МФЖ і ЕФЖ патрабуюць спыніць пераслед беларускіх журналістаў, які цягнецца ўжо шэсць гадоў
Праз шэсць гадоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, рэпрэсіі супраць свабоды прэсы толькі ўзмацніліся, канстатуецца ў супольнай заяве Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.

Асуджаныя беларускія журналісты. Калаж: БАЖ
Цяпер у беларускіх турмах знаходзіцца 21 журналіст, а тыя, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны, працягваюць сутыкацца з запалохваннем і пераследам.
Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (IFJ-EFJ) разам са сваім партнёрам — Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ) — заклікаюць спыніць крымінальны пераслед журналістаў і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, хто знаходзіцца за кратамі за сваю прафесійную дзейнасць.
У заяве адзначаецца:
«Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў ціск на іншадумцаў і рэпрэсіі супраць незалежнай прэсы. Журналістам прызначаюць непрапарцыйна вялікія турэмныя тэрміны, а тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну, запалохваюць і пераследуюць.
Рэпрэсіі закранулі і БАЖ: у 2023 годзе арганізацыю прызналі «экстрэмісцкай». БАЖ застаецца адзінай незалежнай і дэмакратычнай асацыяцыяй прадстаўнікоў беларускіх медыя».
На сёння па палітычных матывах за кратамі знаходзіцца 21 журналіст і медыяработнік. Сярод іх ёсць людзі сталага ўзросту і тыя, хто мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Так, журналіст Кірыл Пазняк у траўні быў шпіталізаваны з пнеўманіяй, ён перанёс COVID-19 падчас знаходжання ў следчым ізалятары.
Толькі сёлета шэсць журналістаў былі асуджаныя цягам аднаго тыдня.
Былыя кіраўнікі незалежнай рэгіянальнай газеты «Інтэкс-прэс» Уладзімір Янушкевіч і Андрэй Пакаленка атрымалі адпаведна 14 і 12 гадоў пазбаўлення волі за нібыта «дзяржаўную здраду».
Журналіста Паўла Дабравольскага асудзілі да дзевяці гадоў зняволення па аналагічным абвінавачанні.
Радыёвядоўца Алег Хаменка атрымаў тры гады зняволення за «супрацоўніцтва з экстрэмісцкім фармаваннем».
Журналістку Ціну Палынскую асудзілі да двух гадоў за нібыта супрацоўніцтва з экстрэмісцкім фармаваннем. Па гэтай жа справе была асуджаная яе дачка.
Пераслед не спыняецца і за межамі Беларусі: журналісты ў выгнанні працягваюць сутыкацца з запалохваннем і рэпрэсіямі. У апошнія гады беларускія ўлады актыўна пераследуюць незалежных журналістаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну. БАЖ паведамляе, што супраць іх заводзяць крымінальныя справы, у іх сваякоў праводзяць ператрусы, маёмасць канфіскуюць, а саміх журналістаў аб’яўляюць у міжнародны вышук.
Праз палітычны ціск беларускія журналісты ў выгнанні, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпартоў, не могуць іх аднавіць. Гэта стварае для іх дадатковыя праблемы ў краінах пражывання, у прыватнасці ў ЕС, ва Украіне і Грузіі. Такім чынам, унутраны палітычны ціск ператвараецца ў знешнюю бюракратычную перашкоду і парушае права журналістаў свабодна займацца сваёй прафесіяй.
«Нягледзячы на ўсё гэта, беларускі незалежны медыясектар застаецца вельмі эфектыўным і аказвае значны ўплыў на падзеі ў краіне. Незалежныя медыя маюць вялікую аўдыторыю ў Беларусі, атрымліваюць водгукі ад чытачоў і значна больш эфектыўныя за дзяржаўныя медыя», — заявіла БАЖ у каментары для IFJ. — Мы лічым, што наша галоўная задача — захоўваць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць незалежнага медыясектара. БАЖ працягвае праграмы дапамогі журналістам і адукацыйныя праграмы, аказвае юрыдычную дапамогу і падтрымлівае супольнасць незалежных медыя».
У IFJ-EFJ заяўляюць:
«Рэжым Лукашэнкі не толькі перашкаджае журналістам выконваць сваю працу і парушае права грамадскасці на інфармацыю, запалохваючы, пераследуючы і саджаючы іх за краты, але і парушае асноўныя грамадзянскія правы зняволеных журналістаў і медыяработнікаў, якія знаходзяцца ў выгнанні. Мы пацвярджаем сваю непахісную падтрымку БАЖ і беларускіх журналістаў і патрабуем спыніць іх крымінальны пераслед і запалохванне. Мы таксама заклікаем неадкладна і безумоўна вызваліць усіх зняволеных журналістаў і медыяработнікаў».
@bajmedia