• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На даменах двух беларускіх медыяпраектаў з’явіліся дзіўныя сайты. Хто за гэтым стаіць і ў чым можа быць небяспека?

    Надоечы БАЖ пісаў пра сайт, нібыта створаны штучным інтэлектам, на дамене былой беларускай рэдакцыі «Радыё Ўнэт». Падобная старонка знайшлася таксама на дамене, якім раней карыстаўся яшчэ адзін беларускі праект — «Тузін Гітоў». Разам з экспертам у лічбавай бяспецы Мікалаем Кванталіяні разбіраемся, хто стаіць за новымі сайтамі, у чым можам быць небяспека для іх карыстальнікаў і што рабіць са старонкай у выпадку закрыцця праекта, каб на ёй не з’явіўся сумнеўны кантэнт.

    Штучны інтэлект

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Хто капіруе «Радыё Ўнэт»?

    Сайт radiounet.fm раней належаў беларускай рэдакцыі польскага «Радыё Ўнэт» (Radio Wnet), сфармаванай з журналістаў, якія з прычыны паслявыбарчых рэпрэсій былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. У ліпені 2023 года беларускія ўлады прызналі сайт «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Цэнтр маніторынгу свабоды прэсы Асацыяцыя польскіх журналістаў (Sto­warzysze­nie Dzi­en­nikarzy Pol­s­kich) выказаў тады пратэст з гэтай нагоды. Увесну 2024 года беларуская рэдакцыя «Радыё Ўнэт» спыніла сваю працу праз недахоп фінансавання.

    Новаствораны сайт radiounet.fm цалкам беларускамоўны. На старонцы «Хто мы?» гаворыцца, што «Радыё Ўнэт нарадзілася з простай ідэі: музыка заслугоўвае медыя, якое будзе гаварыць пра яе жывой, сучаснай і сумленнай мовай». Калі чытаеш гэты тэкст, ловіш сябе на адчуванні, што яго пісаў штучны інтэлект. Здагадкі пацвярджаюцца, калі адкрываеш матэрыялы ў рубрыках «Інтэрв’ю» ці «Рэцэнзіі».

    Былая галоўная рэдактарка «Радыё Ўнэт» Вольга Сямашка паведаміла, што пасля заканчэння праекта даменнае імя далей не аплачвалася, праз што яго набыў хтосьці іншы.

    «Былая рэдакцыя «Радыё Ўнэт» не мае ніякага дачынення да таго, што зараз размяшчаецца на сайце. Я паглядзела па даступных крыніцах: дамен арандаваны ў лютым 2026 года. Пазначана, што новая кампанія-арандатар — з Вайомінга (ЗША). Я ім напісала, каб высветліць, хто ж спрабуе нас капіраваць, але мне не адказалі. Ну і дарэчы, наш сайт і праект прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі ў 2023 годзе, таму нават як можна камерцыйна выкарыстаць гэты сайт у Беларусі, я не ўяўляю», — сказала Вольга ў каментары БАЖ.

    «Радыё Ўнэт»

    Новаствораны сайт на дамене былой беларускай рэдакцыі «Радыё Ўнэт»

    «Як з дапамогай ШІ падмяніць гісторыю»

    Падобная гісторыя з сайтам tuzin.fm, на якім некалі размяшчаўся праект «Тузін Гітоў», — ён нават візуальна падобны да цяперашняга radiounet.fm. Інтэрфэйс і матэрыялы таксама на беларускай мове, але з процьмай памылак і, відавочна, тэксты напісаныя і/ці перакладзеныя штучным інтэлектам.

    Заснавальнік «Тузіну Гітоў» Сяргей Будкін пацвердзіў, што tuzin.fm — гэта стары адрас, па якім знаходзіўся музычны партал у першай палове 2010‑х гадоў, калі каманда вырашыла сысці з уласнага дамена music.fromby.net, якім валодала ад моманту заснавання сайта ў 2003 годзе.

    Пасля каманда набыла і развівала дамен у зоне.by па адрасе tuzinfm.by, бо 10 гадоў таму гэта падавалася перспектыўным. Хоць ужо тады былі спробы заблакаваць працу сайта.

    «Сваю дзейнасць партал «Тузін Гітоў» спыніў праз 17 гадоў працы напрыканцы 2020 года. І пасля гэтага станавіў сабой базу нашых праектаў, такіх як «Нерасстраляныя», «Прэм’ер Тузін», «Тузін.Немаўля», «Перазагрузка» ды іншых, а таксама каласальны беларускі медыйны архіў.

     Але і ў такім стане не даваў спакою ідэолагам, у 2024 годзе Мінінфармацыі Беларусі заблакавала сайт, з гэтага моманту ён недасяжны і па апошнім адрасе, нягледзячы на тое, што ўсе паслугі па ўтрыманні і абслугоўванні сайта былі пералічаныя», — распавядае Сяргей Будкін у каментары БАЖ.

    Са слоў стваральніка праекта, уся база матэрыялаў засталася ў каманды. Цяпер змест сайта пераносіцца валанцёрамі на адрас tuzin.byculture.org — хутка там будзе даступная галерэя ўсіх праектаў «Тузіна» за больш чым 20 гадоў.

    «Тузін Гітоў»

    Новаствораны сайт на былым дамене праекта праект «Тузін Гітоў»

    Тое, што стары сайт абнаўляецца тэкстамі, напісанымі ШІ, Сяргей Будкін заўважыў яшчэ ў 2023 годзе. Тады ён пісаў, што новы ўласнік старонкі — амерыканская кантора, якая гандлюе даменамі.

    «Верагодна, што яны скарысталіся даўнім даменам «Тузіна Гітоў», прабіўшы, што гэта быў досыць папулярны некалі інтэрнэт-партал, які пісаў пра музыку на беларускай мове. Таму набралі выпадковых музычных навінаў ды іх пераклалі з дапамогай ШІ на колькі месяцаў наперад. Рэсурс папаўняецца спраўна ўжо тры месяцы як. Не ведаю, ці парадавацца хоць крыху з таго, што папулярны калісьці беларускамоўны праект кагосьці натхніў на такое вось інтэрнэт-круцельства. Але дакладна такі прыклад змушае задумацца над тым, што з дапамогай штучнага інтэлекту можна цалкам падмяніць гісторыю», — пісаў Сяргей у Face­book.

    Ці варта шукаць след спецслужбаў?

    На абодвух сайтах у якасці кантактаў пазначаныя электронныя скрыні. На лісты на іх, аднак, ніхто не адказвае. «Радыё Ўнэт» нават дае свой адрас: 220034, г. Мінск, вул. Чапаева, 3, Рэспубліка Беларусь. Па гэтым адрасе знаходзіцца будынак, у якім месцяцца офісы розных кампаній і арганізацый.

    Мікалай Кванталіяні заўважае, што абодва сайты не ў даменнай зоне by, таму адзін са шляхоў доступу да іх — праз адміністратара: «Умоўна кажучы, калі адмін фізічна знаходзіўся ў Беларусі, яго затрымалі і атрымалі доступ да дамена. Гэта магчымае развіццё падзей у падобнай сітуацыі».

    Другі шлях, найбольш верагодны ў дадзенай сітуацыі, — калі ўласнік дамена перастае яго аплачваць, і магчымасць набыць яго атрымлівае хтосьці іншы.

    Мікалай Кванталіані раіць беларусам не карыстацца расійскай Telega

    Мікалай Кванталіані на форуме «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ

    Ёсць цэлая камерцыйная сфера, калі людзі купляюць старыя сайты, добра праіндэксаваныя Google і іншымі пошукавікамі. Працуе гэта так: ты купляеш такі сайт, вешаеш на яго рэкламу, і на гэтым зарабляеш, тлумачыць Мікалай. Гэта значыць, што сайты беларускіх праектаў, якія перасталі аплачваць, маглі быць перахопленыя нейкім тэхнічным агрэгатарам з мэтай заробку.

    Але нават калі гэта ўсё робіцца аўтаматычна, і папаўняюцца сайты праз ШІ, усё роўна гэта ўсё мусіў хтосьці настроіць, то-бок у любым выпадку, за ўсім гэтым стаіць чалавек.

    Што рабіць, калі праект закрываецца і сайт больш не патрэбны?

    У залежнасці ад таго, хто перахапіў гэтыя сайты, матывацыя іх падтрымлівання можа быць рознай. Калі казаць пра спецслужбы, то гэта магло быць зроблена з мэтай дэзынфармацыі ці збору інфармацыі пра наведнікаў, адзначае суразмоўца БАЖ. Сайт radiounet.fm быў прызнаны «экстрэмісцкім», таму яго наведванне з Беларусі можа быць тэарэтычна небяспечным.

    «Гэта ўсё выглядае як нейкая сетка сайтаў, і з якой мэтай яна падтрымліваецца, пакуль незразумела. Патэнцыйна гэта, хутчэй за ўсё, заробак на продажы даменаў, але дакладна пакуль цяжка сказаць. Трэба больш часу, каб зразумець гэта.

    Часта сайты, якія добра індэксуюцца ў Google, перахопліваюцца для выкарыстання ў нейкіх махлярскіх схемах. Калі вы купляеце добра праіндэксаваны дамен, на якім сайт існуе ўжо 10–15 гадоў і ён карыстаўся папулярнасцю, Google пра яго ведае і паказвае карыстальнікам. Гэта вельмі зручна выкарыстоўваць для фішынгавых атак», — зазначае Мікалай Кванталіяні.

    Уласнікам сайтаў беларускіх праектаў эксперт раіць загадзя планаваць тэрміны працы старонкі і аплочваць дамены на максімальна доўгі магчымы час, напрыклад, на пяць гадоў наперад. Важна не прапускаць тэрміны аплаты. Калі прапусцілі, ёсць яшчэ «шэры перыяд» — пару месяцаў, калі сайт можна вярнуць.

    ШI ў медыя — як разабрацца і чаго чакаць

    Калі было прынятае рашэнне, што сайт больш не будзе абнаўляцца і аплачвацца, лепш за ўсё павесіць на ім плашку, у якой пазначыць, што праект закрыты, і такім чынам праінфармаваць людзей, раіць эксперт.

    Аднак далей, у любым выпадку, калі дамен перастае аплачвацца, яго можа выкупіць хто заўгодна і размясціць на ім, што захоча.

    Новы гаспадар дамена атрымае доступ да ІР карыстальнікаў, якія заходзяць на сайт.

    Паводле эксперта, яшчэ адна рызыка можа быць звязаная з тым, што матэрыялы старога сайта можна знайсці ў вэб-архіве, аднавіць іх і скарыстацца гэтым для ўвядзення ў зман карыстальнікаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.