• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволены журналіст Кірыл Пазняк патрапіў у турэмны шпіталь у цяжкім стане

    Журналісту стала кепска па дарозе на першае пасяджэнне суду, якое мела адбыцца 14 траўня ў Мінскім гарадскім судзе.

    Кірыла Пазняка і яго дачку Яніну Пазняк вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў: 361–1 КК — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» і 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

    Палітзняволены журналіст Кірыл Пазняк у цяжкім стане

    Кірыл Пазняк. Скрыншот відэа

    «У шпіталі пры СІЗА № 1 у цяжкім стане знаходзіцца журналіст Кірыл Пазняк. З наступствамі пнеўманіі і кавіду, які падхваціў у ізалятары на Акрэсціна восем месяцаў таму. Права на ахову здароўя — гэта базавае права чалавека. Прашу зрабіць тых, ад каго гэта залежыць, усё, каб захаваць чалавечае жыццё!», — напісала ў Face­book былая жонка журналіста Алена Пакала.

    «Яму стала кепска проста ў машыне, што везла яго і дачку Яніну на суд. Страціў прытомнасць. Наколькі ведаю, такое з ім адбывалася апошнім часам вельмі часта. Ёсць сумневы ў адпаведным лекаванні ў СІЗА. Не маглі доўга вызначыцца з дыягназам. Зараз, паводле маіх звестках, яго лёгкія ў вельмі кепскім стане, дыхае з цяжкасцю», — распавяла БАЖ Алена Пакала.

    Судовы працэс на Кірылам і Янінай Пазнякамі перанесены на нявызначаны тэрмін.

    Спачатку іх абвінавачвалі па артыкуле 361–1 КК — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім», пазней дадаўся артыкул 369–1 КК — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

    Артыкул 361–1 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі да 5 гадоў або пазбаўлення волі ад 3 да 7 гадоў.

    Артыкул 369–1 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі ці пазбаўлення волі да 4 гадоў.

    Кірыла і Яніну Пазнякоў сілавікі затрымалі 3 верасня 2025 года.

    Назаўтра, 4 верасня, YouTube-канал «Платформа 375» быў  абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Кірыл Пазняк быў названы датычным да гэтага рэсурсу.

    Рашэнне прызнаць «Платформу 375» «экстрэмісцкім фармаваннем» прыняў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі. З таго ж дня рашэнне набыло моц.

    У «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС Беларусі інфармацыя пра канал з’явілася 11 верасня.

    YouTube-канал «Платформа 375» быў зарэгістраваны ў красавіку 2021 года. У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана з’ехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 года з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Мінску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.

    17 верасня 2025 года праваабарончая супольнасць прызнала журналіста Кірыла Пазняка палітычным зняволеным. 23 студзеня 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла аб прызнанні палітычнай зняволенай дачкі журналіста Яніны Пазняк.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.