Агенцтва Еўрапейскага саюза па пытаннях прытулку распавяло пра беларускіх журналістаў
Агенцтва Еўрапейскага саюза па пытаннях прытулку (EUAA) выпусціла справаздачу «Беларусь: палітычная апазіцыя і іншадумства». У гэтым дакладзе ёсць асобны раздзел, датычны рэпарцёраў і медыя. Многія факты ў дакуменце абапіраюцца на маніторынгі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Вокладка дакладу Агенцтва Еўрапейскага саюза па пытаннях прытулку (EUAA) «Беларусь: палітычная апазіцыя і іншадумства». Скрыншот
Падрыхтоўка дакладу EUAA была завершаная 1 красавіка 2026 года. Яго матэрыялы еўрапейскія чыноўнікі могуць прымаць да ўвагі, разглядаючы заявы ад беларусаў, якія звяртаюцца па міжнародную абарону. Падкрэслім, што сам па сабе даклад EUAA не з’яўляецца канчатковай інстанцыяй адносна вызначэння або абгрунтаванасці любой канкрэтнай заявы.
У EUAA адзначаюць: на сёння журналісцкая дзейнасць у Беларусі знаходзіцца пад поўным кантролем дзяржавы, прычым сітуацыя пагоршылася пасля 2020 года. З 2021 года практычна ўсе незалежныя беларускія СМІ былі
зачыненыя, журналісты гэтых рэдакцый былі вымушаныя выехаць з краіны. Прычым рэпрэсіі закранулі і тыя медыя, якія паспрабавалі пераключыцца на непалітычны кантэнт.
«Рэпарцёры без межаў» (RSF) вызначылі Беларусь як найбольш небяспечную краіну ў Еўропе для журналістаў да расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Пераслед незалежных СМІ, а таксама арганізацый грамадзянскай супольнасці працягваў узмацняцца на працягу 2024 і 2025 гадоў.
У Сусветным індэксе свабоды прэсы RSF у 2025 годзе Беларусь заняла 166‑е месца з 180 краін, апусціўшыся на адну пазіцыю ніжэй, чым у 2024 годзе, што адлюстроўвае масавыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ. Гэтыя дзеянні характарызуюцца цэнзурай, скаардынаванымі рэйдамі на офісы СМІ і жыллё супрацоўнікаў СМІ, масавымі арыштамі і гвалтам.
У дакладзе падкрэсліваецца, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам як асноўны інструмент для крыміналізацыі незалежнай рэпартажнай дзейнасці і абмежавання доступу да інфармацыі, прымушаючы незалежных журналістаў пакінуць прафесію або з’ехаць з краіны.
Каб пазбегнуць пераследу, недзяржаўныя СМІ, якія працягваюць працаваць у краіне, вымушаныя падвяргацца «строгай цэнзуры».
Большасць незалежных СМІ і Беларуская асацыяцыя журналістаў былі абвешчаныя экстрэмісцкімі і забароненыя. Да канца 2025 года, паводле звестак БАЖ, 42 медыяпраекты былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэта крыміналізуе любое ўзаемадзеянне з такімі СМІ, у тым ліку для тых журналістаў, якія больш не былі звязаныя з дадзенымі рэдакцыямі на момант прызначэння ім такога статусу. Удзел у такіх СМІ, у тым ліку падпіска на іх або праца
з імі, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Крыніцы адзначаюць, што журналісты і супрацоўнікі СМІ сутыкаюцца з адвольнымі арыштамі, затрыманнямі, рэйдамі і ператрусамі ў СМІ і дамах журналістаў, канфіскацыяй абсталявання і безпрычыннымі нападамі. У якасці помсты за іх працу ўлады караюць іх праз расплывіста акрэсленыя законы аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам, прычым суды выносяць працяглыя тэрміны пакарання на закрытых судовых працэсах.
Станам на канец снежня 2025 года 28 супрацоўнікаў СМІ знаходзіліся пад вартай, прычым як мінімум 12 былі затрыманыя па палітычна матываваных абвінавачаннях у 2025 годзе.
Так, EUAA распавядае гісторыю незалежнага выдання з Баранавічаў Intex-Press. Былога дырэктара партала Уладзіміра Янукевіча і яго намесніка Андрэя Пакаленку беларускія ўлады абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і прызначылі 14 і 12 гадоў пазбаўлення волі. Нагадаем, што 8 чэрвеня 2026 года пасля апеляцыйнай скаргі Андрэю Пакаленку скарацілі вырак на адзін год.
Паводле звестак БАЖ, Беларусь пакінулі не менш за 600 журналістаў. Прычым многія працягваюць сутыкацца з рэпрэсіямі нават у выгнанні, такімі як ператрусы і замарожванне банкаўскіх рахункаў у Беларусі, крымінальны пераслед і завочныя суды, уключэнне ў міжнародны вышук і канфіскацыя маёмасці ў Беларусі.
EUAA нагадвае, што ў Беларусі сем’і незалежных журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, у тым ліку тых, хто знаходзіцца за мяжой, падвяргаліся ператрусам у дамах, запалохванню і пагрозам. Прычым некаторыя з іх прасілі праваабарончыя групы не афішаваць іх справы з прычыны страху помсты з боку беларускіх уладаў.
@bajmedia