«Добры журналіст — гэта той, хто выйшаў у бяспеку». Кацярына Андрэева пра пераасэнсаванне і будучыню ў прафесіі
На сустрэчы ў Вільні, арганізаванай БАЖ, экс-палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева распавяла пра тры месяцы жыцця пасля вызвалення, ізноў узгадала сваё затрыманне і суды, казала таксама пра пэўнае пераасэнсаванне жыцця да зняволення і свой цяперашні боль.

Кацярына Андрэева на сустрэчы ў Вільні. Фота: БАЖ
Салідарнасць
Адной з самых вялікіх маніпуляцый у зняволенні былі словы пра тое, што пра палітвязняў усе забыліся. Аднак рэчаіснасць аказалася зусім іншай.
«Навязаны нам дыскурс пра тое, што ўсе забыліся, што ўсё было марна і пра нас ніхто больш не памятае, што мы нікому не патрэбныя. Вось гэта аказалася вялікай хлуснёй, пабачыўшы колькі тут у Вільні, у Варшаве і па ўсім свеце беларусаў падтрымлівала нас у зняволенні — гэта вельмі моцна ўразіла ў станоўчым плане», — пачала размову Кацярына Андрэева з вядоўцам вечара, прадстаўніком БАЖ Барысам Гарэцкім.
Што да адмоўнага, то Кацярыну ўразіла «моцная, вельмі моцная палярызацыя ўнутры эмігранцкіх колаў», якая выходзіць за межы канструктыўнай дыскусіі. «Вось гэта мяне ўразіла адмоўна. Мы ўсе маем адну мэту — гэта шчаслівая, вольная Беларусь. І тое, як часам недалікатна і непяшчотна ставімся мы, беларусы, у выгнанні адзін да аднаго, гэта часам робіць балюча», — сказала Кацярына Андрэева.
У Кацярына назаўжды ў памяці засталіся моманты з лістамі, калі ў «кармушку» высыпалі адразу дзясяткі канвертаў: «Я памятаю маркі на іх: бельгійскія, галандскія, брытанскія — з усяго свету. Іх проста высыпалі стосамі».
«Гэта ўражвала і не давала адчуць сябе ў самоце. Была вельмі моцная салідарнасць першай хвалі палітзяволеных. І я заўжды сябе старалася вяртаць вось у той момант, калі мы сядзелі ў гэтай першай самай камеры і трымалі адна адну за рукі, паказваючы так, што мы разам. І таксама падтрымка, канешне, маёй сям’і ўвесь час давала сілаў, падтрымка майго мужа — яна значыла вельмі шмат», — узгадвае журналістка.
Дзень затрымання і прафесійная этыка
Падчас сустрэчы Кацярына заўважыла, што не лічыць сябе нейкім сімвалам і прыкладам. Яна настойвае, што падчас падзей 2020-га яна выконвала сваю працу, як і дзясяткі беларускіх журналістаў. Падзеі на «плошчы Перамен» — у тым жа шэрагу.

Аляксандр Манцэвіч, Барыс Гарэцкі і Кацярына Андрэева на сустрэчы ў Вільні. Фота: БАЖ
Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму, які яна вяла разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай з кватэры ў доме на «плошчы Перамен», побач з якім праходзіла акцыя памяці загінулага Рамана Бандарэнкі.
«У пэўны момант я зразумела, што гэты будынак цалкам аточаны з чатырох бакоў, яго бяруць у так званую каробачку, і яны пачынаюць хадзіць па кватэрах. І вось самым страшным для мяне было разуменне, што зараз да людзей ходзяць, каб выкрыць, адкуль вядзецца здымка, каб выявіць, хто пусціў журналістаў да сябе ў кватэру.
Мы з Дашай думалі перабегчы проста ў суседнюю кватэру, але разумелі, што пакінем у такім разе ўсю тэхніку ў гэтых людзей, якія нас пусцілі да сябе, што мы проста не маем аніякага маральнага права іх пакідаць у гэтай сітуацыі. Яны ж, хутчэй за ўсё, не ўсведамлялі, што падзеі будуць настолькі хутка і драматычна развівацца. І цяпер мы мусім заставацца, каб проста прыняць гэта на сябе.
Я памятаю, што проста дыхаем і чакаем, адлік пайшоў на хвіліны. Шкадавання ў той момант не было аніякага, бо я цудоўна разумела, што гэты стрым быў важны і быў патрэбны. Я вельмі крытычна гляджу шмат на што са сваіх матэрыялаў, але вось той сапраўды меў грамадскую значнасць. (…) Сядзелі, трымаліся за рукі, дыхалі, каб не было панікі. (…) Было страшна, безумоўна. (…) Але таксама не было разумення, што (наперадзе) будзе больш за пяць гадоў калоніі», — узгадвае Кацярына.
Журналісткі паспелі падчас следства за некалькі секунд дамовіцца: «Віны не прызнаем, паказанні не даем». У Жодзіне Кацярына трэніравалася прагаворваць апошняе слова, «бо я разумела, што гэта будзе такі момант, які застанецца, што варта хутка і ёміста сказаць усё, што я думаю пра тое, што адбываецца». «І мы з Дашай паспелі таксама нейкім нелегальным чынам узгадніць белы колер нашай вопраткі на судзе», — дадае яна.
Кацярына Андрэева: «Я сама пакуль вяртаюся ў жыццё, у прафесію, да сябе»
«Я адчуваю віну перад Дашай»
Кацярына Андрэева сказала, што дагэтуль адчувае асабістую адказнасць за тое, што яе аператарка і калега Дарья Чульцова апынулася за кратамі.
Кацярына прымала рашэнне наконт стрыму, выбірала кватэру пад яго, калі стрым глядзелі сотні тысяч чалавек, вырашыла не спыняць трансляцыю: «Я выбрала рашэнне ісці ў тую кватэру. Я знайшла людзей, якія нас туды пусцілі. Я ўсё гэта арганізавала. А потым, калі пабачыла колькасць праглядаў стрыму, таксама прыняла рашэнне заставацца. Я ўзгадніла яго з рэдактарам. Але, шчыра кажучы, нават калі б рэдактар сказаў мне спыняць стрым і сыходзіць, мяркую, што ў той момант зрабіла б наадварот».
Сёння Кацярына лічыць гэта памылкай: «Журналіст, якога пасадзілі, ужо не зробіць наступны матэрыял і не будзе асвятляць падзеі на наступны дзень. Добры журналіст — гэта журналіст, які зрабіў матэрыял і выйшаў у бяспеку (…). Таму мне ёсць за што крытыкаваць сябе, і нават моцна крытыкаваць. Я вельмі часта разбіраю свае журналісцкія матэрыялы папярэдніх гадоў і разумею, што шмат з таго я б цяпер не паўтарыла».
У першую сустрэчу на свабодзе Кацярына Андрэева сказала Дар’і Чульцовай, што адчувае «сваю віну за тое, што ты апынулася за кратамі».
Другі суд за «здраду дзяржаве»
Настуанае абвінавачанне, выстаўленае проста ў калоніі, стала цяжкім выпрабаваннем, але не зламала волю.
«Шпалеры ў пакоі, куды мяне даставілі для абвесткі пра новую справу, пачалі круціцца перад вачыма», — кажа Кацярына.
Другі суд быў закрытым.
Але Кацярына папрасіла ў лісце мужа, каб прывёз на новы суд ізноў белую сукенку: «Гэта быў для мяне сімвалічны момант, бо я хацела давесці сама сабе, што я не толькі пад пагрозай двух гадоў буду так трымацца, але і пад пагрозай 15-ці. Знайсці сілы, каб зноў выйсці ў такім жа настроі, як мы гэта рабілі ў 2021‑м, было хіба для мяне найбольш складаным».

Кацярына Андрэева на сустрэчы ў Вільні. Фота: БАЖ
Адаптацыя да свабоды і новыя рэаліі
Пасля пяці гадоў за кратамі вяртанне да звычайнага жыцця суправаджаецца стратай тэхнічных навыкаў і дзіўнымі рэфлексамі.
«Сапраўды тэхнічныя навыкі ўсе праселі… як працуе, напрыклад, Claude — для мяне гэта проста дзіва дзіўнае (…). Самае складанае — гэта пачуццё, што ты больш не абмежаваная нічым фізічна. І вось з гэтым вельмі цяжка неяк звыкнуцца. (…) Адчуваеш пагрозу ў любым мужчыне. Таму што мужчына — гэта заўжды быў прадстаўнік калоніі, адміністрацыі, той, хто нясе небяспеку», — распавядае Кацярына.
На думку Кацярыны, «гэта такія рэфлексы, якія яшчэ доўга будуць працягвацца», але ёсць і плюсы: «Ты нанова перажываеш вельмі шмат рэчаў. Напрыклад, калі я паляцела на самалёце, была шчаслівая, як дзіця. Можна зноў адкрываць для сябе самыя простыя рэчы са свабоднага жыцця».
Кацярына заклікае да далікатнасці ў адносінах да былых палітвязняў і просіць не забывацца на тых, хто застаецца ў няволі.
«Вельмі добра, што падчас вызвалення апошняй групы 19 сакавіка ніхто не зладзіў прэс-канферэнцыю і не пачаў задаваць пытанні, якія патрабуюць экспертнага абмеркавання кшталту «што вы думаеце пра вайну ва Украіне?». Вось гэта вельмі добра. Я думаю, што стаўленне нашага грамадства, нашай даволі вялікай эмігранцкай супольнасці (мы тут вывезлі з сабой маленькую Беларусь) мусіць быць больш пяшчотным да людзей, якія прайшлі праз гэты досвед. Я б вельмі не хацела, каб ад людзей чагосьці патрабавалі, бо перш за ўсё перад табой проста жывы чалавек (…). Часам проста пабыць побач — гэта самае важнае», — зазначае Кацярына.
«Гэта такая мая просьба: падтрымліваць і прымаць палітвязняў такімі, якія яны ёсць. Не чакаць, каб гэта выйшаў чалавек, які будзе вяшчаць з трыбуны як маральны ідэал або аўтарытэт. Давайце не патрабаваць ад палітвязняў большага, чым яны цяпер могуць даць. Беражыце адзін аднаго», — дадала журналістка.
«Як мага часцей нагадваць пра беларускіх журналістаў у зняволенні»
«Я б папрасіла як мага часцей нагадваць, што больш за 20 беларускіх журналістаў знаходзіцца ў зняволенні цяпер. Маё сэрца вельмі баліць за Людмілу Чэкіну, пра якую я магу сцвярджаць, што яна зведвае ціск у зняволенні, яна мае таксама пасля ўсіх гэтых гадоў і праблемы са сваім фізічным адчуваннем. Таму калі вы можаце згадаць пра Мілу Чэкіну, была б вельмі ўдзячная, каб пра яе як мага больш казалі.
Мы ведаем, што часам сем’і людзей не хочуць, каб было шмат рэзанансу, што і людзі самі часам стараюцца гэтага пазбягаць, бо мы ўсе ведаем пра тое, што ад медыйнасці прылятае, канешне, ў калоніі. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта грае ўсё ж на карысць палітвязняў. Гэта рэзананс, розгалас, якія здольныя ў выніку прывесці да ўключэння ў спісы на абмен, на памілаванне. І я мяркую, што варта згадваць як мага часцей нашых калег, якія застаюцца за кратамі», — сказала Кацярына.
Сувязі паміж Кацярынай Андрэевай і Ігарам Ільяшом, яе мужам, няма з моманту арышту Ігара ў 2024 годзе.
Пра яе вызваленне ён даведаўся ў той самы дзень — перадала ягоная сястра.
Паводле інфармацыі Кацярыны, Ігара вельмі часта змяшчаюць у штрафны ізалятар.
«Ён цяпер шмат у чым церпіць нават не праз сваю прафесію, а праз сваю прыналежнасць да мяне. Яму наўпрост сказалі: «Твая жонка — Кацярына Андрэева, таму ў цябе будуць такія ўмовы, такое стаўленне». Гэта, вядома, вельмі цяжка асэнсоўваць», — зазначае Кацярына.
«Мне вельмі не хапае яго. Гэта як быццам няма часткі душы, часткі цела. Таму мне вельмі цяжка цяпер нешта планаваць самастойна. Для мяне Ігар — гэта вельмі важны маральны арыенцір. І мне хочацца ўсе свае планы, усе думкі, усё ўзгадняць з ім. Калі яго вызваляць, мы сядзем і параімся: як ён бачыць сваю будучыню, ці хоча заставацца ў журналістыцы, ці хоча рабіць вялікія праекты? Пакуль я не магу пра гэта думаць адна», — сказала яна.
Прыярытэты на будучыню
Нягледзячы на планы вярнуцца ў журналістыку, Кацярына пераасэнсавала каштоўнасць бяспекі сваіх блізкіх. Кацярына Андрэева плануе працягваць працу на тэлеканале «Белсат», але ўжо ў якасці вядоўцы ў студыі.
Журналістыка пасля 2020-га стала іншай: «Мы ўжо не маем той аўдыторыі, якая была ў Беларусі. Мы працуем не для сябе. Мы працуем для людзей. Мы ўжо не можам гарантаваць бяспеку нашым героям. І для мяне гэта цяпер вельмі важна. Я не хачу, каб нехта пацярпеў праз мяне».
Кацярына пакуль не думае пра мемуары: «Бо не адчуваю, што мая гісторыя скончаная, каб пачынаць такую кнігу. Але таксама таму, што няма Ігара побач. Калі ён будзе вызвалены, то буду з ім раіцца».

Кацярына Андрэева на сустрэчы ў Вільні. Фота: БАЖ
Паводле журналісткі, апошнія тры месяцы яна сутыкалася з чаканнямі людзей: «Я сустракала такое стаўленне. Маўляў, вось толькі Кацярына выйдзе — адразу кінецца ў журналістыку, актыўную дзейнасць. Не, гэта не так працуе. Хочацца, каб было разуменне і не было гэтых завышаных чаканняў. Гэта вельмі цяжка растлумачыць чалавеку, які не быў за кратамі. На многія рэчы ў нас цяпер проста няма сіл».
«За гэтыя гады я змянілася не толькі як журналіст. Змяніліся мае жыццёвыя прыярытэты. Я была гатовая заплаціць сваёй свабодай і бяспекай за сваю працу. Але я ніколі не была гатовая плаціць бяспекай сваёй сям’і. Можа, гэта не так гераічна гучыць. Можа, камусьці хацелася б бачыць гісторыю пра тое, як Кацярына Андрэева нясе галаву за прафесію. Але гэта не так. Цяпер я разумею адно: рызыкаваць сабой — так, рызыкаваць сваёй сям’ёй — больш ніколі», — адзначае Кацярына.
Напрыканцы сустрэчы Кацярына Андрэева ізноў нагадала пра далікатнасць і пяшчоту адно да аднаго: «Быць на волі — гэта вялікае шчасце… Давайце вернемся ў Беларусь ментальна здаровымі людзьмі… Беражыце адзін аднаго».
@bajmedia