• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чым адметныя Паванзкоўскія могілкі ў Варшаве, дзе пахаваюць Аляксандра Мілінкевіча

    22 жніўня на Паванзкоўскіх могілках, што знаходзяцца ў варшаўскім раёне Жалібож, на вайсковай частцы, пахаваюць беларускага палітыка Аляксандра Мілінкевіча. «Еўрарадыё» запытала ў Анатоля Міхнаўца, заснавальніка ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць», пра гісторыю Паванзкоўскіх могілак і пра іх значнасць не толькі для палякаў, але і для беларусаў.

    Паванзкоўскія могілкі

    Паванзкоўскія могілкі ў Варшаве / Праект «Мода на Мазоўша»

    У чым адметнасць Паванзкоўскіх могілак

    — Паванзкоўскія могілкі ў Варшаве — найперш месца вялікай гістарычнай памяці. Яны з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых могілак Варшавы, унесены ў рэестр помнікаў, а многія надмагіллі маюць мастацкую каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай.

    Палякі вельмі шануюць Павонзкі. Там дзейнічае Грамадскі камітэт абароны могілак, які збірае грошы на рэстаўрацыю помнікаў. Гэта асабліва важна для пахаванняў тых, у каго ўжо няма сваякоў, здольных іх даглядаць. Мэта камітэта — захаваць гэтыя помнікі і аднавіць іх.

    Паванзкоўскія могілкі перажылі Другую сусветную вайну і Варшаўскае паўстанне. Падчас баёў частка пахаванняў была пашкоджана. На працягу гісторыі тут заўсёды хавалі выбітных людзей, важных для Польшчы.

    Павонзкі складаюцца з дзвюх частак — грамадзянскай і вайсковай. На вайсковых могілках хаваюць людзей, звязаных перадусім з вайсковай сферай. 

    Паванзкоўскія могілкі

    Паванзкоўскія могілкі ў Варшаве / Турыстычнае бюро Go to War­saw

    Там ёсць сектар, дзе пахаваны ўдзельнікі паўстання 1863 года: у польскай традыцыі — Студзеньскага паўстання, а ў беларускай — паўстання Кастуся Каліноўскага. Ёсць таксама сектары ўдзельнікаў вайны 1920 года, Другой сусветнай вайны і іншых людзей, звязаных з польскай ваеннай гісторыяй.

    Сёння вайсковыя могілкі фактычна закрытыя для новых пахаванняў. Таму пахаванне Аляксандра Мілінкевіча на вайсковай частцы Павонзак я ўспрымаю як выключны выпадак. Наколькі разумею, польская дзяржава пайшла насустрач, ацаніўшы яго ўнёсак для дзвюх краін.

    Для беларусаў Паванзкоўскія могілкі таксама маюць вялікае значэнне. Тут пахаваны людзі, звязаныя з Беларуссю, яе культурай і гісторыяй. Мы прыходзім сюды на гадавіны, каб ушанаваць іх памяць. Важна, каб беларусы ведалі пра гэтыя магілы і захоўвалі памяць пра людзей, якія пакінулі значны след у нашай гісторыі.

    Ад палітыкаў да творцаў

    — Адна з першых магіл, да якой мы заўсёды прыходзім, — магіла Станіслава Манюшкі. Гэта вядомы кампазітар, які большую частку свайго творчага жыцця пражыў у Беларусі і працаваў з беларускім матэрыялам. Праз пераслед царскіх улад быў вымушаны пераехаць у Польшчу, дзе стаў адным з найслыннейшых кампазітараў краіны. Нават цэнтральны чыгуначны вакзал Варшавы носіць яго імя.

    Заўсёды ўшаноўваем Марыю Ямант — нарачоную Кастуся Каліноўскага. Гэта тая самая Марыя, якой Каліноўскі пісаў лісты з‑пад шыбеніцы.Таму для беларускай памяці яе магіла — вельмі важнае месца.

    Яшчэ адна знакавая асоба — Ян Булгак, вядомы фатограф. На яго магіле напісана “Нестар польскай фатаграфіі”, то-бок заснавальнік польскай фатаграфіі. Але я думаю, што і беларускі народ павінен быў бы надаць яму такі тытул, таму што яго кар’ера пачалася ў Беларусі.

    Паванзкоўскія могілкі ў Варшаве / Маргарэт Крэйн

    Фотаапарат падарылі яго жонцы на дзень нараджэння, але ён сам зацікавіўся фатаграфіяй. Пасля гэтага і пачаў займацца ёй. Булгак пакінуў пасля сябе тысячы фотаздымкаў Віленшчыны, беларускіх краявідаў. Для нашай гісторыі і памяці яны вельмі каштоўныя.

    На Павонзках пахаваны і Міхал Федароўскі. Гэта польскі даследчык, але на яго магіле напісана: “Аўтар люду беларускага”. Ён усё жыццё займаўся краязнаўствам і сабраў некалькі дзясяткаў тамоў беларускіх матэрыялаў: прымаўкі, прыказкі, песні, паданні — усё, што датычылася Беларусі.

    Хоць ён быў этнічным палякам, беларуская культура настолькі запала яму ў душу, што ён прысвяціў яе вывучэнню ўсё жыццё. Фактычна гэта стала яго мэтай і сэнсам жыцця.

    Яшчэ адна асоба — Тадэвуш Даленга-Мастовіч. Думаю, беларусам ён найперш знаёмы па кнізе і фільме “Знахар”. Ён паходзіць са старажытнага беларускага роду, хоць быў выхаваны ў польскай культуры і стаў часткай польскай літаратуры. 

    У Польшчы яго вельмі добра ведаюць і шануюць яго памяць. У Беларусі ён менш вядомы, але лічу, што нам трэба вяртаць у сваю гістарычную памяць нашых герояў і землякоў.

    На Павонзках ёсць яшчэ некалькі важных для беларусаў магіл. Я пералічыў асноўныя, да якіх мы заўсёды ходзім і ўшаноўваем іх памяць, бо гэтыя людзі вельмі вядомыя.

    У мінулым годзе тут таксама перапахавалі пісьменніка Сяргея Пясецкага. Думаю, што Аляксандр Мілінкевіч цяпер таксама зойме сваё месца сярод гэтых людзей.

    Для мяне важна, што на Павонзках захоўваецца памяць пра людзей, якія мелі рознае паходжанне і розны лёс, але так ці інакш былі звязаны з Беларуссю. Гэта месца мае вялікае значэнне не толькі для палякаў, але і для нас — як частка нашай агульнай гісторыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.