Даследаванне БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», 2026
Даследаванне паказала, што ў 2026 годзе медыясупольнасць знаходзіцца ў стане працяглай адаптацыі да жыцця і працы па-за звыклым кантэкстам. Ключавымі патрэбамі становяцца фінансавая падтрымка, забеспячэнне стабільнай занятасці, доступ да прафесійнага развіцця, псіхалагічная падтрымка і стварэнне ўмоў для сацыяльнай інтэграцыі.

Даследаванне БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», 2026
Без сістэмнай падтрымкі ў гэтых сферах існуе небяспека далейшага размывання прафесіі і страты чалавечага патэнцыялу ў сферы медыя.
Галоўным прыярытэтам працы БАЖ ёсць абарона і падтрымка журналістаў, спрыянне іх прафесійнай дзейнасці. Стан, патрэбы, праблемы прадстаўнікоў і прадстаўніц медыясектара ў вялікай ступені вызначаюць эфектыўнасць працы ўсёй галіны.
Для вызначэння рэлевантнай карціны стану і патрэб прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара Беларуская асацыяцыя журналістаў у чацвёрты раз правяла шырокае даследаванне. Ранейшыя падобныя даследаванні праводзіліся БАЖ у 2021‑м, 2023‑м і 2024‑м гадах.
Даследаванне праведзенае сумесна з Кааліцыяй за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB).
Аўдыторыя апытання і метадалогія
Даследаванне грунтуецца на матэрыялах ананімнага анкетавання 165 удзельнікаў і ўдзельніц, якое праводзілася на лічбавых платформах БАЖ з 10 па 31 сакавіка 2026 года. Удзел у ім узялі прадстаўнікі і прадстаўніцы медыя, якія сёння жывуць у Беларусі (5% ад колькасці апытаных), Польшчы (58%), Літве (26%), Грузіі (2%), Нямеччыне (4%), Украіне (1%), Швейцарыі (0,6%), Чэхіі (0,6%) і ЗША (0,6% апытаных).
Пазначаныя тут лічбы паказваюць адсотак той ці іншай краіны ад агульнай лічбы асоб, што прынялі ўдзел у апытанні. Немагчыма сказаць, што дадзеныя адсоткі цалкам адлюстроўваюць карціну размяшчэння прадстаўнікоў і прадстаўніц нашай мэтавай групы, але даюць прыкладнае ўяўленне аб гэтым.
З прычыны страху перад магчымымі рэпрэсіямі (пра гэта заяўлялі ў тым ліку самі рэспандэнты) мы атрымалі толькі 8 адказаў калег з Беларусі, але і яны для нас маюць істотную каштоўнасць.
Узрост рэспандэнтаў ад 18 гадоў, 52,7% — жанчыны, 46,7% — мужчыны, астатнія асобы далі іншыя адказы альбо не адказалі на пытанне пра ўзрост.
Атрыманыя адказы аналізаваліся групай экспертаў і экспертак БАЖ, якая прадставіла выніковы даклад.
Пытанні і атрыманыя адказы
Праца ў медыя і не толькі

Так, працую толькі ў медыя – 57,6%. Так, працую ў медыя і сумяшчаю з працай у іншай сферы – 24,2%. Не працую, бо няма працы – 8,5%. Не працую праз палітычную сітуацыю ў Беларусі – 1,8%. На пенсіі – 1,2 %. Іншыя адказы – па 0,6%.
Адказ «Так, працую толькі ў медыя» найбольш характэрны для рэспандэнтаў, якія жывуць у Польшчы. Такім чынам, выразна бачна, што менавіта ў Польшчы сканцэнтраваная найбольшая колькасць людзей, якія працуюць выключна ў медыя. Гэта можа сведчыць пра лепшыя магчымасці для поўнай занятасці ў медыясферы ў гэтай краіне ў параўнанні з іншымі.
Адказ «Так, працую ў медыя і сумяшчаю з працай у іншай сферы» найбольш характэрны для рэспандэнтаў з Літвы.
Форма працаўладкавання

Калі Вы працуеце ў медыя, то якая ў вас форма працаўладкавання? Сэрвісная дамова, дамова падраду, umowa zlecenie, umowa o dzieło і падобнае – 52,7%. У штаце / кантракт і падобнае – 21,8 %. Асэнсаваны фрыланс (свядома не хачу прывязвацца да адной рэдакцыі) – 11% Больш за палову апытаных працуюць на сервісных дамовах, а не ў штаце медыя.
З досведу БАЖ, часцей гэта абумоўлена немагчымасцю рэдакцый з прычыны фінансавага стану ўзяць людзей на кантракт і часовага характару рэдакцыйных дамоваў і істотна адбіваецца на правах і абароненасці супрацоўнікаў. З іншага боку, высокі ўзровень падаткаў і ўнёскаў на сацстрах для тых, хто працуе па сталай працоўнай дамове, часам падштурхоўвае супрацоўнікаў медыя абіраць працу на ўмовах сэрвісных дамоваў.
Адсутнасць магчымасці стабільнага працаўладкавання па кантракце робіць журналістаў больш уразлівай і сацыяльна неабароненай групай. Рэспандэнты адзначаюць, што «спрынтарскі рэжым» працы, фінансавая і сацыяльная неабароненасць не дазваляюць своечасова вырашаць праблемы са здароўем, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі ў групе асабістых праблем.
Таксама ў выпадку сэрвісных дамоў юрыдычна людзі не маюць права ні на аплочаныя вакацыі, ні на поўныя бальнічныя. Рэспандэнты адзначаюць, што часта стараюцца пайсці насустрач працадаўцу, дзесьці дамовіцца, падмяніць, перанесці, але гэта трымаецца на міжчалавечых стасунках.
Фінансавая сітуацыя

Як адбілася на вас фінансавая сітуацыя ў медыя ў 2025 годзе? Скарачэнне працы / заробку – 32,7%. Страта працы – 10,3%. Павелічэнне аб’ёму працы з прычыны кадравых скарачэнняў – 25,5%. Адчувальна не адбілася – 24,8%.
Адметна, што людзі, якія адзначалі «Павелічэнне аб’ёму працы з прычыны скарачэнняў» (25,5%) у наступным пытанні падзяліліся прыкладна пароўну ў пытанні аб пагаршэнні ці паляпшэнні ўзроўню жыцця. То бок прыкладна ў палове выпадкаў працы ў чалавека стала болей, але гэта не гарантуе паляпшэння ўзроўню жыцця: у значнай частцы выпадкаў яно суправаджаецца яго пагаршэннем.
Сярод іншых адказаў на дадзенае пытанне гучыць наступнае: «Страта працы, а таксама істотнае пагаршэнне фізічнага і псіхалагічнага стану на фоне працяглага стрэсу. Працяглая напружанасць і нестабільнасць негатыўна адбіліся на здароўі: з’явіліся праблемы з фізічным самаадчуваннем, а таксама прыкметнае пагаршэнне псіхалагічнага стану. У выніку на маіх родных таксама легла дадатковая, фактычна падвойная нагрузка — як эмацыйная, так і практычная. Ім даводзіцца падтрымліваць мяне ў складанай сітуацыі, адначасова вырашаючы ўласныя жыццёвыя і побытавыя пытанні».
Адказы на пытанні сведчаць, што ў 2025 годзе вялікая частка медыйшчыкаў і медыйшчыц сутыкнулася са скарачэннем аб’ёму працы альбо з поўнай стратай працы (у суме 43%), яшчэ 25% апытаных заявілі пра павелічэнне аб’ёму працы з прычыны кадравых скарачэнняў.
Узровень жыцця

Як змяніўся ўзровень вашага жыцця за мінулы год? Істотна пагоршыўся – 13,3%. Пагоршыўся – 37%. Застаўся ранейшым – 38,2%. Палепшыўся – 9%. Істотна палепшыўся – 2,4%.
Усе чатыры адказы «Істотна палепшыўся» належалі асобам, якія адзначылі, што ў 2025 годзе выйшлі з‑за кратаў.
Статыстыка адказаў па дадзеным пытанні паказвае, што скарачэнне падтрымкі ЗША і выкліканая гэтым фінансавая сітуацыя ў медыя прывяла да істотных страт ў медыясупрацоўнікаў, істотнага скарачэння даходаў. У адказах на пытанне «Як змяніўся ўзровень вашага жыцця за мінулы год?» прасочваюцца пэўныя групавыя адрозненні — як па краінах, так і ў меншай ступені па ўзросце.
Па краінах найбольш выразная тэндэнцыя такая:
- рэспандэнты з Польшчы часцей адзначаюць, што іх узровень жыцця палепшыўся або застаўся стабільным.
- У той жа час у Літве прыкметна больш адказаў пра пагаршэнне або нестабільнасць. Гэта карэлюецца з тым, што там вышэйшая доля людзей, якія сумяшчаюць некалькі прац, — адпаведна, фінансавая сітуацыя можа быць менш устойлівай.
- Іншыя краіны (як Нямеччына, Грузія, Беларусь) прадстаўленыя меншай колькасцю рэспандэнтаў, таму выразных тэндэнцый там заўважыць немагчыма.
Прафесійныя і сацыяльныя праблемы
Аналіз адказаў на пытанне пра галоўныя працоўныя праблемы дазваляе ўмоўна вылучыць некалькі груп выклікаў, з якімі сутыкаюцца рэспандэнты.
У першую чаргу дамінуюць эканамічныя і матэрыяльныя праблемы. Найбольш часта людзі адзначаюць недастатковы ўзровень даходаў, фінансавую нестабільнасць і неабходнасць шукаць дадатковыя крыніцы заробку. Гэта добра суадносіцца з раней выяўленай тэндэнцыяй — значная частка рэспандэнтаў, асабліва ў Літве, вымушаная сумяшчаць працу ў медыя з іншымі сферамі.
Другі буйны блок — гэта нестабільнасць занятасці і фарматаў працы. Сюды ўваходзяць праблемы кшталту адсутнасці сталых кантрактаў, кароткатэрміновых дамоў, фрыланс-фармату і агульнай няпэўнасці ў заўтрашнім дні. Гэта асабліва актуальна для тых, хто працуе па сэрвісных дамовах або па-за штатам.
Трэцяя група праблем звязаная з прафесійнымі абмежаваннямі і развіццём. Рэспандэнты адзначаюць недахоп магчымасцяў для прафесійнага росту, абмежаваны доступ да навучання, стагнацыю ў кар’еры або немагчымасць рэалізаваць сябе ў поўнай меры як журналіста/медыяспецыяліста.
Асобна вылучаецца блок псіхалагічных і нагрузачных праблем. Гэта перагрузка, выгаранне, стрэс, неабходнасць працаваць у напружаных умовах (у тым ліку інфармацыйных і палітычных). Для часткі рэспандэнтаў гэта праблема набывае ўстойлівы характар, а не з’яўляецца разавым досведам.
Таксама прыкметная група праблем, звязаных са знешнімі ўмовамі працы: ціск, цэнзура, абмежаванні свабоды слова, асабліва для тых, хто звязаны з беларускім кантэкстам. Хоць гэта не заўсёды самы масавы адказ, але БАЖ ацэньвае яго як той, які мае высокую значнасць і глыбіню ўплыву.
У цэлым карціна выглядае так: асноўныя цяжкасці канцэнтруюцца вакол грошай, стабільнасці і ўмоў працы, таксама адзначаюцца праблемы развіцця і псіхалагічнага стану. Гэта сведчыць пра сістэмны характар выклікаў у медыясферы для рэспандэнтаў.

Ацаніце галоўныя праблемы, з якімі вы сутыкаецеся ў працоўным плане (можна выбраць неабходную колькасць адказаў альбо дадаць свой)?
Адсутнасць адпаведнай працы – 21,8%. Перагружанасць працай – 43 %. Нізкі заробак, недахоп сродкаў у вашым медыя, непрадказальнасць фінансавання – 63,6%. Складанасці з атрыманнем аплаты (юрыдычныя і банкаўскія абмежаванні) – 18,2%. Праблемы з легалізацыяй, якія ўплываюць на працаўладкаванне – 23%. Страта прафесійных сувязяў унутры Беларусі – 44,8%. Складанасць з доступам да інфармацыі, адсутнасць крыніц, закрытасць – 52,1%. Цэнзура і самацэнзура – 30%. Магчымасць пераследу мяне альбо маіх родных за маю прафесійную дзейнасць – 60,6%. Састарэлая тэхніка і патрэба ў яе замене – 33,9%. Недахоп камунікацыі з калегамі – 27,9%. Адсутнасць адпаведнага памяшкання для працы – 23,6%. Недахоп актуальных ведаў, навыкаў, патрэбных для працы – 9,1%. Дыскрымінацыя па ўзросце – 14,5%. Пагрозы і хэйт у сацсетках – 9,7%. Этычныя пытанні, баланс паміж бяспекай крыніц і паўнатой інфармацыі – 30,3%. Праца з псіхалагічна складанымі тэмамі – 26,1%. Харасмент – 4,2%
Такім чынам найбольш часта працоўнымі праблемамі для сябе калегі назвалі нізкі заробак, недахоп сродкаў у медыя, непрадказальнасць фінансавання – (63,6%), магчымасць пераследу журналістаў альбо іх родных (60,6%), складанасць з доступам да інфармацыі, адсутнасць крыніц, закрытасць – (52,1%), страту прафесійных сувязяў унутры Беларусі – (44,8%), перагружанасць працай (43%). Прыкладна такія ж праблемы найчасцей называлі людзі і ў 2024‑м годзе.

Якія Вашы галоўныя праблемы ў сацыяльным плане (можна выбраць неабходную колькасць адказаў альбо дадаць свой)?
Адсутнасць сацыяльнага пакета, немагчымасць працаваць у штаце – 58,8%. Праблема з легалізацыяй сябе альбо членаў сям’і ў новай – 22,4%. Пытанне віз для членаў сям’і, якія засталіся ў Беларусі – 41,2%. Разлука з блізкімі – 60,6%. Вострыя альбо хранічныя праблемы са здароўем – 34,5%. Адсутнасць медычнай страхоўкі – 29,7%. Псіхалагічныя праблемы, выгаранне, стрэс – 62,6%. Неразуменне блізкімі, асуджэнне – 10,9%. Страта сацыяльнага капіталу, адсутнасць сяброў – 31,5%. Моўнае пытанне ў новай краіне – 39,4%. Няведанне заканадаўства новай краіны, няведанне сваіх правоў і магчымасцяў – 30,5%
Аналіз адказаў на пытанне пра сацыяльныя праблемы паказвае, што ўспрыманне і структура гэтых праблем істотна адрозніваецца ў залежнасці ад кантэксту знаходжання (рэспандэнты маглі выбіраць некалькі варыянтаў адказу).
У Польшчы найбольш часта згадваюцца праблемы, звязаныя з інтэграцыяй і адаптацыяй. Гэта ўключае складанасці з адчуваннем «свайго месца», абмежаваныя сацыяльныя сувязі, а таксама моўны бар’ер. Пры гэтым чыста базавыя сацыяльныя патрэбы (накшталт доступу да паслуг) згадваюцца радзей, што, на думку БАЖ, сведчыць пра адносную стабільнасць умоў жыцця. Такім чынам, у Польшчы праблемы выглядаюць хутчэй як сацыяльна-псіхалагічныя і інтэграцыйныя, чым маркіруюць, што апытаныя занятыя выжываннем.
У Літве карціна больш змешаная. З аднаго боку, як і ў Польшчы, прысутнічаюць праблемы інтэграцыі і сацыяльнай ізаляцыі. З іншага — значна часцей згадваюцца практычныя і побытавыя цяжкасці: доступ да сацыяльных гарантый, нестабільнасць становішча, абмежаваныя рэсурсы. Гэта суадносіцца з ранейшымі назіраннямі пра менш стабільную занятасць — сацыяльныя праблемы тут маюць больш «прыземлены», матэрыяльны характар.
У Нямеччыне (у межах адказаў невялікай выбаркі) праблемы больш сканцэнтраваныя вакол бюракратыі і інтэграцыі ў сістэму: складанасці з дакументамі, узаемадзеяннем з інстытутамі, разуменнем правілаў. Пры гэтым узровень базавай бяспекі не ставіцца пад сумнеў.
Для рэспандэнтаў, звязаных з Беларуссю або якія нядаўна адтуль выехалі, выразна гучаць праблемы разрыву сацыяльных сувязяў: адсутнасць звыклага асяроддзя, ізаляцыя, страта супольнасці. Гэтая група асабліва выразна падкрэслівае эмацыйны і сацыяльны разрыў.
У Грузіі (таксама пры меншай колькасці адказаў) больш прыкметныя побытавыя і інфраструктурныя цяжкасці, а таксама пытанні стабільнасці знаходжання.
У цэлым можна зрабіць выснову, што:
- ва ўмовах, дзе радзей адзначаюцца базавыя праблемы (як Польшча), сацыяльныя праблемы зрушаюцца ў бок інтэграцыі і самарэалізацыі;
- у менш стабільных (як Літва, часткова Грузія) — застаюцца важнымі базавыя і матэрыяльныя аспекты сацыяльнага жыцця;
- для людзей з досведам вымушанай міграцыі ключавой застаецца праблема страты сувязяў і ізаляцыі.
Харасмент
Агулам 15,7% апытаных (26 рэспандэнтаў) заявілі, што сутыкаліся з харасментам у сувязі з іх працай у медыя цягам апошніх двух гадоў. Фармулёўка пытання была ідэнтычнай да фармулёўкі 2024-года з мэтай параўнання. Пытанне гучала наступным чынам:

Ці сутыкаліся вы з харасментам у сувязі з вашай працай у медыя цягам апошніх двух гадоў? Можна выбраць некалькі варыянтаў адказу (таму долі не суміруюцца). Так, з боку вышэйстаячых службовых асоб – 7,3%. Так, з боку калег – 7,9%. Так, з боку герояў маіх матэрыялаў – 2,4%. Не – 81,2 %.
У адкрытых адказах частка рэспандэнтаў выказвае крытычнае стаўленне да самой канцэпцыі харасменту, адзначаючы неадназначнасць яго разумення і выкарыстання. У прыватнасці, згадваецца «празмерная раздутасць тэмы», «шкоднасць тэрміна харасмент», «бяздумнае выкарыстанне публічнай прасторы, якое не вырашае праблему, а толькі ператвараецца ў чарговы «бульбасрач»».
Іншыя адзначаюць канкрэтныя праблемныя сітуацыі, напрыклад, недапушчальнасць паводзін «на мяжы» харасменту, ціск падчас знаходжання за кратамі, таксічнасць у адносінах, а таксама інфармацыю пра праблемныя сітуацыі ў адной рэдакцыі. Сярод калег, якія заявілі, што сутыкаліся з харасментам, 9 мужчын, 16 жанчын і 1 асоба, якая не ўказала ўласны гендар.
У параўнанні з апытаннем 2024 года колькасць асоб, што сутыкнуліся з харасментам засталася практычна без змен (у 2024 годзе было 16%). Сярод асноўных працоўных праблем (пытанне вышэй) харасмент назвалі 4,2% калег.
Пры інтэрпрэтацыі дадзеных варта ўлічваць, што ў апытанні не задавалася дакладнае вызначэнне паняцця «харасмент», для параўнання выкарыстоўвалася фармулёўка 2024-года. Паняцця не было акрэсленае ні як сексуалізаваныя паводзіны, ні як злоўжыванне ўладай, што магло прывесці да рознага разумення яго рэспандэнтамі.
Запыт на адукацыйныя праграмы
Попыт беларускіх журналістаў і журналістак сканцэнтраваны вакол некалькіх ключавых напрамкаў, якія адлюстроўваюць не толькі прафесійную трансфармацыю, але і агульны стан супольнасці.
Абсалютным лідарам па частаце згадванняў з’яўляецца тэма штучнага інтэлекту. Яна сустракаецца значна часцей за ўсе астатнія і пры гэтым фармулюецца вельмі канкрэтна: людзей цікавяць не базавыя веды, а практычнае прымяненне, рэальныя кейсы і разуменне таго, як менавіта выкарыстоўваць інструменты ШІ ў штодзённай журналісцкай працы. Гэта можа сведчыць пра тое, што супольнасць ужо перайшла ад «увядзення ў тэму» да паглыблення і інтэграцыі гэтых тэхналогій у працоўныя працэсы.
Другі па частаце згадвання ў блоку — гэта відэа і новыя фарматы, уключна з кароткімі відэа, YouTube і TikTok. Запыты ў гэтай сферы паказваюць, што журналісты актыўна перабудоўваюцца пад новыя спосабы спажывання кантэнту, і могуць сведчыць пра недахоп навыкаў, неабходных для эфектыўнай працы ў відэаасяроддзі. Важна, што гэты кірунак часта перасякаецца з тэмай штучнага інтэлекту, што яшчэ раз падкрэслівае агульны вектар на тэхналагічную трансфармацыю.
Трэці напрамак — гэта прасоўванне кантэнту і праца з аўдыторыяй, уключна з сацыяльнымі сеткамі, алгарытмамі і SEO. Тут выразна прасочваецца запыт на больш якасныя і прасунутыя веды, бо частка ўдзельнікаў адкрыта адзначае, што існуючыя курсы не адпавядаюць іх чаканням.
З перспектывы БАЖ, гэта сведчыць пра разрыў паміж прапановай адукацыйных праграм і рэальнымі патрэбамі прафесіяналаў.
Асобна варта вылучыць тэму манетызацыі і фінансавай устойлівасці медыя. Хоць яна згадваецца крыху радзей, яе роля выглядае істотнай, бо гаворка ідзе пра базавыя ўмовы выжывання незалежных медыя і журналісцкіх праектаў. Запыты ў гэтай сферы носяць выразна практычны характар і арыентаваныя на канкрэтныя інструменты — ад запуску платных прадуктаў да працы з донарамі.
На гэтым фоне асабліва важным выглядае блок, звязаны з псіхалагічнай падтрымкай і агульным дабрабытам. Нягледзячы на тое, што прамыя згадванні гэтай тэмы не дамінуюць колькасна, іх змест паказвае на глыбокі крызісны стан часткі супольнасці. Выгаранне, стомленасць, стрэс і нават апісанні таксічных умоў працы могуць сведчыць пра тое, што для многіх журналістаў пытанне адукацыі адыходзіць на другі план, саступаючы месца базавым патрэбам у аднаўленні і падтрымцы.
Таксама адзначаюцца тэмы бяспекі, уключна з лічбавай, інфармацыйнай і юрыдычнай, а таксама OSINT. На думку БАЖ, гэтыя кампетэнцыі ўспрымаюцца як неабходны мінімум для працы ў сучасных умовах, асабліва з улікам беларускага кантэксту. Побач з імі знаходзіцца патрэба ў прафесійным нэтворкінгу і абмене досведам, якая хоць і не заўсёды фармулюецца як асобная адукацыйная тэма, але выразна праяўляецца ў запытах на афлайн-сустрэчы і нефармальныя фарматы ўзаемадзеяння.
Таксама стабільна прысутнічае попыт на моўныя навыкі, у першую чаргу англійскую, а таксама мовы краін, у якіх цяпер знаходзяцца журналісты. Гэта звязана як з прафесійным развіццём, так і з неабходнасцю інтэграцыі ў новае асяроддзе. Класічныя журналісцкія навыкі, такія як расследаванні, інтэрв’ю або сторытэлінг, згодна з вынікам даследвання, застаюцца запатрабаванымі, але ўжо не займаюць цэнтральнага месца, саступаючы больш прыкладным і тэхналагічным кампетэнцыям.
У выніку можна сказаць, што найбольш запатрабаванымі сёння з’яўляюцца практычныя і прасунутыя веды ў сферы штучнага інтэлекту, відэа і прасоўвання кантэнту, а таксама навыкі, звязаныя з фінансавай устойлівасцю медыя. Аднак эфектыўнасць любых адукацыйных ініцыятыў будзе значна залежаць ад таго, наколькі яны ўлічваюць псіхалагічны стан супольнасці і яе патрэбу не толькі ў навучанні, але і ў падтрымцы і аднаўленні рэсурсу.
Уплыў узроставага фактару
Асобным фактарам, які ўплывае на якасць жыцця і доступ да рынку працы, з’яўляецца ўзрост. Прафесіяналы з багатым досведам працы, але з больш сталым узростам, аказваюцца ў найбольш уразлівай групе журналістаў у эміграцыі.
ВЫСНОВЫ
Агульная карціна, якая вынікае з усіх адказаў, паказвае, што ў 2026 годзе прадстаўнікі і прадстаўніцы медыясферы знаходзяцца ў стане структурнай нестабільнасці, але пры гэтым захоўваюць прафесійную ўключанасць і матывацыю працаваць у медыя.
Перш за ўсё, даследаванне паказвае, што медыясупольнасць у значнай ступені жыве і працуе ў эміграцыі, і менавіта краіна знаходжання становіцца важным фактарам, які вызначае як умовы працы, так і якасць жыцця.
Другая важная выснова — гэта эканамічная ўразлівасць значнай часткі рэспандэнтаў. Нават сярод тых, хто працягвае працаваць у медыя, даволі распаўсюджанымі з’яўляюцца нізкія або нестабільныя даходы, адсутнасць доўгатэрміновых гарантый і залежнасць ад праектнай або часовай занятасці. Гэта стварае сітуацыю, у якой прафесійная ідэнтычнасць захоўваецца, але матэрыяльная база для яе рэалізацыі застаецца няўстойлівай.
Побач з гэтым назіраецца трэцяя тэндэнцыя — размыванне прафесійнай занятасці. Значная частка рэспандэнтаў вымушаная сумяшчаць працу ў медыя з іншымі сферамі, што сведчыць не толькі пра фінансавыя цяжкасці, але і пра трансфармацыю самой медыясферы, дзе поўная занятасць становіцца менш даступнай.
Адначасова даследаванне паказвае на абмежаваныя магчымасці для прафесійнага развіцця. Рэспандэнты адзначаюць недахоп адукацыйных магчымасцяў, кар’ернай перспектывы і доступу да рэсурсаў для росту. Гэта стварае рызыку доўгатэрміновай стагнацыі ў прафесіі і паступовага адтоку кадраў.
Важным вымярэннем з’яўляецца і псіхалагічны стан. Высокая нагрузка, нестабільнасць, вымушаная міграцыя і агульны кантэкст працы прыводзяць да распаўсюджанасці стрэсу, выгарання і эмацыйнай стомленасці. Гэтая праблема выходзіць за межы індывідуальнага досведу і набывае ўстойлівы характар у супольнасці.
У сацыяльным плане праяўляецца праблема інтэграцыі і страты сувязяў. Для многіх рэспандэнтаў жыццё за мяжой суправаджаецца абмежаванымі сацыяльнымі кантактамі, адчуваннем ізаляцыі і неабходнасцю наноў выбудоўваць супольнасць. Пры гэтым характар гэтых праблем залежыць ад краіны: ад інтэграцыйных выклікаў у больш стабільных умовах да базавых сацыяльна-эканамічных цяжкасцяў у менш устойлівых.
Нягледзячы на ўсе гэтыя выклікі, важна, што абсалютная большасць рэспандэнтаў працягвае ідэнтыфікаваць сябе з медыясферай і імкнецца заставацца ў прафесіі. Гэта сведчыць пра наяўнасць моцнага ўзроўню прафесійнай ідэнтыфікацыі і высокай унутранай матывацыі, нават пры адсутнасці дастатковых знешніх умоў.
Даследаванне паказала, што ў 2026 годзе медыясупольнасць знаходзіцца ў стане працяглай адаптацыі да жыцця і працы па-за звыклым кантэкстам, дзе ключавымі патрэбамі становяцца фінансавая падтрымка, забеспячэнне стабільнай занятасці, доступ да прафесійнага развіцця, псіхалагічная падтрымка і стварэнне ўмоў для сацыяльнай інтэграцыі. Без сістэмнай падтрымкі ў гэтых сферах існуе небяспека далейшага размывання прафесіі і страты чалавечага патэнцыялу ў сферы медыя.
Асноўныя змены з параўнанні з вынікамі апытання 2024-года
Рэпрэсіі і эканамічныя праблемы застаюцца сярод найбольш частых. І пераслед, і нізкі заробак у абодвух апытаннях адзначаюць больш за 60% рэспандэнтаў: у 2024 годзе — 67,3% і 62%, у 2026 — 60,6% і 63,6%. Пры гэтым з‑за методыкі даследаванняў складана карэктна сцвярджаць пра змену іх іерархіі (мы прасілі адзначыць праблемы, а не праранжыраваць – таму магчыма часцей адзначаюць не самую важную праблему, а больш нязвыклую)
Складана сказаць, ці змянілася прафесійная рамка. Доля супрацоўнікаў медыяў сярод апытаных амаль аднолькавая, але ёсць нюансы:
- У 2024 годзе 80% рэспандэнтаў працавалі ў медыя.
- У 2026 годзе інфармацыя больш падрабязная: сумарна каля 80% застаюцца ў медыя, але 57,6% працуюць выключна ў медыя, а 24,2% сумяшчаюць гэта з іншымі сферамі
Што яшчэ цікавага: падобныя долі людзей не працуюць, бо няма працы, і не працуюць праз палітычную сітуацыю ў Беларусі (10 і 8,5%; 2 і 1,8%). 2024: 10% не працуюць, бо не могуць знайсці працу, 4% па ўласным жаданні працуюць у іншай сферы. Яшчэ 2% вымушана не працуюць з‑за палітычнай сітуацыі ў РБ. Не працуюць, бо вучацца ці на пенсіі – меней 1%. 2026: Не працую, бо няма працы – 8,5% Не працую праз палітычную сітуацыю ў Беларусі – 1,8% На пенсіі – 1,2 % Іншыя адказы – па 0,6%.
У 2026 годзе з’яўляецца асобны блок, які дэталізуе структуру праблем з працай: «Як адбілася на вас фінансавая сітуацыя ў медыя ў 2025 годзе?» (у 2024 яго не было). У 2026 годзе 32,7% адзначаюць скарачэнне працы або заробку, 10,3% — страту працы.
Перагружанасць застаецца на падобным узроўні — 40% у 2024 і 43% у 2026.
Сацыяльныя і асабістыя праблемы
Пацвердзілася сістэмнасць псіхалагічных праблем: у 2024 годзе пра псіхалагічныя праблемы паведамляюць 49% рэспандэнтаў, у 2026 — 62,6%.
У 2026 годзе дадаткова канкрэтызуецца праблема доступу да інфармацыі: 52,1% адзначаюць складанасці з доступам да інфармацыі і закрытасць крыніц. У 2024 годзе гэтая тэма прысутнічае, але толькі праз глыбінныя інтэрв’ю.
Праблема страты сувязяў таксама атрымлівае больш дакладнае вымярэнне: у 2026 годзе з’яўляецца асобная катэгорыя страты прафесійных сувязяў унутры Беларусі (44,8%). У 2024 і 2026 гадах ідзе гаворка ідзе пра недахоп камунікацыі з калегамі (34% і 27,9%).
У плане сацыяльнай неабароненасці ў абодвух даследаваннях рэспандэнты скардзяцца на адсутнасць медыцынскай страхоўкі (28% і 29,7%). Але ў 2026 годзе з’яўляецца асобная катэгорыя адсутнасці сацыяльнага пакета — 58,8%, якая ў 2024 годзе вымяраецца толькі ўскосна праз форму занятасці (сэрвісная дамова, а не кантракт)
Пры гэтым у 2026 годзе выразней праяўляецца геаграфічны фактар і звязаны з ім фармат занятасці: 57,6% працуюць толькі ў медыя, 24,2% сумяшчаюць. Паводле інтэрпрэтацыі даследавання, поўная занятасць часцей характэрная для Польшчы, а сумяшчэнне — для Літвы.
У 2026 годзе таксама з’яўляецца блок адукацыйных патрэб — з выразным запытам на практычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту, відэа і платформаў.
@bajmedia