Рада па медыяэтыцы: год існавання, які пацвердзіў запыт на механізмы самарэгулявання
На пасяджэнні Медыяасамблеі Рада па медыяэтыцы, створаная год таму, зрабіла першую справаздачу. Беларуская асацыяцыя журналістаў расказвае пра вынікі працы Рады і пра тое, як інстытуты самарэгулявання дапамагаюць захоўваць этычныя стандарты ў медыя ў час вымушанага выгнання і многіх іншых абмежаванняў.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
Год таму старшынёй Рады па медыяэтыцы была абраная Надзея Белахвосцік. На мінулым тыдні Рада падала аналіз сваёй працы.
Дзевяць зваротаў за год
- За год было разгледжана дзевяць зваротаў аб меркаваных парушэннях Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў;
- Па выніках разглядаў прынята і апублікавана тры заявы Рады па медыяэтыцы;
- З іх у двух выпадках устаноўлена адсутнасць парушэнняў Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў;
- Па адным з гэтых рашэнняў заяўнік падаў зварот з просьбай аб яго пераглядзе. У пераглядзе было адмоўлена;
- Па выніку разгляду шасці зваротаў рашэнні не прымаліся, бо іх разгляд не ўваходзіў у кампетэнцыю Рады па медыяэтыцы;
- З іх у чатырох выпадках звароты тычыліся рэдакцый, якія не далучыліся да Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў;
- У адным выпадку зварот тычыўся асабістых публікацый журналіста ў сацыяльных сетках;
- У адным выпадку зварот быў адкліканы заяўнікам.
«Палова зваротаў тычылася медыя, якія не падпісалі Кодэкс, таму мы не разглядалі іх. Быў адзін выпадак з прэтэнзіяй да медыя, якое не далучылася да пагаднення, але мы палічылі, што гэты кейс варты таго, каб уся медыясупольнасць звярнула на яго ўвагу, — зазначае ў гутарцы з БАЖ Надзея Белахвосцік. — Гэта тычылася выкарыстання тэрміна «нелегальныя мігранты». Даволі адчувальная тэма, мы сфармулявалі свае рэкамендацыі».
Не карнікі і не наглядчыкі
Вядомыя частыя нараканні ў грамадскай прасторы на занадта адчувальную персанальную інфармацыю, якая публікуецца шэрагам выданняў: «Гэта тычыцца ў асноўным медыя, якія да Пагаднення не далучыліся.
Мы не маем права і, спадзяюся, не будзем мець права ўмешвацца ў працу рэдакцый, у іх унутранаю палітыку, мы — не карны і не надзорны орган.
Мне цяжка тут ацэньваць, як Рада можа паўплываць на такія выпадкі. У нас была справа, якая тычылася ўмяшальніцтва ў асабістае і прыватнае. Мы разглядалі яе вельмі ўважліва і вельмі дакладна. Запрасілі прадстаўніка рэдакцыі да нас на шчырую гутарку, каб даведацца, як рэдакцыя правярала тыя дадзеныя, якія былі апублічаныя. Але, як і ў астатніх кейсах, па якіх мы выносілі рашэнні, Рада нідзе не знайшла парушэнняў этычных і прафесійных стандартаў. Гэта вельмі прыемна для мяне як для старшыні Рады».
Паводле Надзеі Белахвосцік, практычна ўсе звароты тычыліся крытычных матэрыялаў: «Канешне, крытычны матэрыял заўсёды выклікае неадназначную рэакцыю, асабліва ў тых людзей, пра якіх там вядзецца гаворка».
«Таму вельмі важна, каб усё, што медыя даводзіць, каб усе факты ў публікацыі былі спраўджаныя, каб былі прадстаўленыя ўсе бакі, каб быў баланс.
Справы, якія да нас дасылаліся, мы сапраўды разглядалі не з наскоку, а вельмі ўважліва. На некалькіх пасяджэннях у нас былі паміж сябрамі Рады не тое, каб спрэчкі, але дакладна дыскусіі. То-бок не так ужо і аднагалосна ўсё прымалася. У выніку ў рашэннях, якія апублікаваныя на сайце БАЖ, прыведзеныя грунтоўныя тлумачэнні з адсылкамі да канкрэтных артыкулаў Кодэкса», — зазначыла старшыня Рады па медыяэтыцы.
На думку Надзеі Белахвосцік, сёння «сітуацыя з выкананнем этычных стандартаў больш-менш нармальная ў нашых медыя, у тых медыя, якія ўваходзяць у Медыяасамблею».
«Гэта сведчыць пра тое, што рэдакцыі вельмі сумленна паставіліся да выканання Кодэкса, бо падчас яго абмеркавання і прымання была процьма заўваг, змен, прапаноў і г. д. Было бачна, што рэдакцыі ўсведамляюць сур’ёзнасць і важнасць справы. Адпаведна, і выконваюць цягам года палажэнні Кодэкса», — заўважыла Надзея Белахвосцік.
Разнастайнасць экасістэмы
Што да Медыяасамблеі, то, як адзначыла суразмоўніца, цягам года гэтая ініцыятыва даказала вартасць:
«Шмат якія партнёры, у тым ліку і донары, звяртаюць увагу на тое, што ёсць такая супольнасць. Падчас удзелу ў канферэнцыях заўсёды расказваю пра тое, як наша экасістэма збудаваная, што гэта не проста нейкія асобныя медыя, што гэта сапраўдная супольнасць, суб’екты якой падтрымліваюць адзін аднаго.
Існаванне медыясектара залежыць ад таго, наколькі разнастайнай будзе гэтая экасістэма. А яна ў нас вельмі разнастайная — у нас ёсць нацыянальныя і рэгіянальныя медыя, расследавальніцкія цэнтры, інфармацыйнае агенцтва, спецыялізаваныя выданні і г. д.
Хапае разнастайнасці, рэсурсаў хіба не хапае».

Надзея Белахвосцік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Чаму не ўсе далучыліся
«Цяжка пра гэта казаць дакладна, можа быць, ёсць перасцярогі нейкага знешняга ўплыву на сваю працу, ці не хочуць, каб былі хоць нечым звязаныя рукі…
Але ж, як мне здаецца, нашы этычныя стандарты не ставяць нейкія вельмі жорсткія рамкі для медыя. Пры тым працэс ідзе — цягам года да нас далучылася некалькі новых сябраў, зараз падпісантаў Кодэкса ўжо амаль тры дзясяткі», — сказала Надзея Белахвосцік.
Раду чакае ратацыя
«Дзве асобы, якія абіраліся лёсаваннем на адзін год, замяняюцца дзвюма новымі, потым збярэмся на пасяджэнне трохі ў абноўленым складзе. І павінны будзем абраць, спадзяюся, новага старшыню Рады. Ратацыя, мяркую, пойдзе толькі на карысць справы.
У самой Радзе я застаюся яшчэ на два гады, — распавяла Надзея Белахвосцік. — Чакаю з нецярплівасцю абноўлены склад. Першы склад абсалютна фантастычны — гэта тыя калегі, з якімі проста такая асалода працаваць, дасведчаныя прафесіяналы.
Мне было вельмі цікава і карысна паслухаць іх меркаванні, аргументы. Я вельмі ўдзячная ўсім сябрам Рады — пры нагодзе мы збіраліся вельмі хутка на пасяджэнні, а гэта, ведаеце, не так і проста, улічваючы нашу раскіданасць па краінах, уласную занятасць. Кворум у нас заўсёды быў, большасць пасяджэнняў праходзіла ўвогуле ў поўным складзе».
Запыт быў і застаецца
Намеснік старшыні і кіраўнік Прававога цэнтра БАЖ Алег Агееў у экспертным каментары зазначае, што «запыт на стварэнне органаў самарэгулявання незалежнага беларускага медыясектара быў з розных бакоў, як ад саміх медыя, так і ад спажыўцоў інфармацыі».

Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
«Можна сказаць, запыт быў увогуле ад грамадства, бо часта можна было пачуць на самых разнастайных мерапрыемствах пра тое, што ў такім органе ёсць патрэба. Праблема ў тым, што раней у складзе БАЖ дзейнічаў аналагічны орган — Камісія па этыцы. Яна фармальна існуе і на сёння, але фактычна не працуе пасля таго, як БАЖ улады абвесцілі экстрэмісцкім фармаваннем.
Складанасць была ў тым, што пасля 2020 года амаль усе незалежныя беларускія медыя патрапілі ў розныя юрысдыкцыі, адпаведна былі складанасці з разглядам спрэчак, з разглядам прэтэнзій у нейкай дзяржаўнай юрысдыкцыі. Бо і юрыдычная рэгістрацыя, і знаходжанне ў розных краінах стварала праблемы. Хаця кейсы зваротаў у паліцыю краіны месцазнаходжання былі, — распавядае Алег Агееў.
— То-бок быў запыт на тое, каб такія кейсы разглядаць органу, які б меў давер, быў кампетэнтным і мог па справядлівай працэдуры разглядаць спрэчкі. Больш за год ствараўся гэты орган самарэгулявання, некалькі соцень прадстаўнікоў медыя ўзялі ўдзел у абмеркаванні, у стварэнні дакументаў, у разглядзе прапаноў».
Механізм Рады па медыяэтыцы пачаў дзейнічаць у траўні 2025-га: «Цягам года мы ўбачылі, што ён працуе. І працуе па дэмакратычных прынцыпах, крытэры, паводле якіх ён прымае рашэнне, таксама публічна прапісаныя. Гэта дало магчымасць тым, хто меў прэтэнзіі да кантэнту, да матэрыялаў беларускіх медыя, звярнуцца ў гэты орган па кампетэнтны адказ.
Дарэчы, лічбы, прыведзеныя ў гадавой справаздачы, суадносяцца з тымі лічбамі, якія былі ў БАЖ падчас працы Камісіі па этыцы. То-бок Рада па этыцы змагла выконваць тую ж функцыю, якая была запатрабаваная, але не выконвалася з прычыны прызнання БАЖ «экстрэмістамі» беларускім рэжымам».
Алег Агееў мяркуе, што ёсць усе падставы разлічваць на тое, што «Рада па медыяэтыцы працягне сваю працу.
«Нават у мірныя часы шмат у якіх краінах такія органы існуюць, яны запатрабаваныя, а ў іх дзейнасці зацікаўленыя як самі медыя, так і суб’екты па-за медыямі, асобы, установы, якія хочуць, каб іх спрэчкі з медыя разглядаліся».
Квазісудовы орган
Алег Агееў называе Раду па этыцы квазісудовым органам, «бо яна разглядае звароты, ёсць працэдура разгляду, ёсць крытэры, паводле якіх прымаецца рашэнне наконт таго, быў парушаны Кодэкс этыкі ці не быў парушаны».
Такі орган «не можа прымусіць рабіць нешта ці не рабіць, але яго існаванне і яго рэкамендацыі могуць уплываць на сітуацыю».
«Ён працуе ў логіцы органаў, якія сочаць за выкананнем шматбаковых пагадненняў. Кодэкс этыкі — гэта шматбаковае пагадненне, да якога на сёння далучылася 29 суб’ектаў, яны ўзялі на сябе абавязак яго выконваць. Штомесяц СМІ выпускаюць у свет тысячы, калі не дзясяткі тысяч матэрыялаў. Рэдакцыі павінны выконваць Кодэкс у кожным сваім матэрыяле.
Абавязак выконваць рашэнні Рады ёсць у кожнага, хто далучыўся да Кодэкса і прызнаў кампетэнцыю Рады па медыяэтыцы. Таму нельга сказаць, што рашэнні Рады не носяць абавязковы характар, бо абавязальніцтва выконваць яго рашэнні кожны ўзяў на сябе добраахвотна, далучыўшыся да Кодэкса і да Пагаднення», — зазначыў намеснік старшыні БАЖ.
Прыкладная колькасць рэдакцый у незалежным беларускім медыясектары складае шэсць дзясяткаў: «Адпаведна ў нас далучылася амаль палова рэдакцый. Шмат гэта ці недастаткова? Для першага года існавання Рады, мяркую, 50 % — гэта даволі значна, гэта палова нашых СМІ», — дадаў Алег Агееў.
Сябры Рады па медыяэтыцы абіраюцца шляхам лёсавання. Дзеля забеспячэння ратацыі складу Рады частка сябраў абіраецца тэрмінам на 1 год, на 2 гады і на 3 гады. У склад Рады летась увайшлі сем чалавек: Валер Карбалевіч, Зміцер Гурневіч, Ірына Новік, Лола Бурыева, Надзея Белахвосцік, Ганна Соўсь і Зоя Хруцкая.
Рада абіраецца прадстаўнікамі рэдакцый і медыяарганізацый, з якіх ствараецца Медыяасамблея. У сваю чаргу ў Медыяасамблею ўваходзяць медыя, якія падпісалі Пагадненне аб самарэгуляванні.
@bajmedia