• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бяспека, ананімнасць і OSINT: новыя стандарты працы рэдакцый у выгнанні

    Прызнанне медыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», крымінальныя справы супраць кіраўніцтва і супрацоўнікаў рэдакцый, пагрозы для крыніц унутры краіны стварылі новую рэальнасць. Прадстаўнікі выданняў «Hrod­na Life» і «Бюро Медыя» дзеляцца сваім досведам: як будаваць працу, калі «чарадзейнай палачкі» для вырашэння праблем няма.

    Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    У гутарцы з БАЖ галоўны рэдактар «Hrodna.life» Аляксей Шота кажа, што ў камандзе, як у прынцыпе і ў большасці медыя ў выгнанні, захоўваецца ананімнасць:

    «Па вялікім рахунку ў беларускіх медыя зараз не ананімныя толькі менеджары, рэдактары, кіраўнічае звяно. Гэта публічныя людзі, чыя публічнасць часта «прадугледжвае» крымінальныя справы ў Беларусі. Дарэчы, вось мною штосьці Брэсцкі следчы камітэт пачаў цікавіцца».

    Астатняя ж частка каманды — ананімная. «Але тут ёсць момант тэхналагічны. І раней Google любіў, каб матэрыялы былі падпісаныя: ён бачыць іх як аўтарскія. А цяпер, калі штучны інтэлект паўсюль, то яшчэ больш ўважае на гэта.

    Чыста тэхнічна надаецца большая аўтарытэтнасць рэсурсам, калі там ёсць аўтарскія матэрыялы. Таму зараз разглядаем варыянт, каб матэрыялы былі падпісаныя хаця б псеўданімамі. Умоўна кажучы, трошкі дадаць чалавечага твару.

     Мы ужо бачым, як такі падыход выкарыстоўваюць некаторыя калегі: на іх сайтах тэксты падпісваюцца аўтарамі пад псеўданімамі і нават з кароткімі сваімі кшталту біяграфіямі. Так што па вялікім рахунку бяспека супрацоўнікаў грунтуецца на тым, што яны ананімныя», — распавёў Аляксей Шота.

    «Не кажы лішняга!»

    Паводле журналіста, яшчэ ад 2022 года, калі рэдакцыі давялося з’ехаць з Беларусі, уведзеная практыка не расказваць налева-направа, дзе працуеш: «Скажам так, не разгалошваць інфармацыю пра месца працы і акалічнасці без патрэбы».

    Аляксей Шота. Фота: з асабістага архіва

    Тут не вядзецца гаворка пра нейкія прафесійныя канферэнцыі ці семінары. Хутчэй, гэта пра публічную прастору кшталту бараў, клубаў і г. д.

    «Не варта ў нашай сітуацыі расказваць малазнаёмым людзям, дзе ты працуеш. Гэта такія нашы базавыя рэчы зараз — ананімнасць у працы плюс мінімум інфармацыі пра сваю працу. Наогул, наколькі ведаю, у некаторых медыя ўжо дакументальна прапісаная забарона на распаўсюд інфармацыі пра сваё месца працы», — зазначае Шота.

    Што да сродкаў камунікацыі, то забароны на нейкія месенджары ў «Hrodna.life» няма:

    «Для прафесійных кантактаў мы карыстаемся ўнутры рэдакцыі Sig­nal, гэта ўжо, здаецца, стандарт нашай індустрыі. Але ж, вядома, шмат людзей, з якімі даводзіцца кантактаваць — па журналісцкай працы, па супрацы паміж медыямі, па нейкіх рэкламных праектах і да т. п. — сядзіць у Telegram.  

    Я гэты месенджар не надта люблю і не лічу яго звышбяспечным, але ён настолькі распаўсюджаны, што вымушаныя карыстацца і ім таксама. У прынцыпе, пакуль мне не вядомыя гісторыі, каб у кагосьці за камунікацыю з намі праз Telegram, у тым ліку ў пазаштатнікаў, узніклі праблемы вядомага роду. Але, безумоўна, калі казаць пра пазаштатнікаў, усе яны — не ў Беларусі. Да таго ж, яны знаходзяцца па-за ўнутрырэдакцыйных працэсаў, працуюць праз мяне ці нашага выпускаючага рэдактара, то-бок ведаюць максімум двух чалавек, якія і так дастаткова публічныя».

    А што з крыніцамі ўнутры краіны?

    «На жаль, мы вельмі моцна залежым ад таго, што публікуецца ў сацсетках. Вось цяпер Threads стаў такой суперкрыніцай, народ там вельмі актыўна піша. Можна выкарыстоўваць розныя з нашага боку фэйкавыя акаўнты, прыватныя акаўнты, нейкія небрэндаваныя акаўнты, не звязаныя наўпрост з брэндам «Hrodna.life», каб людзей «раскручваць» на нейкія больш глыбокія гісторыі.

    То-бок, калі нехта піша пра праблему, то ніхто ж табе не забараняе пайсці і з нейкага прыватнага акаўнта паўдзельнічаць у дыскусіі, ажывіць яе, высветліць пэўныя дэталі і г. д. Пытанне, наколькі гэта этычна, канешне, паўстае — бо ты спрабуеш зрабіць журналісцкую працу, нават не называючыся журналістам. Гэта можа выглядаць вельмі сумнеўна», — зазначае Аляксей Шота.

    Паводле рэдактара, апошнім часам, калі выданне бярэ штосьці з сацсетак, то не робіць дакладных спасылак: «Не спасылаемся нават на канкрэтныя дыскусіі, відэа ці трэды, а не тое каб на канкрэтныя персоны, бо ведаем дакладна, што людзям за гэта прылятала — кшталту, а ці не было моманту перадачы нейкай інфармацыі «экстрэмісцкаму фармаванню»»?

    «Відавочна, што ніхто з намі не супрацоўнічаў. Але чалавек зрабіў пост, мы гэтую тэму падсвяцілі на аснове паста, і да чалавека ўзніклі пытанні ад уладаў. Таму зараз наогул не спасылаемся.

    Канешне, выглядае дзіўнавата, калі мы пішам (замест дакладнай спасылкі на крыніцу): адзін чалавек у адной нейкай сасцетцы сказаў вось такое. Але тут сваю ролю грае пытанне даверу. «Hrodna.life» працуе даўно, нам аўдыторыя давярае. Паўтаруся, пісаць такім чынам — так сабе выглядае, дзікавата. Аднак гэта акалічнасці нашай сённяшняй працы, іх трэба ўлічваць, гэта тое, што ў Кодэксе БАЖ названа «працай у экстрэмальных умовах», — тлумачыць Аляксей Шота.

    Паводле галоўнага рэдактара «Hrodna.life», у 2021 годзе, калі прызнанне медыя «экстрэмісцкімі» яшчэ не было масавым, каманда гродзенскага гарадскога партала задумалася наконт далейшай прысутнасці ў сацсетках: «Тады ўпершыню адзін з нашых акаўнтаў быў прызнаны «экстрэмісцкім», мы зразумелі, што трэба не складаць яйкі ў адзін кошык, трэба множыць акаўнты».

    Аляксей Шота кажа, што перыядычна кантактуе з калегамі з іншых краін, дзе ёсць праблемы с дэмакратыяй, напрыклад, з Венесуэлы, Ірана, Нікарагуа: «Праблемы тыя ж, што і ў нас, усё вельмі падобнае. І ні ў кога няма добрага рашэння наконт таго, як працаваць медыя ў гэтым усім. Няма, на жаль, чарадзейнай палачкі, якая вырашае ўсе праблемы, ва ўсіх нас ёсць хіба што мыліцы, на якіх мы спрабуем рухацца далей. Такая рэальнасць».

    «Большасць нашых чытачоў застаецца ў Беларусі»  

    Сузаснавальнік і журналіст расследавальніцкага «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч у гутарцы з БАЖ заўважае, што прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» і некалькі крымінальных спраў «быццам бы не паўплывала на  дзейнасць, скажам, у плане збору і распаўсюду інфармацыі».

    Аляксандр Ярашэвіч

    Аляксандр Ярашэвіч на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Але, зразумела, на нас не могуць з пытанняў уласнай бяспекі зараз падпісацца людзі, якія знаходзяцца ўнутры краіны, гэтыя рашэнні ўладаў звужаюць кола нашых чытачоў, без сумневаў. У той жа час, як бачым па нашых сацсетках, большасць людзей, якія глядзяць нашы самыя папулярныя матэрыялы, гэта беларусы ў Беларусі», — зазначыў Аляксандр Ярашэвіч.

    Статус ад улады абмяжоўвае «Бюро Медыя» ў кантакце з аўдыторыяй, але «ў той жа час мы выкарыстоўваем усе магчымасці зараз, каб распаўсюджваць інфармацыю, даносіць яе да людзей праз сацыяльныя сеткі і бачым, што беларускія гледачы з Беларусі пераважаюць у праглядах менавіта нашых кароткіх відэа».

    Паводле журналіста, «экстрэмісцкі» Tik­Tok-акаўнт «Бюро Медыя» глядзяць часам і сотні тысяч людзей, большасць якіх з Беларусі:

    «Гэтая платформа зручная тым, што гледачу неабавязкова падпісвацца, людзі проста праглядаюць ролікі і як бы ўсё. Тое ж самае бачу, напрыклад, па нашых пастах у Telegram — людзі не падпісваюцца на наш канал, але некаторыя пасты пра нашыя расследаванні набіраюць шмат праглядаў, нашмат больш, чым падпісчыкаў у нас.

    Гэта значыць, што людзі заходзяць, чытаюць, а потым сыходзяць без падпіскі. Тое ж самае можна рабіць у YouTube. Таму мы робім ухіл на кароткія відэа і спрабуем праз іх распаўсюджваць інфармацыю».

    Як працуюць расследавальнікі з крыніцамі ўнутры краіны

    «Да прызнання «экстрэмістамі» было прасцей з людзьмі камунікаваць, гэта праўда. У мяне былі свае крыніцы яшчэ да 2020 года, якія мне давяралі і працягвалі са мной камунікаваць і надалей. Але калі пачалася павальная «экстрэмізацыя», людзі, зразумела, адчуваюць страх ад такой камунікацыі. Днямі я звяртаўся па дапамогу ў расследаванні, але мне адказалі, што мы ж у Беларусі, вы ж самі разумееце, што нам будзе за камунікацыю з вамі, таму не можам нічым дапамагчы.

    Я з разуменнем стаўлюся да гэтага, бо наступствы могуць быць для гэтых людзей вельмі цяжкімі. А з тымі, хто працягвае з намі камунікацыю, мы прытрымліваемся ўсіх магчымых стандартаў бяспекі», — распавядае Аляксандр Ярашэвіч.

    Паводле журналіста, «Бюро Медыя» зараз больш працуе з адкрытымі крыніцамі, «вельмі шмат пацверджанняў нашых даследаванняў знаходзіцца ў дакументах, выпісках, судовых рашэннях, у нейкай статыстыцы і гэтак далей».

    «Часам такую інфармацыю, як не дзіўна, можна знайсці ў сацыяльных сетках нашых герояў у адкрытым доступе. Вось, прыкладам, мы рабілі апошняе расследаванне пра «рыбную каралеву» Людмілу Няронскую, блізкую да сям’і Віктара Лукашэнкі. Мы знайшлі яе вялізны маёнтак у сацыяльных сетках яе дзяцей, здымкі, відэа, кантакты, агульныя фота з членамі сям’і Лукашэнкі.

    «Бюро Медыя»: Людзі не перастаюць дзяліцца інфармацыяй, бо ім баліць

    То-бок нямала інфармацыі можна знайсці ў адкрытым доступе. Так што мы стараемся больш будаваць нашу аргументацыю, наша расследаванні на нейкіх дакументальных доказах, а не толькі браць інфармацыю ад крыніц, гэта можа быць толькі элементам расследавання. Хаця людзі працягваюць нам пісаць на пошту, альбо ў Telegram. Некаторыя нават дзеляцца дакументамі на нашу просьбу, а іншыя і адразу дакументы нейкія дасылаюць. Гэта стала радзей адбывацца ў параўнанні, напрыклад, з 2020–2022 гадамі, але ўсё ж бывае», — кажа сузаснавальнік «Бюро Медыя».

    Бяспека каманды

    З мэтаў бяспекі супрацоўнікі «Бюро Медыя» не наведваюць такія краіны як Турцыя, Казахстан, Грузія і гэтак далей, «вядомы ж спіс краін, якія прынамсі патэнцыйна могуць выдаць Мінску».

    Інфармацыйная бяспека — у прыярытэце: «Уся працоўная інфармацыя захоўваецца на зашыфраваных дысках, стасуемся толькі ў Sig­nal і гэтак далей. Канешне, карыстаемся рознымі прыкладаннямі і схемамі ў мэтах падвышэння кібербяспекі, ад двухфактарнай аўтэнтыфікацыі і менеджара пароляў да спецыфічных праграм».

    З іншага боку, «Бюро Медыя» разумее, што «за мяжой беларускія спецслужбы могуць сачыць і фізічна».

    «Таму каманда праходзіла трэнінгі па бяспецы ў тым ліку фізічнай. Тут нам добра дапамагаюць нашы партнёры з OCCRP — гэта адна з найбуйнейшых у свеце арганізацый, якая займаецца журналісцкімі расследваннямі. І гэта не толькі трэнінгі.

    Калі ў нас узнікаюць сітуацыі, якія выклікаюць падазрэнні, напрыклад, нейкія цьмяныя лісты прыходзяць з просьбамі пра інтэрв’ю і гэтак далей, нейкія звароты на адчувальныя тэмы, то мы заўсёды ў першую чаргу звяртаемся да OCCRP па кансультацыю, пераправяраем тысячу разоў людзей, якія ўпершыню да нас звярнуліся і гэтак далей. Дасылаюць і фішынгавыя лісты, і нейкія незразумелыя людзі нам нібыта хочуць зліць сакрэтную інфармацыю, розныя сітуацыі — але ведаем, як даць рады ў той ці іншай», — зазначае Ярашэвіч.

    Журналіст кажа, што з моманту запуску свайго медыя «вырашылі, што не будзем хаваць сябе»:

    «Мне здаецца, што ў працы расследавальніка вельмі важны давер аўдыторыі. І ананімнасць тут не ў плюс — хтосьці ананімны штосьці там робіць, няма з каго спытаць. Аўдыторыя менш давярае такім схаваным аўтарам расследаванняў. Тым больш, нас ужо запрашаюць і як экспертаў па розных тэмах, прыкладам, па так званых гаманцах Лукашэнкі, абыходзе санкцый, па атачэнні Лукашэнкі і гэтак далей. Таму тут не пра ананімнасць ужо».

    Сістэмная адаптацыя

    Як бачым, медыя ў выгнанні перайшлі да адаптацыі працы ва ўмовах татальнай «экстрэмізацыі».

    Асноўнымі трэндамі сталі тэхналагізацыя бяспекі. Выкарыстанне зашыфраваных дыскаў, бяспечных сродкаў камунікацыі, удзел у адмысловых трэнінгах па бяспецы і іншае сталі стандартнай працэдурай.

    Фота: pexels.com

    Што праўда, журналісты вымушаныя балансаваць паміж этыкай (праца пад псеўданімамі або непрадстаўленне журналістам) і бяспекай крыніц. Змяншэнне долі інсайдаў кампенсуецца больш глыбокай працай з адкрытымі дадзенымі і дакументамі, што робіць матэрыялы больш аргументаванымі і ўстойлівымі да крытыкі.

    Нягледзячы на рэпрэсіўны ціск, беларускія медыя знаходзяць спосабы заставацца рэлевантнымі для ўнутранай аўдыторыі. Аднак гэтая праца патрабуе пастаяннага перагляду інструментаў, бо, як адзначаюць самі медыяменеджары, адзінага ідэальнага рашэння не існуе — ёсць толькі шлях пастаяннага пошуку новых «мыліц» для руху наперад.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.