У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма другі раз дадалі Threads-акаўнт Валера Руселіка
Міністэрства інфармацыі Беларусі 10 чэрвеня зноў папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Валер Руселік. Фота Змітра Лукашука
Паводле дакумента, «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны акаўнт daroha ў сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар @daroha.by). Адпаведнае рашэнне прыняў 5 чэрвеня 2026 года суд Пінскага раёна і горада Пінска.
Гэта прыватны акаўнт журналіста і блогера, аўтара Youube-канала Daroha Валера Руселіка. Змест старонкі нядаўна ўжо быў абвешчаны «экстрэмісцкім» — рашэннем суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 17 красавіка 2026 года.
Яшчэ раней, 7 ліпеня 2023 года, суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Telegram-канал daroha, Youtube-канал daroha, старонку ў Instagram з назвай daroha.by, старонку ў Facebook з назвай Daroha Via, TikTok-акаўнт daroha і лагатып, выкарыстаны на гэтых інтэрнэт-рэсурсах.
2 жніўня 2023 года ўвесь праект Daroha быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. На сайце ведамства ў Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці асобна пазначанае імя аўтара праекта — Руселіка Валерыя Віктаравіча.
Некалькі апошніх гадоў Валер Руселік жыве за мяжой. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, на радзіме супраць яго заведзена крымінальная справа.
@bajmedia