• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцы прызналі Юрыя Трашчынскага палітвязнем

    Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі апублікавалі сумесную заяву, датычную гукарэжысёра Юрыя Трашчынскага, абвінавачанага паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Гукарэжысёру інкрымінавалася супрацоўніцтва з радыёстанцыяй «Беларускае Радыё Рацыя», якую КДБ 16 студзеня 2024 года абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Юрый Трашчынскі

    Юрый Трашчынскі. Фота: з ягонай старонкі ў «Аднакласніках»

    Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

    Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што крымінальны пераслед і пазбаўленне волі за дзеянні, звязаныя з правамернай рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняў, з’яўляюцца інструментам абмежавання распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне, задушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці і іншадумства.

    4 траўня 2026 года быў вынесены прысуд гукарэжысёру Юрыю Трашчынскаму, абвінавачанаму паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Гукарэжысёру інкрымінавалася супрацоўніцтва з радыёстанцыяй «Беларускае Радыё Рацыя», якую КДБ 16 студзеня 2024 года абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Гомельскі абласны суд прызначыў Юрыю Трашчынскаму 2,5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічынь. 7 ліпеня 2026 года, пасля адхілення Вярхоўным судом апеляцыйнай скаргі, прысуд набыў моц.

    Праваабарончая супольнасць Беларусі неаднаразова адзначала, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі ў мэтах палітычных рэпрэсій. МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць «экстрэмісцкімі» групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і яе палітыцы. «Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя і 54 СМІ і медыя-арганізацыі. Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх супрацоўнікаў, удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў. 

    Асуджанага гукарэжысёра Юрыя Трашчынскага МУС унёс у пералік «экстрэмістаў»

    Выкладзенае вышэй дае ўсе падставы сцвярджаць, што крымінальны пераслед і асуджэнне Юрыя Трашчынскага маюць палітычныя матывы і скіраваныя на спыненне яго правамернай дзейнасці, звязанай з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

    На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Юрыя Трашчынскага палітычным зняволеным і патрабуем:

    • неадкладна вызваліць і рэабілітаваць Юрыя Трашчынскага з кампесацыяй нанесенай шкоды;
    • адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і іншыя правы і свабоды;
    • неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

     

     

    Беларуская ассацыяцыя журналістаў

    Прававая ініцыятыва

    Беларускі Хельсінкскі камітэт

    Офіс па правах людзей з інваліднасцю

    Беларускі ПЭН

    Lawtrend

    Праваабарончы цэнтр «Вясна»

    Human Con­stan­ta

    Беларускі дом правоў чалавек імя Барыса Звозскава

    Respect-Pro­tect-Ful­fill

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.