• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ён застаўся дзеля праўды». На цырымоніі ў Вашынгтоне гаварылі пра палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша

    У Міжнародны дзень палітычных зняволеных, які адзначаецца ў свеце 30 кастрычніка, «Кааліцыя 30 кастрычніка» і Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (the Nation­al Endow­ment for Democ­ra­cy – NED) правялі ля мемарыялу Лінкальна ў Вашынгтоне цырымонію ўшанавання палітзняволеных. Гучалі на ёй і імёны беларускіх палітвязняў.

    На цырымоніі ў Вашынгтоне гаварылі пра палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша

    На цырымоніі ўшанавання палітвязняў у Вашынгтоне кіраўнік аналітычнага цэнтру «iSANS» Уладзь Кобец гаварыў пра беларускага палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша. 30 кастрычніка 2026 года. Фота: з архіву ўдзельніка мерапрыемства

    У межах цырымоніі ўшаноўвалі тых, хто выйшаў на волю за апошні год, і згадвалі тых, хто памёр у зняволенні. Прагучаў супольны заклік да свабодных людзей па ўсім свеце абараняць правы палітвязняў, дамагацца іх вызвалення і падтрымліваць іхныя сем’і.

    З беларускага боку выступіў Уладзь Кобец, кіраўнік аналітычнага цэнтру «iSANS». Ён гаварыў пра палітзняволенага беларускага журналіста, мужа журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, якая сёлета выйшла на волю пасля 5,5 года зняволення, – Ігара Ільяша.

    «Ігару Ільяшу 38 гадоў. Ён журналіст з Беларусі. Калі казаць праўду стала небяспечна, ён працягваў працаваць. Ён заставаўся (у Беларусі. – Рэд.), таму што ягоная жонка, Каця, таксама журналістка, была ў турме за рэпартаж з мірных пратэстаў. Ён пісаў ёй лісты, дасылаў пасылкі і заклікаў да яе вызвалення.

    Потым яны прыйшлі па яго. Яны адправілі яго ў турму на чатыры гады. Каця цяпер вольная дзякуючы высілкам ЗША пад кіраўніцтвам спецыяльнага пасланніка Джона Коўла. Але ейны муж па-ранейшаму застаецца за кратамі. Пацярпела ягонае здароўе. У яго пагаршаецца зрок. Ён правёў 60 дзён адзін у карцары. Тут, каля мемарыялу Лінкальна, калі ласка, памятайце ягонае імя: Ігар Ільяш. Ён застаўся дзеля праўды. Ён застаўся дзеля кахання. Цяпер давайце дапаможам яму вярнуцца дамоў», – казаў Кобец. 

    На цырымоніі прысутнічаў спецпасланнік Доналда Трампа Джон Коўл, пасля візітаў якога ў Менск у 2025–2026 гадах адбыліся некалькі хваляў вызваленняў палітвязняў. 

    «Кааліцыя 30 кастрычніка» аб’ядноўвае арганізацыі, якія працуюць над падвышэннем абазнанасці пра Міжнародны дзень палітычных зняволеных і прасоўваннем свабоды палітвязняў ва ўсім свеце. У яе ўваходзяць фонд «30 кастрычніка», фонд «Свабодная Расея», Free­dom House, Сусветны кангрэс свабоды, Інстытут Маккейна, Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, фонд Lan­tos, Цэнтр правоў чалавека Рауля Валенбэрга, Фонд правоў чалавека і ініцыятыва «Free Them One by One». 

    Пасля затрымання Кацярыны Андрэевай 15 лістапада 2020 года ейны муж увесь час заставаўся ў Беларусі і адмаўляўся выязджаць, пакуль жонка за кратамі. У кастрычніку 2024 года яго самога затрымалі і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361–4 КК).

    Працэс над Ільяшом пачаўся 21 лютага ў Менскім гарадскім судзе, вёў яго суддзя Сяргей Кацар. 5 верасня 2025 года Менскі гарадскі суд прызначыў журналісту 4 гады пазбаўлення волі.

    14 лістапада 2025 года Вярхоўны Суд Беларусі разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Ігару Ільяшу. Судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Ігара Любавіцкага адхіліла скаргу і пакінула ў сіле рашэнне першай судовай інстанцыі.

    5 снежня 2025 года Ігара Ільяша ўнеслі ў пералік «грамадзянаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Кацярына Андрэева выйшла на волю праз памілаванне 19 сакавіка 2026 года пасля чарговага візіту ў Менск спецпасланніка Доналда Трампа Джона Коўла. Журналістку вывезлі ў Літву. Цяпер яна ў Польшчы, дзе атрымала міжнародную абарону.

    Сем’і за кратамі: гісторыя Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.