• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава выключылі з базы «Міратворца»

    Дадзеныя галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава прыбралі з базы ўкраінскага цэнтра «Міратворац». Журналіст адпраўляў у арганізацыю абгрунтаванне, чаму лічыць абвінавачанні ў свой бок памылковымі.

    Рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава выключылі з базы «Міратворца»

    Яўген Казарцаў. Фота: «Наша Ніва»

    Сёлета ў чэрвені стала вядома, што на партале «Міратворац», які фіксуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, з’явілася картка з асабовымі звесткамі галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава. Зараз гэтая старонка выдаленая, піша выданне. «Еўрарадыё» сцвярджае, што Яўген Казарцаў быў уключаны ў базу ўкраінскага цэнтра памылкова.

    Нагадаем, журналіста абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта браў удзел «у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», распаўсюджваў расійскую прапаганду і маніпуляваў грамадска значнай інфармацыяй у інтарэсах Крамля.  Прэтэнзіі да Казарцава былі звязаныя з яго працай з 2015‑га па 2020‑ы гады на расійскім дзяржаўным рэсурсе «Спутник». Журналіста вінавацілі, што ў сваіх тагачасных публікацыях ён паўтараў ключавыя наратывы Крамля і выпускаў тэксты, якія дыскрэдытавалі беларускіх добраахвотнікаў у зоне АТА.

    У каментары БАЖ з нагоды ўключэння ў базу «Міратворца» Яўген Казарцаў назваў паведамленне на ўкраінскім валанцёрскім партале «маніпулятыўным»:

    «Што я працаваў на «Спутніку» я ніколі і не хаваў — гэта ў мяне ў Link­endin пазначана і г. д. Але тыя спасылкі, што яны даюць, яны перакручваюць. Напрыклад, калі чытаць па спасылках, нідзе я не адмаўляю існаванне палітвязняў. Артыкул, у якім я нібыта называю добраахвотніка «нацыстам» — гэта інтэрв’ю з яго сябрам, які кажа, што такога ніколі не было, і цытата МУС Беларусі».

    Яўген Казарцаў асобна падкрэсліў, што за паўтары гады яго працы на пасадзе галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» палітыка СМІ, якая палягае ў поўнай падтрымцы Украіны і асуджэнні расійскай агрэсіі, не змянілася.

    «Еўрарадыё»: Мы не завод, які спыняецца, калі нешта ідзе не так. Нават калі цяжка, мы працуем для Беларусі

    Адразу пасля таго, як журналіст даведаўся пра публікацыю сваіх дадзеных на партале, ён  накіраваў у «Міратворац» зварот, у якім абгрунтаваў, чаму лічыць напісанае хлуснёй і маніпуляцыяй.

    «Апошнім часам нядобразычліўцы маніпулююць фактамі і рассылаюць дэзынфармацыю з мэтай зганьбіць Казарцава і Еўрарадыё. Яны распаўсюджваюць свае выдумкі пра нас усюды, куды могуць дацягнуцца. Але, як і ў выпадку з «Міратворцам», іх «інфармацыя» не вартая і ломанага граша. І не вытрымлівае элементарнай праверкі», каментуе сітуацыю «Еўрарадыё».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.