• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ІТ-спецыялістам, якія супрацоўнічалі з «Белсатам», прад’явілі абвінавачанні: фінансавая шкода на мільёны долараў

    Двум ІТ-спецыялістам, якія супрацоўнічалі з тэлеканалам «Белсат» у перыяд з 2018 па 2024 гады — Кшыштафу М. і Шыману П. прад’явілі абвінавачанні, паведамляюць польскія медыі.

    Офіс TVP у Варшаве

    Офіс TVP у Варшаве. Фота: БАЖ

    «Магчыма была нанесеная шкода памерам каля 1,8 мільёнаў долараў»

    Следства даводзіць, што абодва нанеслі тэлекампаніі Telewiz­ja Pol­s­ka (Польскае тэлебачанне), у складзе якой працуе «Белсат», фінансавую шкоду памерам у некалькіх мільёнаў злотых, выстаўляючы ПДВ-фактуры на фіктыўныя паслугі і праз завышэнне цэн на сваю працу.

    У межах справы ідуць два расследаванні, якія кантралюе акруговая пракуратура ў Варшаве.

    Першае ахоплівае перыяд з 10 жніўня 2018 года па 10 студзеня 2024 года. За гэты час нібыта Польскаму тэлебачанню «асобамі, якія вялі яе фінансавыя справы» была нанесеная шкода памерам 7,14 мільёнаў злотых (каля 1,8 мільёнаў долараў) «шляхам заключэння дамоў аб прадастаўленні ІТ-паслуг і замоў на куплю з вызначаным прадпрымальнікам».

    Другое расследаванне ахоплівае перыяд з 9 красавіка 2019 года па 10 студзеня 2024 года і тычыцца выпіскі фіктыўных ПДВ-фактураў на агульную суму больш за 5,1 мільёнаў злотых. Следства сцвярджае, што паслугі па гэтых фактурах насамрэч ніколі не былі аказаныя.

    Паводле следчых, ІТ-спецыяліст Кшыштаф М. «з мэтай атрымання маёмаснай выгады спрыяў неналежнаму распараджэнню сродкамі праз TVP». Пракуратура высветліла, што мужчына не выконваў ІТ-паслугі для «Белсата», за якія атрымліваў ганарар.

    Следчыя паведамляюць, што паводле іх звестак, Кшыштаф М. выставіў 385 фіктыўных фактур на суму каля 4,5 мільёна злотых (больш за 1,1 мільёнаў долараў). Мужчыне таксама было выстаўлена абвінавачанне ў падачы падатковых дэкларацый на падставе гэтых фактур, выстаўленых TVP.

    Шымана П. вінавацяць у тым, што ён «з мэтай атрымання маёмаснай выгады» ўвёў у зман TVP адносна коштаў ІТ-паслуг і таксама спрыяў «неналежнаму выкарыстанню сродкаў у значных памерах». У дадзеным эпізодзе гаворка ідзе пра 295 фактур на ІТ-паслугі для «Белсата» на суму каля 4,2 мільёнаў злотых (больш за 1 мільён долараў).

    Абодва мужчыны далі паказанні і не прызналі сябе вінаватымі па высунутых абвінавачаннях. Пракурор абавязаў Шымана П. унесці заклад памерам 200 тысяч злотых (прыкладна 51 тысяча долараў), а Кшыштафа М. — памерам 170 тысяч злотых (каля 44 тысяч долараў). Абодва былі ўзятыя пад нагляд паліцыі.

    Кіраўніцтва  «Белсата» заключала дамовы на IT-паслугі ў абыход тэндарных працэдур?

    Пра затрыманне Шымана П. супрацоўнікамі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Польшчы раніцай 1 верасня паведамляла былая дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы. Яна нагадвала таксама, што два гады таму ліквідатар кампаніі TVP Даніэль Горгаш падаў заяву ў пракуратуру. Ён абвінаваціў кіраўніцтва тэлеканала ў фінансавых злоўжываннях.

    Супрацоўнікі ЦАБ раніцай 20 лістапада 2024 года «ўвайшлі ў будынак»  Польскага грамадскага вяшчання (TVP) у межах «расследавання злоўжыванняў» на тэлеканале «Белсат».

    Аўдытары сцвярджалі, што кіраўніцтва «Белсата» заключала дамовы на IT-паслугі ў абыход тэндарных працэдур і без аналізу рынку. Паводле іх слоў, кантракты атрымлівалі кампаніі, якія не мелі адпаведнага вопыту. На іх думку, таксама ёсць падазрэнні, што гэтыя кампаніі ствараліся адмыслова пад канкрэтныя замовы.

    Праверка нібыта таксама паказала, што было дубляванне паслуг. Напрыклад, знешняя кампанія атрымлівала грошы за архіваванне матэрыялаў, размешчаных на YouTube, у той час як архіваванне рэгулярна выконвалася на цвёрдых дысках TVP.

    Справаздачу ліквідатара TVP Даніэля Горгаша накіравалі ў акруговую пракуратуру ў Варшаве.

    У межах справы ўжо было апытана шмат людзей, у тым ліку і сама Рамашэўска-Гузы.

    «Былі апытаныя я і мае калегі. Быў шматгадзінны ператрус у нашага прадстаўніка паслуг. Былі забраныя ўсе серверы з TVP — а гэта архівы «Белсата» з 2026 года», — распавядала былая дырэктарка тэлеканала.

    Агнешка Рамашэўска-Гузы

    Агнешка Рамашэўска-Гузы падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    Агнешка Рамашэўская-Гузы, сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсата», якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 года, абуралася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні і «абсурднай» сумай 7 млн злотых, паходжання якой яна не можа зразумець. Рамашэўская-Гузы патрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданні сродкаў «Белсата».

    Медыяменеджарка заяўляла, што кантракты і замовы былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, а рашэнні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя падраздзяленні кампаніі», а сродкі на IT-паслугі не ўтойваліся, а былі абвешчаныя ў бюджэце канала, зацверджаныя праз Бюро кантролю і рэструктурызацыі і пазначаныя ў гадавых справаздачах Міністэрству замежных справаў. Акрамя таго, Рамашэўская-Гузы нагадвала пра хакерскія атакі на IT-інфраструктуру «Белсата» — сістэмы і сайты «Белсата» ўзламаць не ўдалося, збудаваныя для «Белсата» сістэмы аказаліся надзвычай трывалыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.