• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэпрэсіі ў дачыненні працаўнікоў СМІ ўзмацніліся на фоне вызвалення іншых асоб». Справаздача ААН аб правах чалавека ў Беларусі

    ААН апублікавала справаздачу Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса. БАЖ вылучыў з яе галоўнае, што датычыць сітуацыі беларускіх журналістаў.

    Рада правоў чалавека ААН асудзіла перасьлед журналістаў у Беларусі

    Далейшае пагаршэнне сітуацыі са свабодай СМІ

    У справаздачы прыводзіцца агляд падзей у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2025 года па 31 сакавіка 2026 года.

    Галоўная выснова праведзенага аналізу — Беларусь працягвае сістэматычна і груба парушаць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, ажыццяўляючы палітычна матываваныя рэпрэсіі і цалкам душачы свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый.

    ААН канстатуе далейшае пагаршэнне сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі. Спецдакладчык падкрэслівае, што ў 2025 годзе Беларусь заняла 166‑е месца са 180 у Сусветным індэксе свабоды друку і такім чынам апусцілася на адну пазіцыю ў параўнанні з 2024 годам.

    Беларускія ўлады працягваюць затрымліваць, браць пад варту, судзіць і штрафаваць журналістаў і іншых працаўнікоў СМІ і перашкаджаць іхняй працы, пры гэтым выкарыстоўваючы расплывіста сфармуляваныя заканадаўчыя палажэнні аб супрацьдзеянні экстрэмізму ці тэрарызму і прымяняючы законы ў парадку зваротнага дзеяння.

    «Падобна, што рэпрэсіі ў дачыненні працаўнікоў СМІ ўзмацніліся на фоне вызвалення іншых асоб, асуджаных за рэалізацыю сваіх правоў, якіх пасля часта высылалі з краіны. У лістападзе 2025 года ўлады асудзілі чатырох журналістаў да «хатняга арышту» і прызналі «экстрэмістамі». За адзін тыдзень лютага 2026 года шасцёра журналістаў атрымалі рэальныя тэрміны, дваіх з іх асудзілі паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве», — адзначаецца ў справаздачы.

    Індэкс свабоды слова-2026. Сітуацыя — найгоршая за апошнія 25 гадоў

    Агулам станам на канец 2025 года ў Беларусі 28 журналістаў і працаўнікоў СМІ знаходзіліся ў зняволенні. Супраць журналістаў прайшлі больш за 100 завочных судовых працэсаў. Не менш за 30 незалежных СМІ былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі і працаваць з‑за мяжы.

    Усё больш вытанчаныя рэпрэсіі

    Працягваецца масавае прызнанне СМІ «экстрэмісцкімі».

    У перыяд з красавіка 2025 года па сакавік 2026-га беларускія ўлады прызналі 11 сродкаў масавай інфармацыі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ці «экстрэмісцкімі арганізацыямі». Толькі ў 2025 годзе 479 Telegram-каналаў былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    На канец 2025 года не менш за 42 медыяпраекты былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

    Унутры Беларусі працягваецца пераслед тых, хто падпісваецца на «экстрэмісцкія матэрыялы» ў Інтэрнэце, каментуе іх, «лайкае» ці дзеліцца імі.

    Пры гэтым улады адмаўляюць сваю датычнасць да адвольнага ўзяцця пад варту і працягваюць пераследаваць людзей нават пасля іх вызвалення, уключаючы іх у спісы «экстрэмістаў» ці «тэрарыстаў», тым самым зноў абмяжоўваючы іхныя правы.

    «Рэпрэсіі становяцца ўсё больш вытанчанымі: асобы, уключаныя ў гэтыя спісы, сутыкаюцца з сур’ёзнымі абмежаваннямі, у тым ліку з перашкодамі пры працаўладкаванні і атрыманні адукацыі, а ў выпадку асоб, прызнаных «тэрарыстамі», з абмежаваннямі ў дачыненні SIM-картак, банкаўскіх рахункаў і элементарных фінансавых аперацый. Працэдуры выдалення са спісаў па-ранейшаму застаюцца непразрыстымі, а эфектыўныя сродкі прававой абароны, як прадстаўляецца, адсутнічаюць», — гаворыцца ў справаздачы.

    Ціск на журналістаў з ліку нацыянальных меншасцяў

    Асобна ў справаздачы згадваюцца журналісты з ліку нацыянальных меншасцяў. Іх часта абвінавачваюць у служэнні замежным інтарэсам, а таксама падвяргаюць ускоснаму ціску, напрыклад, у выглядзе страты працы, сачэння ці пераследу сваякоў. У прыватнасці, жорсткаму пераслед падвяргаецца польская меншасць у Беларусі, адзначае спецдакладчык:

    «Распускаюцца грамадскія аб’яднанні, культурная дзейнасць абмяжоўваецца ці ставіцца пад кантроль дзяржавы, а сайт Саюза палякаў на Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім». Яго лідары падвяргаюцца пераследу, у тым ліку журналіст і актывіст Анджэй Пачобут, лаўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Сахарава, які знаходзіўся ў зняволенні паводле палітычна матываваных абвінавачванняў да свайго вызвалення 28 красавіка 2026 года».

    Анджэй Пачобут у Еўрапарламенце

    Анджэй Пачобут у Еўрапарламенце. Скрыншот відэа

    Судовая сістэма ў Беларусі стала яшчэ менш празрыстай. Улады перасталі публікаваць расклады судовых пасяджэнняў, абмежавалі доступ да інфармацыі пра працэсы, часам публікуюць звесткі пра прысуды толькі пасля адбыцця пакарання. Праз гэта журналістам у тым ліку стала значна складаней адсочваць палітычныя працэсы.

    У справаздачы Спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі таксама фіксуецца распаўсюд рэпрэсій з унутрыбеларускай прасторы на замежжа і пералічваюцца іх віды: завочныя суды, прызнанне замежных рэдакцый «экстрэмісцкімі», ціск на сваякоў журналістаў, канфіскацыя маёмасці і немагчымасць працягнуць дакументы. Усё гэта апісваецца як элементы транснацыянальных рэпрэсій.

    Журналісты — адна з найбольш уразлівых груп

    У справаздачы журналісты разглядаюцца не проста як прадстаўнікі СМІ, а як дзеячы шырока зразумелай культуры, якія фармуюць культурную прастору Беларусі разам з пісьменнікамі, выдаўцамі, гісторыкамі, даследчыкамі.

    Спецдакладчык падкрэслівае, што рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі за межы пераследу палітычных актывістаў і цяпер уключаць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў.

    «Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі», — зазначаецца ў тэксце справаздачы.

    Справаздача паказвае, што ААН разглядае ціск на СМІ ў Беларусі як частку агульнай палітыкі задушэння грамадзянскай супольнасці і прызнае журналістаў адной з найбольш уразлівых груп, якая найбольш пераследуецца, разам з праваабаронцамі, адвакатамі, дзеячамі культуры, навукоўцамі і выдаўцамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.