• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас: Дзіўна гэта казаць, але «экстрэмізм» цяпер дазваляе нам быць больш адкрытымі ў пэўных пытаннях

    Вілюс Шадаўскас распавёў БАЖ, якія наступствы ВНУ ўжо адчула, як пераадольвае іх, якія перспектывы бачыць. Безумоўна, размова была і пра праграму «Медыя і камунікацыі», адной з буйнейшых у ЕГУ ад пачатку працы ўстановы.

    Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас, травень 2026 года. Фота: БАЖ

    Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вілюс Шадаўскас заступіў на кіраўнічую пасаду ў студзені 2025 года. Сацыяльныя сеткі ўніверсітэта ўжо былі на той момант «экстрэмісцкімі» — ад жніўня 2024-га. 14 красавіка 2026 года беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй» уласна ЕГУ.

    ЕГУ як элемент станаўлення беларускай грамадзянскай супольнасці

    — ЕГУ заўсёды быў месцам для беларускіх студэнтаў і не толькі дзеля таго, каб атрымліваць іншы, адрозны ад звыклага на той час тыпу вышэйшай адукацыі. Ён быў заснаваны ў 1992 годзе ў Мінску, на той час гэта было часткай плыні, ініцыяванай пераважна амерыканцамі, развіцця гуманітарнай адукацыі паводле заходніх стандартаў на постсавецкай прасторы.

    Нароўні з LCC Inter­na­tion­al (Міжнародны ўніверсітэт LCC заснаваны ў Клайпедзе пры сумесным удзеле фондаў Канады, ЗША і Літвы), CEU (Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт, падтрыманы фондам Сораса ў 1991‑м, створаны ў Празе і Будапешце для судзейнічання пераходу да адкрытага грамадства і дэмакратыі ў посткамуністычных краінах).

    Гэтыя ініцыятывы давалі такім краінам, у тым ліку і Беларусі, магчымасць доступу да вышэйшай адукацыі заходняга тыпу, развіцця больш крытычнага мыслення, да адукацыі, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях.

    Тым не менш, як ведаеце, ЕГУ быў закрыты ўладамі Беларусі ў 2004 годзе. І калі ён пераехаў у Літву, мяркую, ЕГУ стаў мостам для студэнтаў з Беларусі і заходняй адукацыяй і грамадствам увогуле. Многія нашы студэнты, выпускнікі ўдзельнічалі ў падзеях 2020 года. На маю думку, цяпер яны будуюць сваю прафесійную кар’еру, але большасць студэнтаў у той ці іншай ступені ўцягнутыя ў грамадзянскую супольнасць у розных формах — як прадпрымальнікі, як прамоўтары беларускага капіталу — інтэлектуальнага і фінансавага таксама. Шмат хто з выпускнікоў, мяркую, рыхтуюцца быць прафесіяналамі для новай дэмакратычнай Беларусі.

    «Медыя і камунікацыі» — гэтая праграма заўсёды была адной з самых папулярных ва ўніверсітэце, і яна ж — самая вялікая. Да моманту, калі ў ЕГУ з’явіўся IT-накірунак, «Медыя і камунікацыі» і «Дызайн» былі дзвюма асноўнымі праграмамі ўніверсітэта.

    Чаму студэнты абіраюць гэтую праграму

    — Факультэт прыняў рашэнне, што праграма будзе рэканструяваная, каб быць вельмі ўніверсальнай, вельмі адаптыўнай. У выніку студэнты, якія выбіраюць «Медыя і камунікацыі», могуць знайсці сябе ў вельмі розных сферах дзейнасці — ад журналістыкі да відэавытворчасці.

    І гэта не толькі акадэмічны элемент — філасофія, сацыяльныя навукі, але таксама і практычныя навыкі, якія з’яўляюцца істотнымі на сёння.

    Журналістку Глафіру Жук сёлета абралі «Выбітнай выпускніцай ЕГУ»

    Страты

    — Студэнты і выкладчыкі з’яўляюцца найбольш уразлівымі групамі ўніверсітэта. Сам ЕГУ знаходзіцца ў Літве — гэта літоўскае заканадаўства, еўрапейскае заканадаўства, гэта інстытуцыя ў еўрапейскай юрысдыкцыі. Яна абароненая, але студэнты і выкладчыкі з Беларусі вельмі ўразлівыя.

    Ведаеце, пагрозы, звязаныя з прысваеннем гэтага статусу, пачаліся ў 2024 годзе. Больш сур’ёзныя рэчы адбыліся ў жніўні 2025-га, калі нашыя сацсеткі сталі «экстрэмісцкімі». І ўжо ў мінулым верасні мы страцілі некалькіх студэнтаў, якія пасля абмеркаванняў з блізкімі вырашылі пакінуць ЕГУ. Два выкладчыкі сышлі з ЕГУ восенню 2025 года праз гэтае рашэнне беларускіх уладаў.

    А пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» за адзін месяц — з 14 красавіка па 14 траўня — каля сотні студэнтаў пакінулі ўніверсітэт. На жаль, мы не думаем, што гэта канчатковая лічба. Мяркую, што любы дадатковы від пагрозы ў гэтым узмацненні пераследу выкліча дадатковы адток студэнтаў.

    І, вядома, мы ўсведамляем, што некаторыя студэнты плануюць скончыць семестр і шукаць іншае месца навучання.

    Пакуль мы рыхтаваліся да гэтай падзеі — прысваення статусу — мы ацэньвалі розныя сцэнары. На жаль, яны ўвасабляюцца ў жыццё. Напрыканцы акадэмічнага года мы будзем дакладна ведаць, колькі студэнтаў вырашаць не працягваць сваю адукацыю ў ЕГУ.

    Большасць выкладчыкаў ужо некалькі гадоў жывуць у Літве, таму тут іншы парадак лічбаў. І ўсё ж яшчэ два лектары  вырашылі не працягваць супрацоўніцтва. Пэўны адсотак нашых супрацоўнікаў быў на частковай занятасці ў сферы IT: яны сышлі адразу, але гэта не такое рэзкае скарачэнне, як у выпадку са студэнтамі.

    Што да пераследу выпускнікоў, студэнтаў пасля рашэння ўладаў, то можам пакуль казаць пра допыты, апытанні, візіты. Хоць мы не можам ведаць, як будуць развівацца падзеі пасля.

    Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас, травень 2026 года. Фота: БАЖ

    Ці могуць перавесціся ў іншыя ВНУ студэнты і выкладчыкі

    — Адносна пераводу як студэнтаў, так і выкладчыкаў — мы знаходзімся ў камунікацыі з іншымі ўніверсітэтамі. У мяне была магчымасць далучыцца да Канферэнцыі рэктараў Літвы адразу пасля нашага прызнання «экстрэмістамі» для абмеркавання новых праблем.

    Так што ў нас ёсць падтрымка, рэктары Літвы разумеюць нашу праблему і ў іх ёсць жаданне дапамагчы.

    Але як у выпадку студэнтаў, так і выкладчыкаў, універсітэты будуць ужываць свае крытэры адбору. Так што, калі студэнт хоча перавесціся, ён павінен адпавядаць стандартам праграмы гэтай установы.

    Таксама і з выкладчыкамі: калі ёсць вакантныя пазіцыі і конкурс, яны могуць падавацца.

    ЕГУ ў гэтым стаўленні да выкладчыкаў быў унікальным, бо некалькі гадоў у нас былі ініцыятывы падтрымкі навукоўцаў, якія знаходзяцца пад пагрозай рознага роду. Мы прымалі выкладчыкаў — беларускіх, украінскіх, расійскіх, каб яны маглі праводзіць даследаванні і выкладаць, выкарыстоўваючы статус навукоўца пад пагрозай.

    Іншыя ўніверсітэты, аднак, будуць ужываць акадэмічныя стандарты.

    «У нас быў адзін год»

    — Пасля 2020 года быў перыяд балансавання інстытуцыі. І мы былі крыху, ведаеце, пазітыўна настроеныя, скажам так: вядома, адбываліся рэгулярныя пераследы студэнтаў, былі дзеянні супраць універсітэта, але не даводзілася да радыкальнай ступені.

    Але калі нашы сацыяльныя сеткі былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі 22 жніўня 2025 года, мы сустрэліся з нашымі дарадцамі, экспертамі. І яны сказалі: «Ну, верагодна, у вас ёсць адзін год». І гэта аказалася вельмі дакладным прагнозам.

    Так, мы гэтага чакалі. І цяпер ужо не сакрэт, што ўсе інстытуцыянальныя рэформы, якія мы праводзілі з такой хуткасцю, былі накіраваныя на тое, каб зрабіць ВНУ настолькі ўстойлівым, наколькі гэта магчыма, ліквідаваць некаторую фрагментацыю ўнутры ўніверсітэта.

    На маю думку, гэта дапамагло. Вядома, былі асобныя выпадкі са студэнтамі, якія мы не змаглі вырашыць. Але мы прадухілілі хаос, сістэмы спрацавалі, план падрыхтоўкі спрацаваў.

    БАЖнае пытанне

    — Колькі год таму БАЖ звяртаўся ў ЕГУ адносна партнёрства па праграме «Журфак па суботах», але тады не выйшла — кіраўніцтва ЕГУ ўстрымалася ад супольных праектаў з арганізацыяй, якая ўжо мела «экстрэмісцкі» статус. Ці варта чакаць змен?

    — Так. Думаю, што ў гэтым сэнсе будзе шмат змен.

    Заўважу, што гэта датычыцца не толькі праграмы «Медыя і камунікацыі». Пасля 2020 года вышэйшае кіраўніцтва, органы кіравання ЕГУ прынялі рашэнне заняць больш стрыманую пазіцыю ў дачыненні да арганізацый, якія ўжо мелі такі статус.

    Але з майго пункту гледжання як рэктара, акадэмічныя і сацыяльныя партнёрствы, якія з’яўляюцца істотнымі для праграм, узаемадзеянне студэнтаў — вельмі важныя, таму, мяркую, што шмат чаго будзе перагледжана.

    Заўсёды было пытанне: да якіх наступстваў можа прывесці тое ці іншае дзеянне. Таму што калі ў вас ёсць сваякі студэнтаў, сваякі выкладчыкаў, калі можа пацярпець нават атачэнне студэнтаў і выкладчыкаў, і вы ніколі дакладна не ведаеце, якое дзеянне можа выклікаць якія-небудзь наступствы з боку рэжыму, то трэба быць вельмі асцярожным — такім быў гэты падыход.

    Так, цяпер многае змяняецца, таму што большасць арганізацый або экстрэмісцкія, або маюць іншы падобны статус.

    Над брамай ЕГУ. Фота: БАЖ

    Ці не закрануць змены місію і бачанне ЕГУ як найперш беларускага ВНУ?

    — Гэта папулярнае пытанне, я б сказаў. Тут існуе пэўная праблема, звязаная са знешняй камунікацыяй, вакол універсітэта сфармаваліся некаторыя розныя сэнсавыя разуменні.

    Ідэнтычнасць універсітэта і яго місія заўсёды былі арыентаваныя на беларускую акадэмічную думку ў цэлым, але таксама на прадастаўленне студэнтам еўрапейскай адукацыі, а выкладчыкам — месца для правядзення даследаванняў і выкладання.

    Цяперашняя сітуацыя выносіць на парадак дня практычнае пытанне: як універсітэт развіваецца і як ён падтрымлівае сябе практычна, фінансава і акадэмічна.

    Так што, калі казаць вельмі проста, яшчэ да пытання «экстрэмізму» мы пачалі развіваць ідэю неабходнасці прыцягнення студэнтаў з іншых краін. Студэнтаў, якія цалкам аплачваюць навучанне: украінцаў, рускамоўных літоўцаў. Па сутнасці студэнтаў з Усходняй Еўропы або постсавецкага рэгіёна, якія маглі б вучыцца і якім мы як універсітэт цікавыя па тых жа прычынах: перш за ўсё навучанне на першых курсах на рускай мове, потым англійская мова, іншыя навыкі.

    Але потым паўстала пытанне: а што такое беларускі элемент? Так што ўніверсітэту неабходна было мець больш практычнае выяўленне беларускай ідэнтычнасці.

    Быў створаны Цэнтр беларускіх рэгіянальных даследаванняў. Гэта адзін з кірункаў, якія мы хочам развіваць.

    Але таксама мы хочам праводзіць даследаванні па Беларусі, мы хочам праводзіць канферэнцыі, мы хочам праводзіць навукова-папулярныя мерапрыемствы і распаўсюд ведаў для супольнасці, кароткія курсы па беларускай гісторыі і не толькі.

    Натуральна, колькасць беларускіх студэнтаў будзе змяншацца з прычыны апошніх рашэнняў беларускіх уладаў, прынамсі нейкі час. Але тады ідэнтычнасць універсітэта павінна быць выяўленая яшчэ мацней.

    Дзіўна гэта казаць, але «экстрэмізм» цяпер дазваляе нам быць больш адкрытымі ў пэўных пытаннях: праводзіць канферэнцыі, праводзіць мерапрыемствы, падтрымліваць праекты, ад якіх раней маглі ўстрымацца.

    Мяркую, што галоўная рэч, якую нам трэба зразумець і данесці да беларускай супольнасці ў выгнанні, для якой пытанне ідэнтычнасці вельмі адчувальнае, заключаецца ў тым, што прысутнасць студэнтаў іншых нацыянальнасцяў не супярэчыць ідэнтычнасці, прыродзе і місіі ўніверсітэта як такога.

    Ён быў заснаваны ў Беларусі для беларускіх студэнтаў, потым быў перанесены і працягваў рабіць гэта, і будзе працягваць рабіць гэта.

    Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас, травень 2026 года. Фота: БАЖ

    Але новыя спосабы выяўлення ідэнтычнасці — больш акадэмічныя спосабы, праз даследаванні, распаўсюд інфармацыі, узаемадзеянне з акадэмічнымі і сацыяльнымі партнёрамі — павінны быць узмоцненыя.

    А студэнты з іншых краін забяспечваюць універсітэту самадастатковасць, фінансавую стабільнасць і патэнцыял развіцця для найму выкладчыкаў, індэксацыі заробкаў — усё гэта, ведаеце, практычнае жыццё, якое патрабуе рэсурсаў.

    І кожны ўніверсітэт, не толькі літоўскі, набірае студэнтаў з іншых краін, каб ураўнаважваць гэтыя праблемы.

    Так што мая заключная заўвага ў адказ на гэтае пытанне будзе такой: нам трэба выразна прагаворваць і вызначаць або адрозніваць дзейнасць, звязаную з ідэнтычнасцю ўніверсітэта, і акадэмічныя і практычныя патрэбы ўніверсітэта, якія па сваёй сутнасці не супярэчаць адна адной.

    Няма ніякага плана або намеру якім-небудзь чынам змяншаць або прыбіраць з карціны беларускую ідэнтычнасць універсітэта; наадварот, гаворка ідзе пра пашырэнне яе ўплыву.

    Што сёння з адукацыяй у БАЖ

    Распавядае каардынатар адукацыйных праграм БАЖ, імя якога не называецца з прычын бяспекі:

    — Нягледзячы на вымушаны выезд з Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў захавала шырокі спектр адукацыйных праграм, якія запатрабаваныя як журналістамі і журналісткамі, так і рэдакцыямі і медыяпраектамі.

    Сертыфікаты «Журфаку па суботах». Фота: БАЖ

    Сярод такіх праграм і вялікі адукацыйны афлайн-прадукт «Журфак па суботах», арганізаваны сумесна з партнёрамі (Press Club Belarus і Free Press for East­ern Europe пры фінансаванні Еўрапейскай Камісіі), які фактычна дае паўнавартасную журналісцкую адукацыю: базавы курс, павышэнне кваліфікацыі і спецыялізацыю.

    Асабліва важна, што ў якасці трэнераў у гэтай праграме ўдзельнічаюць дзейныя журналісты і рэдактары незалежных беларускіх медыя, якія самі папярэдне прайшлі належную прафесійную падрыхтоўку паводле стандартаў заходняй журналістыкі.

    Таксама кароткія адукацыйныя курсы, трэнінгі і вэбінары па найбольш запатрабаваных калегамі напрамках (планаванне адбываецца на аснове патрэбаў медыясупольнасці): расследаванні паводле адкрытых крыніц, бяспека, журналісцкая этыка, штучны інтэлект, менеджмент, прамоцыя медыяпрадуктаў і многае іншае.

    Сёння, можна скажаць, незалежная медыяадукацыя фактычна пераехала ў недзяржаўны сектар і эміграцыю, бо класічныя беларускія сістэмы адукацыі для журналістаў сталі неэфектыўнымі і прасякнутыя прапагандай, БАЖ пра гэта шмат расказваў.

    Што цяпер найбольш патрабуецца беларускім незалежным медыя што да супрацоўнікаў?

    Паводле суразмоўцы БАЖ, у апошнія гады ў медыя найбольш цэніцца досвед, хуткасць, мультызадачнасць і прафесіяналізм.

    — Ва ўмовах скарачэння колькасці падтрымкі, медыя сёння шукаюць матываваных прафесіяналаў і прафесіяналак, якія могуць аператыўна ствараць якасныя матэрыялы, рабіць рэсёрч, шукаць ілюстрацыі і пры гэтым ведаць і выконваць заканадаўства і этычныя межы не толькі Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў, але і этычныя нормы краіны, дзе зарэгістравана медыя.

    Дапамагаць журналістам і журналісткам стаць такімі, адточваць свае навыкі і атрымаць веды ў той сферы, у якой ім не хапае — і ёсць місія БАЖ.

    Ці ёсць попыт на адукацыю ад БАЖ

    — Здавалася б, цяпер фінансавы крызіс у многіх медыя, але мы маем вялікі попыт на нашы адукацыйныя праграмы і нават праводзім адбор удзельнікаў і удзельніц, бо найперш маем працаваць для нашай галоўнай мэтавай групы — прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя.

    «Журфак па суботах»: Як беларуская журналістыка рыхтуе кадры ў часы крызісу

     

    Галоўны вынік адукацыйных прадуктаў БАЖ — практычныя веды і навыкі, якія дапамагаюць канкураваць у сучасных умовах, камунікацыя і кантакты ўнутры журналісцкай супольнасці і сярод экспертаў.

    Напрыклад, выпускнікі і выпускніцы «Журфака па суботах» атрымалі не толькі сертыфікаты аб яго паспяховым заканчэнні, але і вельмі канкрэтныя прафесійныя магчымасці. Яны навучыліся працаваць з тэкстамі паводле заходніх стандартаў, пасля стажыровак у рэдакцыях маюць гатовыя партфоліа: апублікаваныя тэксты ці відэа. Частка з іх цяпер працуюць у рэдакцыях незалежных беларускіх медыя альбо стала супрацоўнічаюць з імі, распачалі свае медыйныя праекты і калабарацыі.

    Чаму сёння важна інвеставаць у адукацыю журналістаў, нават ва ўмовах рэпрэсій?

    — Калі дзяржаўная прапаганда дамінуе, людзям становіцца цяжэй адрозніваць факты ад фэйкаў і маніпуляцый. Добра падрыхтаваныя журналісты ўмеюць правяраць інфармацыю, працаваць з крыніцамі, тлумачыць складаныя працэсы простай мовай. Без гэтага грамадства губляе агульную карціну таго, што адбываецца.

    Стыпендыі, курсы, ментарскія праграмы дапамагаюць журналістам і журналісткам застацца ў прафесіі, ствараць новае медыяпрадукты. Калі не падтрымліваць адукацыю цяпер, пазней можа ўзнікнуць вялікі дэфіцыт людзей з досведам і стандартамі незалежнай журналістыкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.