• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА: вынікі даследавання і парады адны адным

    Грамадская арганізацыя «ІншыЯ» і Аб’яднанне беларусаў Нямеччыны «Разам» пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў зладзілі даследаванне супрацоўніцтва беларускіх НДА і недзяржаўных медыя, каб выявіць запыты, белыя плямы ды кропкі росту. Дзелімся галоўнымі высновамі.

    Як (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА: вынікі даследавання

    Для даследавання былі зладжаныя 8 глыбінных інтэрв’ю з прадстаўні_цамі 7 НДА, 6 глыбінных інтэрв’ю з рэдактар_камі недзяржаўных медыя, а таксама анлайн-анкетаванне прадстаўні_ц медыя і НДА (былі атрыманыя 21 і 49 анкет адпаведна). Сацыяльна-дэмаграфічныя профілі і ўся метадалогія — у поўным тэксце даследавання.

    Як НДА і медыя ўзаемадзейнічаюць сёння

    55% апытаных з арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) супрацоўнічаюць з медыя толькі ў асобных выпадках, 57% апытаных з медыя адказалі, што маюць супольныя справы з НДА рэгулярна ці стала, але ў абедзвюх групах толькі траціна аказаліся задаволенымі цяперашнім станам рэчаў.

    Найбольш распаўсюджаныя фарматы супрацы медыя і АГС: 

    Як (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА: вынікі даследавання

    Галоўныя складанасці:

    1. Бакі па-рознаму бачаць інфармацыйныя прыярытэты.

    Прадстаўні_цы АГС адзначалі, што іх тэматыка, асабліва ў сферы экалогіі, адукацыі ці гендарнай роўнасці, часта ўспрымаецца медыя як другасная. У сваю чаргу, медыя падкрэслівалі, што многія АГС прапануюць інфармацыю, якая мала адпавядае інтарэсам чытач_ак, і не заўсёды гатовыя адаптаваць свае паведамленні пад патрэбы выданняў.

     

    2. Ёсць пытанні да прафесіяналізму.

    АГС адзначалі выпадкі парушэння дамоўленасцяў, ігнараванне інфанагод, адсутнасць спасылак на крыніцы, павярхоўнасць у пытаннях і непрафесійнасць асобных журналіста_к. Медыя ж звярталі ўвагу на недастатковыя навыкі многіх арганізацый у падрыхтоўцы рэлізаў і каментарыяў, а таксама на запаволеную ці несістэмную камунікацыю.

     

    3. Даводзіцца працаваць у дэфіцыце рэсурсаў.

    У АГС часта няма асобных супрацоўні_ц або бюджэту для камунікацыі з медыя, а медыя не маюць магчымасці моцна паглыбляцца ў спецыялізаваныя тэмы праз абмежаваны час і кадравыя рэсурсы.

     

    4. Чаканні бакоў часам не супадаюць, няма паразумення.

    АГС згадвалі пра выпадкі неэтычных паводзінаў журналіста_к: публікацыю інфармацыі без згоды, парушэнне дамоўленасцяў, недакладнасці ў матэрыялах. Медыя лічылі, што прадстаўні_цы АГС завышаюць сваю экспертызу, не гатовыя да аператыўнай і гнуткай працы.

     

    5. Супрацоўніцтва адбываецца ва ўмовах палітычнага ціску і рызыкаў бяспецы.

    Гэта абмяжоўвае магчымасці як для адкрытага асвятлення дзейнасці АГС, так і для рэалізацыі перспектыўных сумесных праектаў.

    Нягледзячы на шэраг складанасцяў, у глыбінных інтэрв’ю абодва бакі адзначалі і прыклады паспяховага супрацоўніцтва. Працытуем адзін з іх:

    «Мы пагаварылі з Прэс-клубам, сабралі журналістаў з розных рэдакцый і завялі канал, куды посцім “гарачыя” тэмы, матэрыялы, спасылкі. Пасля гэтага яны самі да нас прыходзяць: просяць аналітыку, матэрыял, задаюць пытанні»

    (больш прыкладаў і цытат — у поўным тэксце даследавання).

     

    Ці можна заўважыць нейкі трэнд?

    Рэспандэнт_кі збольшага канстатавалі, што

    ўзаемадзеянне медыя і НДА ў параўнанні з 2020–2021 гадамі пацярпела або знаходзіцца на тым жа ўзроўні:

    толькі 14% абазначылі яго як «больш інтэнсіўнае». Гэта можа сведчыць як пра ўплыў знешніх абставін — у тым ліку палітычнага кантэксту і росту рызык бяспецы, — так і пра вычарпанасць першапачатковага імпульсу, які назіраўся ў 2020–2021‑х.

    Вядома, паўплывала на сітуацыю практыка прызнання шматлікіх незалежных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Не кожнае СМІ можа апублікаваць каментар эксперт_кі з арганізацыі з такім статусам, роўна як і не кожн_ая эксперт_ка можа выступіць у «экстрэмісцкім» СМІ. Да таго ж з‑за мяжы ўсё складаней атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, хаця бакі і знаходзяць шляхі для абыходу такіх бар’ераў.

     

    Крокі насустрач: Together for Values — JA

    Асобным элементам даследавання стала ацэнка ўплыву сумеснага праекта «ІншыЯ» і Аб’яднання беларусаў Нямеччыны «Разам» — Togeth­er for Val­ues — JA. Праект быў запушчаны ў 2024 годзе з мэтай наладжвання сувязяў паміж незалежнымі беларускімі медыя і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.

    Сярод тых, хто быў знаёмы з праектам,

    палова (52%) адзначылі станоўчыя змяненні ва ўзаемадзеянні паміж медыя і АГС.

    Сярод іншага:

    • усталяванне прамых каналаў камунікацыі паміж АГС і рэдакцыямі медыя;
    • пазітыўны досвед супольнай працы, калі прадстаўні_цы АГС атрымлівалі магчымасць самастойна прапаноўваць тэмы і фарматы;
    • аператыўны выпуск аналітычных публікацый і інтэрв’ю дзякуючы новым кантактам;
    • стварэнне сумесных матэрыялаў;
    • усталяванне кантактаў паміж АГС.

    Праект быў успрыняты як значны крок у бок больш актыўнага і раўнапраўнага партнёрства паміж прадстаўні_цамі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі медыя. У глыбінных інтэрв’ю рэспандэнт_кі асабліва падкрэслівалі значэнне афлайн-мерапрыемстваў, якія ствараюць натуральныя ўмовы для знаёмства і дыялогу паміж прадстаўні_цамі дзвюх супольнасцяў.

    Наколькі бакі зацікаўленыя ў супрацы?

    Зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва паміж медыя і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці высокая з абодвух бакоў. 7–10 балаў па шкале ад 0 да 10 абралі 86% прадстаўні_ц АГС і 71% — медыя.

    Чым могуць быць карысныя адны адным:

    • АГС бачаць у медыя найперш магчымасць прасоўвання важных тэм (84%), павышэння пазнавальнасці арганізацыі (73%) і бачнасці яе дзейнасці (73%). Таксама важнымі чаканнямі сталі прыцягненне новых удзельні_ц з ліку мэтавых груп (71%) і пошук валанцёра_к і донара_к (65%).
    • Медыя, у сваю чаргу, разглядаюць супрацоўніцтва з АГС як магчымасць атрымаць доступ да эксперта_к (80%), знаходзіць цікавыя асабістыя гісторыі (75%), павышаць якасць кантэнту праз дадатковыя крыніцы інфармацыі (70%), пашыраць тэматыку выданняў (65%) і ўмацоўваць сувязь з аўдыторыяй (60%).

    Выглядае як сітуацыя, дзе выйграць могуць усе, — win-win. Тое, што медыя шукаюць у супрацоўніцтве, часта з’яўляецца тым, што могуць прапанаваць НДА, і наадварот.

    Пры гэтым амаль усе рэспандэнт_кі хацелі б выкарыстоўваць новыя або дадатковыя фарматы супрацы:

    • АГС хацелі б бачыць больш сумесных інфармацыйных кампаній, інтэрв’ю з прадстаўні_цамі арганізацый, а таксама публікацыі прэс-рэлізаў і перадрукі іх матэрыялаў у медыя.
    • Медыя аддавалі перавагу фарматам, дзе можна атрымаць жывыя гісторыі рэальных людзей (бенефіцыяраў), а таксама інтэрв’ю і экспертныя каментарыі.

    Рэцэпт паспяховага супрацоўніцтва

    І для медыя, і для АГС асноўнымі фактарамі паспяховага супрацоўніцтва з’яўляюцца асабістыя кантакты паміж прадстаўні_цамі, актуальнасць прапанаваных тэм, наяўнасць публічных эксперта_к і спікера_к, гатовых выступаць. Медыя дадаткова адзначылі праактыўнасць АГС.

    Як (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА: вынікі даследаванняЯк (не) супрацоўнічаюць медыя і НДА: вынікі даследавання

    Такім чынам, асноўныя ўмовы супрацы абодва бакі бачаць вельмі падобна, а гэта добры падмурак для ўзаемаразумення. Каб яго ўмацаваць, аўтар_кі даследавання вылучылі парады НДА да медыя і медыя да НДА, сабраныя з адкрытых адказаў анкет і з глыбінных інтэрв’ю.

    Парады НДА да медыя:

    • Асвятляйце не толькі падзеі, але і тэмы, каштоўнасці супольнасцяў.
    • Забяспечвайце своечасовую і паважлівую камунікацыю.
    • Шукайце далікатныя фарматы для «складаных тэм» (ВІЧ, ЛГБТК, залежнасці і гэтак далей).
    • Развівайце сумесныя інфармацыйныя праекты.
    • Шукайце бяспечныя фарматы супрацы.
    • Трымайце адказную рэдакцыйную палітыку (без клікбейту; гендарна чуллівая мова; без мовы варожасці).

    Парады медыя да НДА:

    • Растлумачце журналіст_кам, чаму ваша праца важная, і дазвольце ім зрабіць сваю.
    • Рыхтуйце кароткія, своечасовыя і насычаныя фактурай матэрыялы.
    • Будуйце сістэмную камунікацыю (патрэбныя адказныя асобы, індывідуальныя кантакты).
    • Будзьце праактыўнымі з прапановамі фарматаў і тэм.
    • Будзьце адкрытымі да камунікацыі і каментарыяў.
    • Шукайце супольныя праекты і рэсурсы (у тым ліку гранты).
    • Ведайце сваю мэтавую аўдыторыю і падбірайце медыя адпаведна.
    • Падрыхтуйце one-page pitch (каб распавесці, хто вы і ў чым ваша асноўная экспертыза).
    • Пішыце і скарачайце (варта падвышаць навыкі ў напісанні прэс-рэлізаў).
    • Прыходзьце не толькі з праблемамі, але і з пазітыўнымі гісторыямі.
    • Шукайце любыя асабістыя кантакты ў рэдакцыі.
    • Улічвайце нішавасць СМІ і мову выдання.
    • Стварайце яскравыя падзеі і крэатыўныя ідэі.
    • Будзьце настойлівымі.

    Даследаванне цалкам даступнае па спасылцы.

    Мы папрасілі прадстаўніц анлайн-медыя «Салідарнасць» і медыяініцыятывы HetaOkey ацаніць вынікі даследавання. Што іх здзівіла, а што — зусім не? Ці ўзялі яны для сябе нейкія новыя веды для далейшай супрацы?

    Прадстаўніца «Салідарнасці»:

    — Для нас — медыя, якое шчыльна супрацоўнічае з многімі НДА ўжо шмат гадоў, — было важна азнаёміцца ​​з вынікамі даследавання, каб убачыць, якія заўвагі і пажаданні ў плане сумеснай працы гучаць з боку трэцяга сектара ў адрас медыясупольнасці і наадварот. Гэта нармальная сітуацыя — наладжванне працэсаў і паляпшэнне камунікацыі.

    Пэўная незадаволенасць адны аднымі — адвечнае пытанне, якое гучыць больш ці менш гучна ў залежнасці ад становішча ў Беларусі і свеце. Магу расказаць пра гэта з пазіцыі медыйшчы_ц. Навін і вельмі надзённых тэм не становіцца менш, нагрузкі на журналіста_к — каласальныя. Але бываюць перыяды, калі каманды ў стане закрываць адносна ўсе напрамкі, у тым ліку не менш важныя тэмы, звязаныя з дзейнасцю самых розных арганізацый грамадзянскага сектара.

    Цяпер навін і гэтых вострых тэм — велізарная плыня, і асвятляць іх трэба неадкладна. У той час як самі медыя зазнаюць вялізныя выпрабаванні, многім прыйшлося скараціць колькасць супрацоўні_ц, а некаторыя рэдакцыі ў цэлым знаходзяцца на мяжы выжывання. У такіх умовах прыкладаюцца максімальныя намаганні і для захавання медыя і калектываў, і для таго, каб выконваць сваю місію, даносячы да аўдыторыі важную інфармацыю. І гэта ў рэжыме 24/7.

    Пры бягучым раскладзе рэдакцыі мусяць расстаўляць прыярытэты. І супрацоўніцтва з НКА — адзін з прыярытэтаў. Публікацыі, якія я бачу на платформах беларускіх незалежных медыяў, гэта пацвярджаюць.

    Што тычыцца «Салідарнасці», магу сказаць, што мы шмат гадоў супрацоўнічаем з самымі рознымі НКА. Стараемся рабіць гэта сістэмна, з многімі актывіст_камі розных арганізацый у нас прамая сувязь, і мы можам у рэжыме мазгавога штурму абмеркаваць, як расказаць пра тую ці іншую тэму, каб яна зачапіла большую частку аўдыторыі.

    Мы рэгулярна асвятляем тэмы роўнасці, дыскрымінацыі і правоў уразлівых груп, паказваем іх жыццёвы вопыт і бар’еры, з якімі яны сутыкаюцца, а таксама распавядаем пра паспяховыя практыкі, якія садзейнічаюць інтэграцыі, роўным магчымасцям і павазе чалавечай годнасці. 

    Больш за тое, сёлета мы адкрылі рубрыку «Неабыякавыя», у якой публікуем матэрыялы, зробленыя ў супрацоўніцтве з эксперт_камі трэцяга сектара, і гэта публікацыі ў самых розных жанрах: ад вынікаў даследаванняў да чалавечых гісторый. Дадатковая мэта гэтага спецпраекта — прадэманстраваць максімальную важнасць дзейнасці няўрадавых арганізацый для грамадства.

    Лічу, што наша агульная з НКА мэта — не толькі прыцягнуць увагу да гэтых пытанняў, але і натхніць чытачоў на актыўныя дзеянні, накіраваныя на пабудову больш справядлівага і інклюзіўнага грамадства.

    Аляксандра С., PR & Com­mu­ni­ca­tion HetaOkey:

    — Для мяне гэтая размова доўжыцца ўжо дзесяць год, і выглядае, што прынцыпова нічога не змяняецца. Аднак у гэтым, бадай, і палягае галоўны інсайт: раз нічога не змяняецца — значыць, мы робім нешта не тое. Ізноў я бачу, што кожны з бакоў кажа, як трэба працаваць іншаму, і мне падаецца, што гэта галоўны факап камунікацыі. Бо нешта змяняецца да лепшага тады, калі мы самі можам сказаць, як трэба працаваць нам і як трэба змяняцца нам, а не іншаму. Таму мне хацелася б, каб гэтыя размовы перацяклі ў больш канструктыўную гісторыю, дзе кожны з бакоў распавядаў бы, як спрацаваў на дасягненне сваіх мэт. Зрабіць кантэнт цікавым аўдыторыі — мэта медыя, і я не мушу дасягаць яе з боку НДА. А вось што тычыцца таго, каб прадстаўнікі медыя зацікавіліся тым, што робіць мая НДА, — гэта сапраўды мая мэта.

    У «Гэта ОК» мы ад пачатку абралі стратэгію рабіць так, каб не мы прыходзілі да медыя, а яны прыходзілі да нас. І медыя, сапраўды, звярнулі на нас увагу, калі мы рабілі першую кампанію «Каханне — мая рэлігія», куды залучылі беларускіх інфлюэнсара_к. З нашага боку была актыўнасць — і было заўважна, што мы прысутнічаем у інфапрасторы. Гэтай стратэгіі мы прытрымліваемся па сёння.

    Таксама ў нас добра спрацоўвалі прэс-канферэнцыі. Мы рабілі даследаванне пра патрэбы беларускіх бацькоў у тэме гендарнага і сэксуальнага выхавання дзяцей і прэзентавалі высновы на прэс-канферэнцыі, куды запрасілі класную псіхалагіню, якая працуе з гэтымі тэмамі. Шмат медыя не толькі дайшлі да прэс-канферэнцыі, але і працавалі потым з гер_аінямі, якіх мы знайшлі. Тут мы забралі на сябе адказнасць за тое, каб пра нас даведаліся і пісалі.

    Але часам мы ўвогуле не ідзем да медыя, а робім свой кантэнт, і робім яго так, як хочам, а потым карыстаемся кантэкстнай рэкламай, каб прасунуць на аўдыторыю, якая нас цікавіць. Увогуле не заўсёды і не з усім трэба трапляць у СМІ. Аднак калі мы таго хацелі, мы заўсёды траплялі ў фокус іх увагі і з усімі рэдакцыямі знаходзілі кропкі сутыкнення.

    Важна будаваць асабістыя чалавечыя адносіны і рабіць першы крок. Калі пра нас аднойчы напісалі, мы захоўваем кантакт з рэдакцыяй, знаёмімся і наступным разам звяртаемся ўжо адрасна. І гэта таксама пра тое, каб браць адказнасць на сябе.

    Калі я працавала журналісткай, гэта была мая адказнасць — зрабіць такі сторытэл, які прасуне тэму на шырэйшую аўдыторыю, і я разумею, што насамрэч любую тэму пры пэўным падыходзе можна зрабіць цікавай. Але калі прадстаўні_цы НДА заўважаюць, што іх тэмай не цікавяцца, скардзяцца на якасць прэс-рэлізаў ці хуткасць адказаў, то гэта іх адказнасць — зрабіць так, каб гэтых скаргаў не было. Гэта ў іх інтарэсах — зрабіць так, каб арганізацыямі, ініцыятывамі, кампаніямі зацікавіліся і медыя, і тыя, на каго яны жадаюць паўплываць. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у 2025 годзе ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Калегі ў турмах. Спіс зняволеных журналістаў. Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі
    31.12.2025
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва наконт сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй пра такія абвінавачанні да Праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.
    14.08.2025

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    23.12.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.