«Еўрарадыё»: Падставаў, каб дадаваць Тарналіцкага ў базу «Міратворац», няма
Рэдакцыя «Еўрарадыё», дзе працуе журналіст Тарас Тарналіцкі, выпусціла паведамленне ў падтрымку свайго калегі. «Журналіста «Еўрарадыё» Тараса Тарналіцкага дадалі ва ўкраінскую базу «Міратворац». Але падставаў для гэтага няма, мы будзем гэта абскарджваць і даб’емся поспеху», — падкрэсліваюць у медыя.

Журналіст Тарас Тарналіцкі на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
У рэдакцыі зазначаюць, што Тарас Тарналіцкі ў кантэксце вайны ва Украіне публічна займае праўкраінскую пазіцыю:
«Ён дапамагаў украінскаму войску і ўцекачам, якія беглі ад поўнамаштабных баявых дзеянняў у першыя дні вайны. Пасля 24 лютага 2022 года ён неаднаразова бываў у службовых камандыроўках у Кіеве і ў Львове.
А тое, што адбываецца, тлумачыцца проста: праз сваіх агентаў і «карысных ідыётаў» нашае выданне працягвае атакаваць КДБ».
У чэрвені 2026 года ў гэтай жа базе знайшлі імя галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава. Тады на партале, які фіксуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, з’явілася картка з яго асабовымі звесткамі.
«На «Міратворцы» тэкст напісаны маімі дзвюма «прыхільніцамі», якія ўжо некалькі месяцаў атакуюць мяне ўсімі магчымымі шляхамі. Яны і донарам («Еўрарадыё») пісалі, і ў Facebook нешта. Дарэчы, я ж дзеля бяспекі працаваў ананімна гэтыя гады, але яны зрабілі аўтынг, бо ім відавочна ўсё роўна на бяспеку іншых», — каментаваў тады БАЖ сітуацыю спадар Казарцаў.
Ён адразу накіраваў у «Міратворац» зварот, у якім абгрунтаваў, чаму лічыць напісанае хлуснёй і маніпуляцыяй. У ліпені 2026 года імя Казарцава было прыбранае з базы.
Тарас Тарналіцкі — беларускі журналіст і кінакрытык. Прафесійную дзейнасць пачаў у 2008‑м годзе. За гэтыя гады супрацоўнічаў з больш як 40 выданнямі ў Беларусі, Украіне, Расіі і краінах Еўрапейскага Саюза. Апошні час працуе карэспандэнтам для «Еўрарадыё» і партала «Будзьма беларусамі». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI.
@bajmedia