцця.

    Акрамя гэтага, мы разам з беларускім мастаком Іллём Спрынджуком здымаем майстэрню, якая ўжо ператварылася ў паўнавартасную арт-прастору. Мы робім там лекцыі, выставы, запрашаем людзей, і гэтае месца стала натуральным пунктам прыцягнення для многіх.

    — Ці падзеліцеся з намі сваімі далейшымі планамі?

    — Зараз я працую над кнігай State of Denial, а таксама над двума іншымі праектамі. Усе яны вельмі розныя, таму часам бывае складана пераключацца паміж імі. Паралельна ідуць абмеркаванні новых выстаў, і ўжо зусім хутка вы ўсё самі ўбачыце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці